Наста Захарэвіч: Андрэя Лемяшонка даўно варта называць не сьвятаром, а ідэолягам позьняга лукашызму

Праваслаўная царква ў Беларусі даўно пераўтварылася ў яшчэ адзін інстытут па падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Сьвятароў, якія выступалі супраць гвалту над пратэстоўцамі, гэтая царква пазбавілася, кар'ерны рост у ёй магчымы толькі дзякуючы актыўнай падтрымцы «лініі партыі». А неадʼемнай часткай гэтай «лініі» заўжды было спэцыфічнае — прыніжальнае — стаўленьне да жанчын, піша Наста Захарэвіч на «Свабодзе»

Андрэй Лемяшонак і Аляксандр Лукашэнка. Фота: president.gov.by

Андрэй Лемяшонак і Аляксандр Лукашэнка. Фота: president.gov.by

— Ва ўсёй царкоўнай герархіі асаблівае месца займае Сьвята-Елізавецінскі жаночы манастыр, які даўно ўжо можна перайменаваць у пункт падтрымкі дыктатуры. Ну, так жа прасьцей — хай усім адразу будзе зразумела, што гэта за месца і за што яно, можна сказаць, змагаецца. Каб не было такой сытуацыі, што чалавек паедзе туды, каб адчуць безумоўную любоў і спакой, а толькі на месцы даведаецца, што трапіў у бізнэс-цэнтар, чыя задача — падтрымліваць расейскіх акупантаў ва Ўкраіне і ўсяляк нахвальваць Лукашэнку.

Глядзіце таксама

І духоўніка гэтага манастыра — Андрэя Лемяшонка — даўно варта называць не сьвятаром, а ідэолягам позьняга лукашызму. Вось і чарговая ілюстрацыя: днямі да яго зьвярнуліся прыхаджанкі з рознымі пытаньнямі, і ягоны адказ ва ўсіх выпадках быў аднолькавы: трэба пацярпець. Кепска ставіцца сьвякроўка? Цярпі. Муж вечна бяз працы? Цярпі. Ня можаш знайсьці мужа? Перастань выбіраць і цярпі таго, хто трапіцца першы пад руку. Зь цябе зьдзекуюцца ў самім манастыры? Дык табе толькі лепей ад гэтага. Цярпі!

Вывучаная бездапаможнасьць і адмаўленьне ад ідэі, што нешта ў жыцьці можна зьмяніць — гэта ж акурат тое, на чым трымаецца ўся лукашэнкаўская ідэалёгія. Калі дыктатар ня можа знайсьці аргумэнты, чаму менавіта яго не павінны замяняць кімсьці іншым, ён факусуецца на ідэі, што для чалавека недапушчальныя ніякія зьмены ўвогуле. Чым табе горш, тым табе лепш, а любыя пакуты — гэта неабходная частка жыцьця, якая яго толькі паляпшае.

Глядзіце таксама

У выпадку зь Лемяшонкам ідэалёгія лукашызму ідэальна спалучаецца з царкоўным традыцыяналізмам, у якім асабліва цярплівымі мусяць быць жанчыны. Мы дык увогуле створаны не для радасьці і шчасьця, а каб падпарадкоўвацца і прыслужваць мужчынам і старэйшым жанчынам. Мусім усё цярпець, у любых зьдзеках знаходзіць нешта станоўчае, а калі не знаходзім, дык зноўку ж цярпець.

Толькі сьвет так больш не працуе. Дужа шмат жанчын цяпер ведаюць, што жыцьцё можа быць куды лепшым за безагаворачнае падпарадкаваньне старым правілам, паводле якіх мы і ня тое каб сапраўдныя людзі. А яшчэ мы ведаем, што мужчыны накшталт Лемяшонка маюць уладу, толькі пакуль яны падабаюцца сваім дыктатарам. Самі ж дыктатары нічога цярпець ня будуць — усе гісторыі пра хрысьціянскую пакору напісаныя не для іх. Як толькі ўмоўны Лемяшонак перастане быць патрэбны, ён адправіцца сьледам за ўласнымі парадамі — цярпець.

А пакуль вельмі хочацца, каб ён нарэшце адчапіўся ад жанчын і не спрабаваў засьмечваць нашыя галовы трызьненьнем пра вечную пакорлівасьць. Часам і праўда лепей прамаўчаць.