Навумчык: Захад мог паспрыяць беларусам, каб Лукашэнка не здолеў прыйсці да ўлады

«Захад забыў, якую паслугу яму аказалі беларусы». Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык жорстка раскрытыкаваў пазіцыю заходніх краін у адносінах да беларусаў, піша «Салідарнасць».

marsz_mira_i_nezaleznasci__32__logo_2_logo.jpg

— Спрацовае формула, якую быццам бы апісаў Чэрчыль (яму шмат чаго прыпісваюць): зробленая паслуга — ужо не паслуга, — заявіў Навумчык каналу Sens. — У 1993 годзе Вярхоўным Саветам Беларусі было прынята рашэнне пра пазбаўленне ад ядзернай зброі — без усялякіх умоваў і ўсялякіх кампенсацый.

Як мэта гэта было абсалютна правільна, а вось як гэта было зроблена… Я лічу, што мы павінны былі запатрабаваць (у заходніх краін. — Рэд.) кампенсацыі, і, я ўпэўнены, мы гэтую кампенсацыю атрымалі б….

Мы шмат спрачаліся са Станіславам Станіслававічам Шушкевічам на гэтую тэму (зямля яму пухам), ён казаў: дык мы ж атрымалі 70 мільёнаў даляраў на дэмантаж ядзернай зброі. Дык для краіны гэта абсалютна нішто!

Я перакананы, што ў 1993 годзе мы маглі атрымаць ад Захаду адзін-два бюджэты Беларусі. І гэта была б абсалютна іншая эканамічная сітуацыя. Лукашэнка ў 1994 годзе прыйшоў да ўлады, спекулюючы на эканамічных цяжкасцях. А ў іншай сітуацыі ў яго не было б шанцаў перамагчы.


Навумчык заявіў: «Паслуга з боку беларусаў (Захадам. — рэд.) забытая». І дадаў:

— Два гады таму, у 2020 годзе, свет спачуваў Беларусі, крыху падтрымліваў — зусім не так, як трэба было падтрымліваць. Сёння, на вялікі жаль, няма гэтага спачування. Я чытаю еўрапейскую, амерыканскую прэсу… Беларусь успрымаецца суагрэсарам, краінай, якая злітая з Расіяй.

Забыты добраахвотны вывад ядзернай зброі, забытыя масавыя пратэсты супраць дыктатуры.

Навумчык адзначыў:

— Ракеты ляцяць сёння з тэрыторыі Беларусі ў бок Украіны, таму што ў Беларусі такі рэжым. А ў Беларусі такі рэжым, у тым ліку, і таму, што ў свой час сусветная супольнасць не паспрыяла беларускаму народу ў імкненні, каб гэты рэжым не існаваў.

Пакрытыкаваў Навумчык і кіраўніцтва Украіны, якое супрацоўнічала з рэжымам Лукашэнкі да пачатку вайны:

— Калі вы палітыкі, вы павінны разумець, што ўзаемаадносіны з суседзямі — элемент абароны вашай тэрыторыі.

Ці можна змяніць стаўленне ўкраінцаў і ўвогуле Захаду да беларусаў? Навумчык лічыць, што можна: калі палітыкі, журналісты, блогеры, творчыя дзеячы, усе тыя, каго называюць лідарамі меркаванняў, будуць гэтаму спрыяць.