Маёнтак у Красках адновяць "як было пры панах"

Расіійскі прадпрымальнік Вадзім Селіхаў набыў маёнтак у Красках з аўкцыёна на пачатку 2010 года за сто тысяч долараў. Сегені збудавалі яго напачатку дваццатага стагоддзя, праўда, пажыць тут як след не здолелі — гісторыя склалася так, што давялося з'ехаць, пакінуць радзіму і пазней сюды не вярнуцца. Найбольшай цікавосткай неагатычнага маёнтка з'яўляецца вежа з зубчатымі парапетамі і сцяжком-флюгерам, якая ўпрыгожвае адзін з кутоў маёнтка.



9c.jpg

За гэты час маёнтак перажыў дзве сусьветныя вайны, польскую і савецкую ўлады, нямецкую акупацыю і ў незалежную Беларусь унікальны помнік на беразе Зяльвянкі патрапіў, як пісалі адмыслоўцы, у жудасным стане. Паводле ўмоваў аўкцыёна, планавалася, што аб’ект павінны аднавіць да 2017 году. Сёння гэтая дата падаецца нерэальнай, паколькі працы па аднаўленні маёнтка яшчэ вельмі і вельмі шмат.

gdb.rferl.org__59514610_9544_4_b0ffb8b57636aabce1358bbc37a4e52e.jpeg

Вадзім Селехаў — новы гаспадар маёнтка ў Красках

Спадар Селіхаў да таго ж вельмі скрупулёзна ставіцца да аднаўлення будынку, запрашае лепшых адмыслоўцаў, кансультуецца. Цікаўлюся ў яго: ці не шкадуе, што выдаткаваў вялікія грошы на набыццё маёнтка, паколькі ўкладаць у яго аднаўленне давядзецца, магчыма, у разы яшчэ болей?

— Ды не, я ведаў, што раблю, і ў Беларусі заўсёды хацеў жыць. Я сюды прыяжджаю ўжо 25 гадоў, у мяне тут сябры. І заўсёды была мара нешта такое тут набыць і аднавіць. Зразумела, што тут вельмі шмат працы, бо маёнтак быў у вельмі жудасным стане. І рэстаўрацыйны праект доўга рыхтуецца. Да ўсяго, гэты будынак будаваў нейкі цікавы архітэктар: вежа вісіць там на дзвюх сценах. Ну а што: вочы баяцца, а рукі робяць.

Валеры Селіхаў тлумачыць, што маёнтак з'яўляецца помнікам архітэктуры дзяржаўнага значэння, а гэта ў сваю чаргу азначае, што працы па рэстаўрацыі будынку павінны весціся пад кіраўніцтвам навуковага кіраўніка, што дадае яшчэ большай адказнасці. Хутка, паводле яго словаў, рэстаўрацыйны праект будзе зацверджаны, прычым, з канкрэтнымі тэрмінамі ягонай здачы.

У гэтым сэнсе якраз мяне цікавіць — ці падчас рэстаўрацыі максімальна захаваецца аўтэнтычнасць маёнтка і іншых забудоў, якія месцяцца побач? Гаспадар адказвае, што гэта ягоная асноўная ідэя:

— Тут вельмі складаная архітэктура, а звестак пра маёнтак практычна не захавалася. Мы рабілі запыты ў архівы Польшчы, Пецярбурга, Масквы — паўсюль, я нават на аўкцыёнах купляў здымкі, але інфармацыі ўсё роўна вельмі мала. Тым не менш я спрабую аднавіць усё, як было, каб людзі змаглі пабачыць ягоную аўтэнтычнасць. Хайтэкаў тут не будзе, усё будзе адноўлена блізка да таго, як было пры панах.

gdb.rferl.org__d161556c_0aa6_4_889772e917769cd72208efdaf8a908f1.jpeg

Так выглядае цяпер маёнтак у Красках, дзе вядуцца рэстаўрацыйныя работы

— Тут вельмі шыкоўны парк, на ягонае аднаўленне высілкаў патрэбна не меней, чым на будынкі?

— Калі я сюды прыйшоў першы раз, парку ўжо не было, паўсюль былі зараснікі, дрэвы загінулі, бо парк нават не прадуваўся. Мы з навуковым кіраўніком зрабілі здымкі, зацвердзілі ў Міністэрстве культуры. Тут знесьлі каля 600 – 700 дрэваў, якія саманасеяліся ў свой час. А дэкаратыўных дрэваў наагул ужо не было, яны былі страчаныя яшчэ за савецкім часам. Тут засталося толькі пяць відаў дрэў, а было — сорак. І таму я маю намер усё гэта таксама аднаўляць. Зараз рыхтуецца праект, і я буду высаджваць саджанцы тых дрэваў, якія тут былі першапачаткова.

Цікаўлюся ў спадара Селіхава, што ён плянуе зрабіць у маёнтку калі яго адновіць?

— Спачатку галоўнае — адрэстаўраваць. Вы паглядзіце, тут не толькі гэты будынак, а мы ўжо адрэстаўравалі флігель, аранжэрэю, лазню, а там яшчэ стаяць канюшні — комплекс вялікі, а жыццё праходзіць хутка. Я не ведаю, калі зараз падумаю зрабіць тут нейкую аграсядзібу, а праз пяць гадоў планы могуць змяніцца і захочацца зрабіць гатэль. Тут будзе нешта для людзей, я не буду тут жыць адзін. Магчыма гэта будзе гатэль для беларускіх і замежных турыстаў. Пакуль такія планы.

Цікаўлюся ў спадара Селіхава, ці мае ён беларускія карані, ці прызвычаіўся да беларускае вёскі, беларускае мовы і тутэйшага ладу жыцця?

— У мяне тут вельмі добрыя сябры, каранёў няма, і я прыяжджаю сюды ўжо каля 30 гадоў, мне тут вельмі падабаецца і клімат і людзі. А людзі асабліва тут вельмі добрыя, гэта як трапляеш у тыя часы, калі хатаў ніхто не зачыняў. Я вельмі добра памятаю тыя часы, а мы жылі на Поўначы, людзі таксама былі добрыя, не было злосці. І вось тут я ўсё гэта пабачыў цяпер. Я тут ўсё пакідаю на двары і тэхніку і дзьверы часта не зачыняю. У мяне людзі працуюць тут 5 гадоў, прычым, самыя розныя і нічога нідзе не згінула.

gdb.rferl.org__9ca9b3d6_2d0f_4_80f4d53b33ac774d47f4f3284c4d785e.jpeg


gdb.rferl.org__0f6fd78d_dd15_4_47f09bd9e4b3439368d8546abba2a0b0.jpeg


gdb.rferl.org__c39352de_b4fb_4_377a0feedd8a5068a2094f6999fb1610.jpeg


gdb.rferl.org__ad224669_a87c_4_c0750191c8eace67e1b8a3dbfec79067.jpeg

Так выглядае цяпер маёнтак у Красках, дзе вядуцца рэстаўрацыйныя работы

"Радыё Свабода"