Дна няма. Дзеці з нядзельнай школы гродзенскага сабора пішуць лісты акупантам
Удзел Свята-Пакроўскага сабора — гэта ўжо новы ўзровень уцягнутасці структур БПЦ у падтрымку расійскага акупацыйнага войска, піша «Хрысціянская візія».
Ты не муж мне, не брат,
Но родной во сто крат...
Ты — российский солдат!
Згодна з прапагандысцкімі выданнямі, так пачынаецца дзіцячы ліст з нядзельнай школы Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора Гродна. Як сцвярджаецца, лісты разам з гуманітарнай дапамогай ад настаяцельніцы Свята-Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра ігуменні Гаўрыілы прывезла на Данбас «журналістка» Ксенія Лебедзева.
Удзел у падобных акцыях адыёзнай ігуменні ўжо не здзіўляе. Сімпатыі Гаўрыілы да Расіі, «рускага свету» і «СВА» добра вядомыя. Тым больш што Гаўрыіла — настаяцельніца «мітрапаліцкага» манастыра, наўпрост падпарадкаванага цэнтру — асабіста Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі. З прычыны гэтага манастыр не падпарадкуецца мясцовым царкоўным уладам, гэта значыць Гродзенскай дыяцэзіі.
Але ўдзел Свята-Пакроўскага сабора — гэта ўжо новы ўзровень уцягнутасці структур БПЦ у падтрымку расійскага акупацыйнага войска.
Калі дзеці, вернікі праваслаўнага храма, грамадзяне трэцяй краіны, рукамі настаўнікаў нядзельнай школы і іх «духоўных начальнікаў» прама накіроўваюцца на шлях апраўдання захопніцкай вайны і сімпатыі да акупантаў.
На жаль, прыклад Свята-Елісавецінскага манастыра з яго дзіцячымі акцыямі мілітарнага зместу паказвае, што магчыма ўсё. І тым не менш — праваслаўным беларусам, якія захавалі жывое сумленне, кожны раз цяжка даведвацца, што хваробай «рускага міру» і «рускай вайны» ўражаны нават тыя часткі БПЦ, якія яшчэ нядаўна выглядалі здаровымі, прыстойнымі і адэкватнымі.