Мясніковіч — пераемнік Лукашэнкі?

Падаецца, што ў Беларусі вызначыўся новы «цэнтр сілы». Калі Аляксандр Рыгоравіч раптам раздумае быць прэзідэнтам, пераемнік для яго ўжо знойдзены. Гэта — сённяшні прэм’ер Міхаіл Мясніковіч.  



news6672_73182_8c7aacee3fc01770efaeb60b7d2b6dee.jpg

Раней рахманы і літасцівы прэм’ер быў такім «добрым хлопчыкам» у вышэйшым кіраўніцтве. Але апошнім годам ён відавочна капіруе стыль і манеру паводзінаў кіраўніка дзяржавы. Раней пачуць «разнос» ад Мясніковіча было справай сенсацыйнай, зараз гэта робіцца ледзьве не на кожным кроку. Здаецца, як толькі Лукашэнка некуды знікае, замест яго застаецца «грамавержац» прэм’ер.

Вось і зараз Лукашэнка з’ехаў у Кітай, а Мясніковіч наладзіў чарговы разнос губернатару Віцебскай вобласці Аляксандру Касінцу. Гэта адбылося на выязным пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў Беларусі па пытанні выканання аблвыканкамам прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў бягучым годзе.

«Эканамічная эфектыўнасць — гэта галоўнае. Менавіта на эканамічную эфектыўнасць і заможнасць неабходна звяртаць увагу перш за ўсё», — сказаў Мясніковіч і дадаў, што індыкатарам тут выступаюць фінансавыя вынікі прадпрыемстваў ад рэалізацыі прадукцыі. Па словах прэм'ера, у Віцебскай вобласці адзначаюцца самыя нізкія тэмпы ўводу жылля па краіне, па выніках пяці месяцаў не выкананы дзве траціны асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сістэмнага разгляду патрабуе пытанне сельскай гаспадаркі, фінансавай палітыкі, якая праводзіцца ў Віцебскай вобласці на месцах. Адзначаецца высокая праблемная запазычанасць па крэдытах, выдадзеных банкамі Віцебскай вобласці.

Мясніковіч таксама, як і Лукашэнка, паказаў, наколькі глыбока ён разбіраецца ў справе. Паводле яго слоў, у Беларусі не трэба вырабляць школьную мэблю, мадэрнізаваць птушкафабрыкі або паляпшаць таварны выгляд сельгаспрадукцыі за кошт сродкаў інавацыйных фондаў. «Гэта далёка не тыя праекты, якія з'яўляюцца пятым ці шостым тэхналагічным укладам, як таго патрабуе Лукашэнка», — заявіў Мясніковіч, крытыкуючы кіраўніцтва Віцебскай вобласці за неэфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў рэгіянальнага інавацыйнага фонду.

Усё — выключна ў стылі Аляксандра Рыгоравіча. Моцная рука, веданне ўсяго і ўсіх, і выгляд на тое, што Мясніковіч больш за губернатара ведае, што трэба Віцебскай вобласці. Прынамсі, ведае, што не патрэбная школьная мэбля. Як у анекдоце, калі чыноўнікі ўкладаюць грошы не ў школы, а ў турмы, таму што ў школу яны больш гарантавана не трапяць.

Але несалодка прэм’еру прыйдзецца, калі небяспеку пачуе сам Лукашэнка. Прэм’ер, канешне, можа крытыкаваць, але трэба ж і мяжу ведаць.

Праўда, мяжа можа быць рознай. Прыкладам, хутка на «сацыяльную дзяржаву» будуць працаваць не толькі дзяржаўныя прадпрыемствы, але і прыватныя. Усіх загоняць у «кола роўнасці» і прымусяць быць больш сціплымі. Напрыклад, ужо з 1 верасня дырэктарам прыватных прадпрыемстваў забаронена мець высокую зарплату, а выплата ім дадатковых бонусаў і прэмій увязваецца не з чым-небудзь, а з выкананнем прагнозных паказчыкаў росту. Адпаведны перагляд «сацыяльна справядлівага» налічэння зарплаты зацверджаны пастановай Саўміна № 597 ад 8 ліпеня 2013.

«Каэфіцыент суадносін сярэдняй заработнай платы кіраўніка камерцыйнай арганізацыі незалежна ад формы ўласнасці і сярэдняй заработнай платы па арганізацыі ў цэлым не можа перавышаць 8,0», — гаворыцца ў дакуменце. Пастановай упершыню ў беларускай практыцы ўведзены прагнозны паказчык для прыватных прадпрыемстваў, ад выканання якога залежаць бонусы і прэміі кіраўніка.

Для дырэктараў камерцыйных прадпрыемстваў з доляй дзяржавы каэфіцыент суадносін сярэдняй заработнай платы зніжаецца з 8,0 да 4,0 у выпадку невыканання па выніках паўгоддзя двух і больш паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Так што зараз паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця з’яўляюцца галоўнай падставай для атрымання заробку.

А прагнозы ў нас становяцца больш рэалістычнымі. Праўда, гэта тычыцца пакуль толькі спорту.

Міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко ў інтэрв'ю «Прэсболу» прызнаўся, што чакае ад нацыянальнай зборнай заваёвы толькі пяці медалёў на алімпіядзе ў Сочы. «Трэба імкнуцца да максімальнага выніку. Калі ўсё атрымаецца, то пяць медалёў — гэта аб’ектыўныя чаканні. Трэба разумець, што да атлетаў заўсёды завышаныя патрабаванні, ад іх чакаюць многага. Усім хочацца ўбачыць беларускі сцяг падчас цырымоніі ўзнагароджання, пачуць гімн. У нас павінна выпрацоўвацца псіхалогія пераможцы. Сёння ўсе разумеюць адказнасць за сродкі, якія ўкладае дзяржава ў падрыхтоўку спартсменаў. Іх вынік — прэстыж нашай краіны. А планы бяруцца не з галавы. Абараняючы атэстацыю, трэнеры прагназуюць пэўны вынік. Яны самі ўсталёўваюць планку», — сказаў Аляксандр Шамко.

Але што скажа кіраўнік НАК Аляксандр Лукашэнка? Ці не атрымаецца, што пяць — гэта замала, і хай будзе 25? Гэта мы паглядзім бліжэй да Алімпіяды.

Пакуль што ў нас іншая праблема, і самая істотная — барацьба за ўраджай. І з гэтай задачай ніякая Алімпіяда непараўнальная, на яе можна кінуць усе сродкі. Напрыклад, беларускія ўлады на 50% (да 600 мільярдаў рублёў) павялічылі фінансаванне закупак гаруча-змазачных матэрыялаў для правядзення ўборачных і восеньскіх палявых работ. Калі раней Белаграпрапрамбанк павінен быў даць з 1 чэрвеня да 30 верасня 2013 года крэдыты на суму 400 мільярдаў рублёў, дык зараз ён павінен за кошт уласных рэсурсаў дадаць дзвесце мільярдаў.

А вось ці вернуцца гэтыя грошы банку — вялікая праблема. У Беларусі ў I паўгоддзі 2013 рост сельгасвытворчасці запаволіўся да 1,5% у гадавым выражэнні ў параўнанні з ростам на 5,1% за аналагічны перыяд 2012 года, паведамляе Белстат. Значыць, не тое, што ў сельскай гаспадарцы няма грошай — няма прадукцыі, якую б можна было б прадаць і разлічыцца з пазыкамі.