Нанова паўстае ідэя Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора
Падзеі ва Украіне і вакол Украіны наглядна паказваюць, што у маладых дзяржаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе не было і няма надзейных сяброў і саюзнікаў на Захадзе. Еўрапейскі выбар краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, у тым ліку Украіны, — гэта выбар паміж большым і меншым злом. З гэтага вынікае выснова: еўраінтэграцыя еўраінтэграцыяй, але трэба думаць аб рэгіянальным саюзе былых падрасійскіх і падсавецкіх тэрыторый.
Колькі дзён таму на сайце Украінскага нацыянальнага інфармацыйнага агенцтва навін (УНІАН) можна было прачытаць, што Нідэрланды (разам з Брытаніяй) патрабуюць перагляду палітыкі
Еўрасаюза ў дачыненні да Расіі. А трохі раней можна было з таго самага сайту даведацца: «Трагедыя самалёта Boeing-777 адкрыла вочы Еўропе на тое, што адбываецца ва Украіне».
Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Нідэрландаў Франс Тымерманс у час сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Мне ўспамінаецца, як восенню мінулага года ў Нідэрландах разгарэлася дыскусія: ехаць каралю Вілему Аляксандру і каралеве Максіме ў Расію ці не ехаць? Нагадаю,
што летась у Расіі былі арыштаваныя актывісты Greenpeace, якія на галандскім караблі Arctic Sunrise зладзілі акцыю пратэсту каля нафтаздабываючай платформы «Газпрома», а пазней
невядомыя забраліся ў Маскве ў кватэру нідэрландскага дыпламата Она Элдэрэнбоша, звязалі яго і жорстка збілі.
Нягледзячы на даволі шырокія пратэсты нідэрландскай грамадскасці, караля з каралевай літаральна выштурхнулі ў Маскву. І першы, хто паведаміў аб маючым адбыцца візіце Вілема Аляксандра і Максімы
да Уладзіміра Пуціна, быў міністр замежных спраў Франс Тымерманс: маўляў, мы — краіна малая і не нам заядацца з Расіяй.
Цяпер, калі расійскія найміты расійскай ракетай пазбавалі жыцця гэтулькі грамадзян Нідэрландаў, у прафесійнага дыпламата Франса Тымерманса, які нямала працаваў у еўраструктурах,
«раптам» адкрыліся вочы. І цяпер ён са сваімі калегамі патрабуе перагляду палітыкі ЕС у дачыненні да Расіі.
На пэўны час змоўк і адскочыў у бок (ва ўсякім разе Барак Абама і Дэвід Кемэран з ім не кансультаваліся) яшчэ адзін сацыяліст
— Франсуа Аланд.
Палітыку прэзідэнта Французскай Рэспублікі цяжка назваць рацыянальнай. Так, і ён кіруецца інтарэсамі нацыянальнага капіталу. Але ж Францыя, як-ніяк, уваходзіць у НАТО. І вось краіна
— член НАТО узбройвае Расію, робіць на яе заказ два верталётаносцы. Гэта абсурдна, але такая праўда.
Выяўляецца, што не адна Францыя ўзбройвае Расію. Брытанскія капіталісты таксама не супраць зарабіць мільён-другі на мілітарным бізнесе з Расіяй. Цяпер, пасля трагедыі ў небе над Данбасам,
брытанскі ўрад нібыта збіраецца згарнуць гэтае супрацоўніцтва.
Хто давядзе нямецкаму бізнесу і палітычнаму класу, што ўсе іх спробы наладзіць трывалыя сувязі з Расіяй будуць вітацца расійскімі кіруючымі коламі ў той меры, наколькі гэта адпавядае
геапалітычным інтарэсам Імперыі Зла?
Зрэшты, у знешняй палітыцы сучаснай Германіі відавочная старая пруская традыцыя шукаць кампрамісу з Расіяй «над галовамі» краін і народаў, якія знаходзяцца паміж Берлінам і
Масквою. З’яўленне на мапе Еўропы незалежных Беларусі і Украіны было для нямецкага бізнесу і палітычнага класа надарэчнасцю і непатрэбшчынай, бо навошта капіталу новыя межы і новыя
мытні?
Не, Ангела Меркель не заклікала Украіну да капітуляцыі. Яна — разам з Франсуа Аландам — выступала як міралюбца і міратворца
ды заклікала Украіну спыніць ваенныя дзеянні. Каб Расія (так атрымлівалася) тым часам павялічвала свой кантынгент ва Украіне, узбройвала яго аж да ракетаў «Бук» ды адхоплівала новыя
тэрыторыі.
Некаторыя тлумачылі палітыку Мэркель і Аланда тым, што, яны, маўляў, не ведаюць Расію, не разумеюць сутнасці пуцінскага рэжыму.
Жаданнем дапамагчы Пуціну выйсці з сітуацыі тлумачыцца і тое, што Германія і Францыя — партнёры Польшчы па «Ваймарскім трохкутніку»
— адціснулі ў бок Польшчу, польскую дыпламатыю, якая вяла і вядзе адзначную палітычную лінію ў дачыненні да расійска-ўкраінскага збройнага канфлікту. Кажуць, што «Ваймарскі
трохкутнік» распаўся пасля таго, як былі апублікаваны выказванні польскага міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага, зробленыя ім у прыватным парадку. Але ж і публікацыя
гэтых выказванняў нейк дзіўным чынам супала ў часе з абвастрэннем сітуацыі вакол Украіны і ва Украіне. Не выключана, што тут спрацавала расійская агентура.
Падзеі ва Украіне і вакол Украіны наглядна паказваюць, што ў маладых дзяржаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе не было і няма надзейных сяброў і саюзнікаў на Захадзе. Еўрапейскі выбар краін
Цэнтральна-Усходняй Еўропы, у тым ліку Украіны, — гэта выбар паміж большым і меншым злом. З гэтага вынікае выснова: еўраінтэграцыя еўраінтэграцыяй, але трэба думаць аб рэгіянальным
саюзе былых падрасійскіх і падсавецкіх тэрыторый. У Варшаве, Вільні і Кіеве гэта, думаецца, ужо зразумелі. Нанова паўстае ідэя Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора.
Анатоль Сідарэвіч, arche.by