На полацкім вакзале не павесілі беларускую шыльду, каб «не крыўдзіць замежнікаў»
На полацкім чыгуначным вакзале адмовіліся мяняць шыльду на беларускамоўную — каб усё было зразумела замежным турыстам, піша «Еўрарадыё».
Пра гэта гаворыцца ў адказе кіраўніцтва Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі ў адказ на зварот Зоі Долі. Жанчына апублікавала афіцыйны адказ у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
"Я дасылала зварот у Віцебскае аддзяленне БЧ, каб змянілі шыльду Полацкага чыгуначнага вакзала на беларускамоўную, вось пачытайце, які даслалі адказ, нешта наплялі пра турызм, каб шыльду не мяняць", — пракаментавала яна.
У адказе чыноўнікі традыцыйна спасылаюцца на тое, што дзяржаўнымі ў нашай краіне з'яўляюцца дзве мовы. Пасля гэтага дадаюць: "Безумоўна, беларуская мова з'яўляецца для жыхароў нашай краіны роднай мовай, аднак у сувязі з актыўным развіццём у Рэспубліцы Беларусь турызму і наведваннем краіны і горада Полацка вялікага ліку замежных грамадзян уся інфармацыя на вакзале павінна быць зразумелая і даступная дадзенай катэгорыі грамадзян, незалежна ад ведання беларускай мовы".
Пры гэтым падкрэсліваецца, што аўдыяінфармацыя на вакзале даецца па-беларуску і па-руску, а стэнды і паказальнікі зробленыя па-беларуску з піктаграмамі.
Прапанову Зоі Долі пра беларускамоўную шыльду абяцаюць улічыць "пры правядзенні капітальнага рамонту будынка вакзала альбо ў рамках яго рэканструкцыі ў далейшым".