На бацькоўскіх падворках

Чым бліжэй да чарнобыльскай зоны, тым менш сустракаецца людзей. Вёскі тут невялікія, раскіданыя адна ад адной далёка. Быццам бы знаёмая, прыветная Беларусь, але адчуванне забытасці і запусцення мяккай хадой крочыць следам: зыркне з вакна закінутай хаты, сіратліва паглядзіць з разбітага сямейнага партрэта. Зямля, ад якой адракліся ўсе, акрамя тых, хто на ёй нарадзіўся і родную хату вызнаў мілейшай за даброты размаітых дзяржаўных праграм.



8b0dc65f996f98fd178a9defd0efa077.jpg

Чым бліжэй да чарнобыльскай зоны, тым менш сустракаецца людзей. Вёскі тут невялікія, раскіданыя адна ад адной далёка. Быццам бы знаёмая, прыветная Беларусь, але адчуванне забытасці і запусцення мяккай хадой крочыць следам: зыркне з вакна закінутай хаты, сіратліва паглядзіць з разбітага сямейнага партрэта. Зямля, ад якой адракліся ўсе, акрамя тых, хто на ёй нарадзіўся і родную хату вызнаў мілейшай за даброты размаітых дзяржаўных праграм.
У шэрагу вёсак Брагінскага і Хойніцкага раёнаў, што былі адселеныя пасля аварыі на ЧАЭС, да гэтага часу жывуць людзі. Назбіраецца іх, упартых, некалькі дзесяткаў, не больш. Нічога асабліва не просяць, на жыццё сваё, далёкае ад прывычных нам дабротаў цывілізацыі, не скардзяцца. Хіба толькі на прамілы бог моляць не чапаць іх, даць магчымасць спакойна дажыць свой век на бацькоўскіх падворках.
Беларусь — краіна цыдулак і інструкцый. Правіла «што напісана пяром...» дзейнічае тут напоўніцу. Вёску Губарэвічы Хойніцкага раёна калісьці даўно пачалі адсяляць, бо знаходзіцца яна на забруджанай тэрыторыі. Але засталося колькі старых, якія вырашылі адсюль нікуды не з’язджаць. Пакінуць бы іх у спакоі, дык не — на паперцы не сышліся статыстычныя звесткі, і цяпер Губарэвічам пагражае прымусовае высяленне. Хаця ў Стрэлічаве — цэнтральнай вясковай сядзібе, якая знаходзіцца за паўтара кіламетры, — тыя ж мясцовыя ўлады спрабуюць наладзіць жыццё. Абрабляюцца палеткі, працуе спіртзавод, маладым будуюць жыллё.
У Губарэвічах дамы і падмуркі, што ад іх засталіся, паціху закопваюць у зямлю. Цяпер тут працуе тэхніка спецыялізаванага прадпрыемства «Палессе». Вартуе яе Надзея Зорына, мясцовая жыхарка, хата якой, фактычна, у чарзе на руйнаванне. «Колькі нам засталося? Два-тры гады — і памром ужо, чаго выганяць?! — апелюе да ўладаў жанчына. — У нас у раёне адны бабы засталіся, а мужыкоў няма... Райвыканкам цісне на сельсавет, а сельсавет на нас — «давайце высяляйцеся». Я не баюся, у мяне кватэра ёсць, усё забяру, вокны заб’ю... Але яны не маюць права хату раскідаць, хай стаіць, можа, мой сын з Чукоткі прыедзе і ферму тут развядзе». Ехаць жыць да дзяцей, па словах, спадарыні Надзеі, няма сэнсу: «Былі дзеці, а ў дзяцей цяпер дзеці — унучаняты. І будзе: «Куды сеў дзед? Куды налёпаў». Каму яно трэба? А мне жалка, я тут радзілася, усё знаю — гэта даваеннае, а гэта пасляваеннае...»
Цяпер у вёсцы засталося восем двароў, некалі было 250. Усе пенсіянеры, некаторыя дагэтуль працуюць. 79-гадовы Міхаіл Рудзянок — па кантракту кіроўцам у КСУП «Стралічава». Гаворыць, што раней скардзіліся на прымусовае высяленне, дык быццам бы і далі ім жыць тут, а з вясны зноў пачалося па-новаму. «Гадоў дваццаць таму нас высялялі, дык цяпер апелююць да таго, што нам выдалі жыллё. Мая жонка з’ехала туды з дзецьмі, памерла там... Куды цяпер ехаць? Няма нам прыюту, куды ехаць, абсалютна».
Марыі Дашук 79 гадоў, 65 з іх адпрацавала ў калгасе. У цяперашнім дамку жыве без прапіскі: раней жыла на ўскрайку вёскі, а пасля перабралася ў пустую хату бліжэй да цэнтра, бо страшна было жыць наводшыбе, ды і злодзеі наведвацца пачалі. За старую хату дзяржава сплаціла жанчыне сем мільёнаў рублёў, але новага жылля за такія грошы не купіш. Дый няма жадання ў кабеты некуды ехаць. Двойчы пісала кіраўніку дзяржавы пра сваю бяду, каб разабраўся. Ліст спусцілі ў Хойніцкі выканкам — і выніку ніякага.
Старыя ў кожным, хто цікавіцца іх жыццём, бачаць магчымага выратавальніка. Расказваюць, просяць... каб улады пакінулі іх у спакоі.
На ровары ў суправаджэнні двух жвавых цуцыкаў едзе дзядзька. Немалады ўжо, на працу вартаваць пілараму ды іншае саўгаснае дабро. Без асаблівай скрухі расказвае пра сваё жыццё, заробак у 240 тысяч рублёў, адмененыя «чарнобыльскія» льготы, з якімі раней «ого, як было лягчэй». І, можа, няпроста яму тут, але іншае жыццё — яно чужое і ўжо наўрад зрасцецца. Відаць, таму ва ўсіх чарнобыльскіх вёсках спяшаюцца распавесці пра перасяленцаў, якія адышлі ў лепшы свет, супрацьпастаўляючы гэтаму цуд сваёй жыццёвай сілы на бруднай, але роднай зямлі.