МУС заявіла, што Беларусь залівае кантрафактны алкаголь з Расіі (фота)
З-за гэтага адбываецца зніжэнне рэалізацыі гарэлкі ў нашай краіне. Аднак удалося перакрыць канал нелегальнай пастаўкі і рэалізацыі.
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі заявіла, што ведае прычыну зніжэння рэалізацыі гарэлкі ў нашай краіне. Калі летась зніжэнне склала 10%, дык за першы квартал 2015-га ўжо 26,2%. І пры гэтым беларусы не сталі піць менш гарэлкі. МУС сцвярджае, што прычына ў кантрафактным алкаголі з Расіі, які проста "залівае" Беларусь.
Як паведамляе прэс-служба МУС Беларусі, ценявы рынак алкаголю ацэньваецца ў 200 млн долараў у год. Нядаўна беларускія праваахоўнікі разам з расійскімі калегамі перакрылі канал нелегальнай пастаўкі і рэалізацыі кантрафактнай алкагольнай прадукцыі. Фуры з алкаголем, які вязуць з Расіі і які не маркіраваны акцызнымі маркамі РБ, рэгулярна затрымліваюцца. Удалося высветліць, што гэтымі нелегальнымі пастаўкамі ў Беларусь займаецца жыхар Масквы, ураджэнец Каўказу. Ён валодаў неабмежаванымі аб'ёмамі прадукцыі, захоўваў яе на базе ў Мыцішчах у Маскоўскай вобласці.
Беларускія праваахоўнікі перадалі гэтыя звесткі ў МУС Расіі. У выніку была праведзеная аперацыя, у чатырох складах знайшлі больш за паўмільёна падробленых спіртных напояў. Расійскія эксперты заявілі, што гэтая прадукцыя небяспечная не толькі для здароўя людзей, але і для жыцця.
Фота: mvd.gov.by