Моладзь БНФ ушаноўвае памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Барысаве

Прыборка на месцы массавых расстрэлаў — гэта толькі маленькі крок у кампаніі па ўшанаванні ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Барысаве.

Фота: Моладзь БНФ

Фота: Моладзь БНФ


Моладзь БНФ запрашае 6 траўня а 18:00 на агульнагарадскую талаку на барысаўскіх “Батарэях”. Батарэі – гэта месца, дзе ў 30-я гады былі расстраляныя ўдзельнікі антыкамуністычных паўстанняў, а таксама знаходзіцца месца магчымага пахавання аднаго з лідараў антысавецкага руху Юркі Моніча.

У мінулую суботу актывісты барысаўскай арганізацыі Моладзі БНФ правялі першую талаку, але працы застаецца яшчэ шмат, таму такія мерапрыемствы актывісты плануюць рабіць да канца лета.

“Мінулым разам мы выйшлі толькі сваімі сіламі, каб пачаць прыборку “барысаўскіх Курапатаў”, але хочацца, каб і жыхарам Барысава было неабыякава, і яны далучыліся да нашай талакі. Таму ў гэтую нядзелю мы запрашаем усіх жадаючых, каб разам пачаць прыводзіць гэтыя мясціны ў парадак. Усім неабходным для прыборкі Моладзь БНФ забяспечыць тых, хто прыйдзе на талаку”, — кажа актывіст барысаўскай арганізацыі Моладзі БНФ Кірыл Вішанька.

Але прыборкі — гэта толькі маленькі крок у кампаніі па ўшанаванні ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Барысаве. Разам з прыборкамі Моладзь БНФ запускае збор подпісаў у падтрымку ідэі аб усталяванні памятнага знака на “Батарэях”.

Таксама ўсе, хто прыйдзе на талаку, змогуць паставіць свой подпіс пад петыцыяй, якая просіць мясцовыя ўлады Барысава падтрымаць ідэю па ўсталяванні памятнага знака( крыжа, каменя) на гэтым месцы і дапамагчы з неабходнымі дакументамі. Каб не было адказу, што няма на гэта грошай, і ўлады паставіліся да гэтага больш зацікаўлена, мы прапануем вырабіць такі знак за кошт грамадзян. Калі такі дазвол будзе, то грошы паспрабуем сабраць праз краўндфандынг. Паставіць свой подпіс можна будзе на бліжэйшых талоках ці ўзяць падпісны аркуш у актывістаў і дапамагчы са зборам. Таксама подпісы будзем збіраць на вуліцах горада, і, каб не было эксцэсаў, рабіць гэта будзем не ў форме пікетаў, а ў форме простага збора подпісаў, што не забараняецца заканадаўствам”, — кажа намеснік старшыні Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік

У планах актывістаў зрабіць некалькі тэматычных экскурсій, вырабіць адмысловыя ўлёткі ды сустрэцца з мясцовымі ўладамі наконт ушанавання памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Барысаве.

Паводле прэс-службы Моладзі БНФ