Медустановы працягнуць аказваць паслугі нецвярозым пацыентам на бясплатнай аснове

Медыцынскія ўстановы будуць працягваць аказваць на бясплатнай аснове паслугі пацыентам, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап'янення, заявіў старшыня камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Цацоха 21 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску.



mieddapamoha_niecviarozym.jpg

Фота news.tut.by

Як раней паведамлялася, сёння дэпутаты ніжняй палаты парламента прынялі ў другім чытанні папраўкі ў закон "Аб ахове здароўя". Адна з прапаноў па гэтым законапраекце прадугледжвала збіранне платы за аказанне медпаслуг нецвярозым пацыентам. "Гэтая папраўка тычылася  выпадкаў, калі чалавек наносіць сабе ўрон шляхам спажывання алкаголю ці псіхатропных прэпаратаў, наркотыкаў, а затым трапляе ў бальніцу. Такая прапанова была, але ў выніку ад яе вырашылі адмовіцца", — паведаміў Цацоха.
 

Прыняты Палатай прадстаўнікоў законапраект пашырае пералік выпадкаў давання інфармацыі, якая з'яўляецца ўрачэбнай тайнай, без згоды пацыента. Такая інфармацыя можа быць дадзена на падставе пісьмовага запыту страхавым арганізацыям, мясцовым органам ваеннага кіравання для мэтаў медыцынскага агляду грамадзян пры прызыве на воінскую службу, органам дазнання ў сувязі з правядзеннем экспертыз для вырашэння пытання аб распачынанні крымінальнай справы.
 

Дакумент надзяляе ўрача-спецыяліста правам на адмову ад правядзення штучнага перарывання цяжарнасці пры наяўнасці пісьмовага інфармавання кіраўніка арганізацыі аховы здароўя, калі гэтая адмова не пагражае жыццю ці здароўю жанчыны. Пры гэтым на кіраўніка ўстановы аховы здароўя ўскладаецца абавязак арганізацыі правядзення штучнага перарывання цяжарнасці пацыентцы іншым урачом-спецыялістам.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН