Мінск затапляла, затапляе і будзе затапляць
Нават пасля пабудовы ў Менску дажджавых калектараў патопы ў беларускай сталіцы не знікнуць.
Цягам апошніх дзён бальшыня раёнаў Менска не вытрымлівае вялікіх дажджоў і ў літаральным сэнсе сыходзіць пад ваду. Нягледзячы на абяцанні гарадскіх уладаў выправіць сітуацыю, патопы паўтараюцца з году ў год.
На сайце прадпрыемства «Мінскінжпраект» указаныя дакладныя тэрміны, калі дажджавыя калектары, якія павінны былі ўратаваць мінчукоў ад паводак і ліўняў, мусілі быць здадзеныя ў эксплуатацыю: калектар «Цэнтар» з капітальнымі ўкладаннямі 344 тысячы даляраў — 2010–2012 гады, калектар «Няміга» коштам 416 тысяч даляраў — 2011–2013 гады. Між тым, іх будаўніцтва вядзецца дагэтуль, а тым часам затапленні праблемных вуліц працягваюцца.
Галоўны інжынер «Мінскінжпраекту» Уладзімер Котаў у размове са Свабодай прызнае, што адсутнасць патрэбнага фінансавання не дае ўкласціся ў графік:
«Ды не, нічога праясніць не магу па гэтым пытанні, усё залежыць ад фінансавання...»
Карэспандэнт: «Але цяпер падтопліваюцца не толькі цэнтральныя часткі горада, але і ўскраіны...»
«Гэта цалкам нармальная з'ява. Нарматыўнай базай прадугледжанае трохразовае на год перапаўненне любога калектара. Паўтараю — любога. Гэта значыць, абсалютна ўсе тэрыторыі падвержаныя падтапленню. І нічога тут не зробіш: гэта стыхія, прыродная з'ява. То бок, усё залежыць ад інтэнсіўнасці ападкаў».
Карэспандэнт: «То бок, нават калі будуць цалкам уведзеныя калектары „Цэнтар“ і „Няміга“, патопы будуць працягвацца?»
«Так, нічога ад гэтага практычна не зменіцца. Будзе моцны лівень — будзе і вада».
У нядзелю бальшыня цэнтральных частак вуліц і праспектаў Менска былі затопленыя, рух аўтатранспарту быў паралізаваны. На панядзелак сіноптыкі не выключаюць паўтарэння стыхіі.