На чацвер — штармавое папярэджанне

16 красавіка цыклон Udo прынясе ў Беларусь вецер з парывамі да 24 м/с. Пра гэта распавёў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.



pogoda_veter_dozhd_reuters_rtr2e12c.jpg

У чацвер, 16 красавіка, надвор'е будзе вызначаць цыклон Udo, які пройдзе ўздоўж нашых паўночных межаў і прынясе ў Беларусь актыўныя атмасферныя франты са складанымі ўмовамі надвор'я.

У многіх раёнах краіны, паводле прагнозаў сіноптыкаў, чакаецца ўзмацненне ветру з парывамі 17 – 22 м/с, месцамі — да 24 м/с. Вецер будзе суправаджацца ападкамі, у асноўным дажджом. Днём месцамі навальніцы.

Тэмпература ноччу + 2 + 9 °С, днём 8 + 13°С, па поўдні да + 15 °С.

У Мінску вецер паўднёва-заходні — 8 – 13 м/с, з парывамі да 22 м/c. Часам ападкі, у асноўным дождж. Тэмпература ноччу +5 – 7, днём 9 +11°С.

Пра небяспеку такога надвор'я і моцнага ветру папярэджвае таксама МНС.

У ведамстве нагадалі, што пры выхадзе на вуліцу грамадзянам неабходна ўлічваць ўмовы надвор'я і быць як мага больш уважлівымі да сябе і адзін да аднаго. Акрамя таго, у МНС папярэджваюць аб магчымых пашкоджаннях ліній электраперадачы, аварыях на трансфарматарных падстанцыях, абрушэнні слаба ўмацаваных канструкцый будынкаў і збудаванняў, рэкламных шчытоў, падзенні дрэў і т. д.

«У мэтах бяспекі зачыніце вокны ў сябе дома. Машыну пастаўце ў гараж, калі няма гаража, машыну варта паркаваць удалечыні ад дрэў, а таксама слаба умацаваных канструкцый. Знаходзячыся на вуліцы, абыходзьце няўстойлівыя будынкі, дамы з няўстойлівым дахам і рэкламныя шчыты», — параілі ў МНС.

tut.by