На незалежнага журналіста ціснуць: у ход пайшлі і падатковыя дэкларацыі

Адміністрацыйную справу ў дачыненні да карэспандэнта БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча узбудзілі 5 траўня, але затым прыпынілі. А 20 чэрвеня журналіст даведаўся, што справу аднавілі.

Фота: http://spring96.org

Фота: http://spring96.org

Яму інкрымінуюць незаконны выраб прадукцыі ў СМІ. (Арт 22.9 ч.2 КаАП).

— Я прыйшоў па позве ў Ленінскі РАУС, дзе маёр Яўген Слаўнікаў азнаёміў мяне з матэрыяламі справы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Мне ставіцца ў віну незаконны выраб прадукцыі СМІ. Сутнасць у тым, што я нібыта вырабляю прадукцыю СМІ з дапамогай размяшчэння сваіх артыкулаў у газеце беларусаў у Польшчы «Ніва».
У дачыненні да Уладзіміра Лапцэвіча было складзена 7 адміністрацыйных пратаколаў за 7 артыкулаў напісаных для беластоцкай газеты «Ніва». Уладзімір Лапцэвіч падпісаў пратаколы, але напісаў, што з пратаколамі ён не згодны паколькі ён з'яўляецца аўтарам артыкулаў, а вырабам прадукцыі СМІ займаецца рэдакцыя сродкаў масавай інфармацыі.
Як адзначае 6tv.by, справу аднавілі пасля атрымання інфармацыі з падатковай інспекцыі Ленінскага раёна №2 пра тое, што Уладзімір Лапцэвіч прадаставіў дэкларацыю аб атрыманых ганарарах ад гэтай газеты. У міліцыі палічылі гэта доказам таго, што ён вырабляе прадукцыю СМІ. Уладзіміру Лапцэвічу паказалі матэрыялы справы, дзе былі раздрукаваныя ў фармаце «pdf» старонкі «Нівы», падатковыя дэкларацыі і іншыя дакументы з падатковай.
Пасля гэтага ўзнікае пытанне — ці варта так сумленна і адкрыта супрацоўнічаць з падатковай інспекцыяй? — адзначыў Уладзімір Лапцэвіч.
Для польскай «Нівы» Лапцэвіч пісаў пра беларускія сайты, якія распавядаюць пра Беларусь.
Калі будзе суд пакуль невядома. Позву журналісту не выдалі.
Паводле belaruspartisan.org