«Мой сябар жырафа ў Беларусі»: 1 верасня дзецей чакаюць падарункі
1 верасня ў кінатэатрах Мінска дзеці атрымаюць падарункі. У гонар пачатку навучальнага года ўсе дашкольнікі і малодшыя школьнікі атрымаюць падарункі ад «Беларускіх уікэндаў». Тэматычныя маляванкі з героямі новага фільма «Мой сябар жырафа ў Беларусі» будуць уручаны юным гледачам на стандартных сеансах фільма ў Мінску.
30 жніўня ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» адбылася беларускамоўная
прэм'ера фільма «Мой сябар жырафа» вытворчасці Нідэрландаў. Агучку і пераклад
стужкі выканала кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы кампаніі velcom.
Фільм «Мой сябар жырафа», зняты паводле твора нідэрландскай казачніцы Ані Шмідт, распавядае гісторыю моцнага сяброўства звычайнага хлопчыка з гаворачым жырафам па імені Раф. На спецыяльным паказе ў Мінску, які прайшоў 30 жніўня ў кінатэатры «Масква», фільм у беларускай агучцы прадставілі амбасадар Каралеўства Нідэрланды ў Рэспубліцы Беларусь Паўл ван Ааствэйн, кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім, кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў. А кожнае дзіця атрымала падарунак ад арганізатараў — тэматычную маляванку з Дзікечэ, Рафам і іншымі героямі фільма «Мой сябар жырафа».
«Мы падыходзім да кожнага фільма індывідуальна, стараемся максімальна дакладна перадаць гледачу яго настрой. «Мой сябар жырафа» — гэта вельмі добрая, павучальная гісторыя пра сяброўства для ўсёй сям'і, лепшы фільм для паказу 1 верасня. У маляванках дзеці змогуць захаваць яскравыя ўспаміны пра фільм, яго знаходлівых герояў, пра бесклапотныя летнія дні. Думаю, пачатак навучальнага года з вясёлай гісторыяй на беларускай мове стане для дзяцей і іх бацькоў адным з самых цёплых сямейных успамінаў. Фільм асабліва спадабаецца тым юным гледачам, якія гэтак жа, як і яго галоўны герой, збіраюцца ў першы клас», — падзяліўся кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.
«Казкі Ані Шмідт добра вядомыя ў Нідэрландах, я таксама чытаю іх сваім дзецям, таму я шчаслівы, што фільм паводле яе кнігі паказваюць у Беларусі, — адзначыў амбасадар Каралеўства Нідэрланды ў Рэспубліцы Беларусь Паўл ван Ааствэйн. — Я лічу, што і ў Беларусі, і ў Нідэрландах дзеці ўспрымуць фільм «Мой сябар жырафа» аднолькава добра: гэта гісторыя пра важнасць сяброўства, тэма, якая зразумелая людзям ва ўсім свеце».
Па ініцыятыве velcom упершыню ў гісторыі праекта «Беларускія ўікэнды» пракат стужкі стартаваў у Віцебску, а пасля працягнуўся ў іншых гарадах. «Шырокі пракат фільма па ўсёй краіне — адна з самых значных падзей ў гісторыі праекта «Беларускія ўікэнды». Мы рады, што ў гледачоў па ўсёй краіне будзе магчымасць паглядзець кіно на беларускай мове», — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.
У Мінску да 5 верасня ўключна фільм будуць паказваць у кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Дом кіно», «Кіеў», «Мір», «Кастрычнік», «Піянер», «Ракета», «Салют», «Цэнтральны», Falcon Club, а таксама ў кінатэтрах сеткі Silver Screen, уключаючы velcom cinema. З 6 па 12 верасня фільм «Мой сябар жырафа» можна будзе пабачыць у кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Кіеў», «Мір» і «Ракета». У кінатэатрах «Дом кіно» і «Піянер» апошнія сеансы стужкі пройдуць 8-9 верасня.
Пасля пракату ў кінатэатрах фільм стане даступны на платформе VOKA — у спецыяльным раздзеле «CINEVOKA — кіно па-беларуску». У ім прадстаўлена 17 культавых стужак сусветнага кінематографа, у тым ліку агучаныя ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» стужкі «Рыбка Поньё», «Маленькі прынц», «Кніга Ілая», «Падынгтан», «Жонка аглядальніка заапарку». Раздзел «CINEVOKA — кіно па-беларуску» даступны для прагляду падпісчыкам пакета «VOKA відэа».
У рамках праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуецца кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі бяруць удзел у перакладзе і агучцы на беларускую мову рознапланавых замежных фільмаў, якія затым дэманструюцца ў шырокім пракаце. Сярод іх — «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Шторм», «Жонка аглядальніка заапарку», «Кніга Ілая», «Таямніца Келза», «Таемнае жыццё Уолтэра Міці», «Рыбка Поньё» і «Падымаецца вецер». Цяпер калекцыю папоўніць і новы фільм з Нідэрландаў «Мой сябар жырафа». Гэта трэцяя па ліку стужка, якую, як і «Маленькі прынц» і «Шторм», пакажуць не толькі ў Мінску, але і ў іншых буйных гарадах краіны.