Мінская мытня затрымала больш за 200 пасылак крамы Symbal.by

Пасылкі крамы Symbal.by, адпраўленыя адрасатам за межы Беларусі, з восені ляжаць на Мінскай рэгіянальнай мытні, паведамляе Еўрарадыё. Дзіўная рэч: адпраўленні па Беларусі і ў Расію праходзяць без праблем, а ў іншыя краіны — ніяк.

symbal.by__1024x684.jpg

Не адпраўляюць усе нашы тавары: і кнігі, і сцягі — увогуле ўсю прадукцыю, якая выкладзеная ў нас на сайце. З кастрычніка 2020 года ўжо больш за дзвесце пасылак ляжыць на мытні, — распавядае Еўрарадыё заснавальнік Symbal.by Павел Белавус. — У снежні мы наогул перасталі адпраўляць пасылкі за мяжу, таму што ні адну з нашых пасылак з Беларусі не выпускаюць. Яны паспяхова праходзяць паштовую адпраўку, праверку, трапляюць на мытню, а мытня іх блакуе, складуе ў нейкім памяшканні і не выпускае.
Мытня тлумачыць тое, што адбываецца, праверкай. Маўляў, у іх ёсць правіла, згодна з якім яны могуць выбарачна праводзіць праверку пасылак "у рамках сістэмы кіравання рызыкамі". І трымаць пасылкі могуць да тых часоў, пакуль па іх не будзе прынята рашэнне.
Нам сказалі: чакайце, вашыя пасылкі на праверцы, — працягвае Белавус. — Нашай кампаніі ўжо шэсць гадоў, і за ўвесь час ніколі праблем з адпраўкай не ўзнікала аж да гэтай восені. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што паступіла каманда, і яны [мытня. - Еўрарадыё] выконваюць гэтую каманду. Ад каго яна паступіла — цяжка сказаць. А што ім рабіць у гэтай сітуацыі? Не выканаеш — будуць для іх наступствы, звальненні ці нешта яшчэ. Таму ўтрымліваюць на мытні і не ведаюць, што з усім гэтым рабіць.
Еўрарадыё спрабуе атрымаць каментар у Мінскай рэгіянальнай мытні, але пакуль гэтыя спробы не мелі поспеху.