Міколу Статкевічу выставілі іск больш чым на 3 мільёны рублёў

Палітвязню Міколу Статкевічу з «падзельнікамі» выставілі іск на 3.078 мільёна рублёў. Пра гэта паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Фота з сайта www.racyja.com

Фота з сайта www.racyja.com

Марына Адамовіч атрымала ліст ад Міколы Статкевіча, у якім палітвязень паведаміў: «Учора прынеслі ліст з Генпракуратуры ад 04.05, што яна выставіла мне з "падзельнікамі" іск на 3.078 млн. рублёў, а таксама ліст з Вярхоўнага суда аб перадачы нашай "справы" ў Гомельскі абласны суд».

Мікола Статкевіч адзначыў, што пазбаўленнем вайсковых званняў тых, хто звольніўся з сілавых структур падчас мінулагодніх падзей, беларускія ўлады «ствараюць вельмі небяспечныя прэцэдэнты, якія могуць бумерангам некалі вярнуцца ім самім і іх блізкім».

Мікола Статкевіч таксама адзначыў, што «праз танныя нафту і газ Масква датуе беларускі рэжым. І забяспечвае свой кантроль над ім. Пры сусветных коштах на вуглевадароды большасць прадпрыемстваў нафтагазавай галіны можа згубіць канкурэнтаздольнасць».