Лукашэнка расказаў, што вучыў Домрачаву бегаць, калі тая была маленькая
Аляксандр Лукашэнка распавёў пра сваё знаёмства з біятляністкай Дар’яй Домрачавай. Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.
«Домрачава, калі была маленечкая, пачынала тут. Там яшчэ ёсць фатаздымкі. Я вучыў яе бегаць і казаў: „Ты будзеш вялікай, калі зробіш гэта, гэта, гэта“. Яна зрабіла», — перадае словы Лукашэнкі «Трыбуна» са спасылкай на праграму «24 гадзіны» на тэлеканале СТВ.
Дарʼя Домрачава — чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка. У чэрвені 2018 году яна абвясціла пра завяршэнне прафесійнай карʼеры.
Усяго на трох апошніх зімовых Алімпіядах Дар’я Домрачава заваявала чатыры залатыя медалі, па адным срэбраным і бронзавым. Была неаднаразовай пераможцай і прызёркай чэмпіянатаў свету, Еўропы і ўнівэрсіядаў, яна ўладальніца Кубку свету і пяці малых Крышталёвых глобусаў. Адзіная сярод беларускіх спартоўцаў і адзіная жанчына, узнагароджаная званнем Героя Беларусі. Мае таксама ордэны Айчыны ІІІ ступені і «За асабістую мужнасць».
Дарʼя Домрачава нарадзілася ў Менску, але пачала займацца біятлонам у Расіі, куды пераязжалі яе бацькі. У Беларусь яна вярнулася ва ўзросце 17 гадоў.