Маці асуджанага да смяротнага пакарання заявіла пра пагрозы сыну
«Што ён заслужыў, то і атрымаў, але навошта ж здзекавацца так з чалавека і пагражаць».
Маці
асуджанага да смяротнага пакарання «чорнага рыэлтара» заявіла пра пагрозы сыну.
Маці асуджанага да смяротнага пакарання па справе «чорных рыэлтараў» Ігара Гершанкова заявіла пра пагрозы сыну і пра збіванні яго падчас знаходжання пад вартай.
Як паведамлялася, 21 ліпеня Магілёўскай аблсуд вынес прысуд фігурантам справы «чорных рыэлтараў». Сямён Беражны, а таксама муж і жонка Ігар і Таццяна Гершанковы абвінавачваліся ў здзяйсьненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйсьнення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў, паведамялюць naviny.by.
Беражны і Гершанкоў прысуджаныя да смяротнага пакарання, Гершанкова — да 24 гадоў пазбаўлення волі, Калеснікаў — да 22 гадоў і аднаго месяца зняволення.
Ігар Гершанкоў ужо падаў скаргу на прысуд у Вярхоўны суд, паведаміла БелаПАН яго маці Людміла Гершанкова. Яна распавяла, што 28 ліпеня яна хадзіла на першае пасля 2,5 года следства і суда спатканне да сына ў турму. «І ён 28 ліпеня на спатканні нам сказаў, што 27 чысла прыходзіў чалавек, прадставіўся, што з УУС — Прымачок Анатоль Міхайлавіч. І пачаў пагражаць, што калі што-небудзь лішняе будзе распавядаць, то яго бацькам і сваякам будзе вельмі дрэнна. А чаму пагражаў, паняцця не маю», — распавяла маці асуджанага.
Яна таксама паведаміла, што, па словах сына, яго збівалі і прымушалі падпісаць прызнальныя паказанні. «Тое, у чым ён вінаваты, ён сам прызнаўся. А навошта прымушаць прызнавацца ў тым, у чым не вінаваты? Я яго не абараняю, але лічу, што павінна быць справядлівасць», — заявіла Людміла Гершанкова. Паводле яе слоў, у лістах сын «пісаў хітра, што яго не б'юць у турме». «Значыць, б'юць дзесьці ў іншым месцы», — робіць выснову жанчына.
«Што ён заслужыў, то і атрымаў, але навошта ж здзекавацца так з чалавека і пагражаць. Цяпер я баюся за сваё жыццё», — адзначыла Гершанкова. Яна паведаміла, што накіравала заявы пра пагрозы ў розныя інстанцыі, у прыватнасці ў Генеральную пракуратуру, МУС, дэпартамент выканання пакаранняў.
Аператыўна атрымаць каментар у УУС Магілёўскага аблвыканкама адносна сцвярджэнняў маці асуджанага на смерць Ігара Гершанкова пакуль не ўдалося.