Метро закрыта ў сувязі з выяўленнем "падазроных прадметаў"
Мінскае метро закрыта ў сувязі з выяўленнем на розных станцыях "падазроных прадметаў", паведамілі БелаПАН у ГУУС Мінгарвыканкама.
Зараз там праводзяцца прафілактычныя работы, станцыі працуюць толькі на выпуск пасажыраў. "Найбліжэйшым часам працаздольнасць метро будзе адноўлена. Гэта не вучэнні", —
сказаў прэс-сакратар ГУУС Аляксандр Ластоўскі.
Інфармацыя аб тым, што ў Мінску не працуюць абедзве лініі метро, стала з`яўляцца прыкладна ў 14.45. На розных станцыях пасажыраў прасілі без панікі пакінуць метро і скарыстацца наземным
транспартам.
Начальнік метрапалітэна Расціслаў Юрэня паведаміў БелаПАН, што "метро закрыта на падставе загаду міліцыі".
Па тэлефоне гарачай лініі, апублікаваным на сайце метрапалітэна, заявілі: "Часова прыпынены рух. Кіраўніцтва разбіраецца ў прычынах. Пацярпіце".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН