Лукашэнка можа быць расчараваны «вернасцю» сілавікоў, лічыць падпалкоўнік Гушча

Падпалкоўнік Юры Гушча, які ў свой час працаваў у цэнтральным апараце МУС, аналізуе для Радыё Свабода прычыны брутальнасці дзеянняў сілавікоў 9–12 жніўня.

Фота tut.by

Фота tut.by

— Юры, вы апошнія тыдні перад выбарамі шмат пісалі ў сацыяльных сетках пра стан сілавых структураў у Беларусі, і гэтыя вашыя допісы былі вельмі папулярныя. Раскажыце трошкі пра сябе: кім вы цяпер працуеце, кім працавалі раней у сілавых структурах, чаму сышлі адтуль.

4df8ba2a_5488_4d4d_be01_064be7bee669_w250_r0_s.jpg



— Я і цяпер актыўна пра гэта пішу, бо лічу ўсё звязанае з сілавымі структурамі надзвычай актуальнай і вострай тэмай, асабліва апошнім часам.

Сам я дваццаць гадоў аддаў сістэме МУС, прычым пачынаў служыць у самых «нізах», як кажуць, у «акопах» — гэта Цэнтральны раён Гомля, у той момант, калі там дзейнічала так званая «банда Марозава». Прайшоў усе ступені службовай лесвіцы, скончыўшы службу падпалкоўнікам у цэнтральным апараце МУС Рэспублікі Беларусь. Маёй спецыялізацыяй было выяўленне і раскрыццё эканамічных і карупцыйных злачынстваў у стратэгічных галінах эканомікі, у тым ліку ў фінансавай сістэме.

Сышоў я ў лістападзе 2013 году на ўласнае жаданне. Здарылася гэта таму, што пасля заканчэння ад’юнктуры Акадэміі МУС у верасні 2013 году я зразумеў, што вычарпаў сябе ў якасці супрацоўніка органаў унутраных справаў і мае жыццёвыя прынцыпы сталі вельмі слаба спалучацца з тым становішчам у міліцыі, якое сфармавалася на працягу трох апошніх гадоў, пакуль я быў у ад’юнктуры і пісаў кандыдацкую дысертацыю. Асабліва цяжкае ўражанне на мяне зрабілі падзеі 19–20 снежня 2010 і красавіка-чэрвеня 2011 гадоў, пасля якіх я ўвогуле для сябе ўжо ўсё вырашыў.

Пасля заканчэння службы я даволі добра адаптаваўся да цывільнага жыцця, працаваў кіраўніком прадстаўніцтва буйной расейскай карпарацыі ў Маскве, ачольваў службу эканамічнай бяспекі банку, і цяпер ужо працяглы час працую як праўны, інвэстыцыйны і падатковы кансультант у шэрагу прыватных кампаніяў, якія да апошняга моманту (маю на ўвазе эпідэмію COVID-19) паспяхова дзейнічалі на беларускім і замежных рынках.

— Ведаючы сітуацыю знутры, ці чакалі вы такога ўзроўню зверстваў і жорсткасці, які паказалі супрацоўнікі сілавых органаў падчас падзеяў 9–12 жніўня? Чым вы можаце гэта патлумачыць?

— Шчыра прызнаюся: такога я наўрад ці чакаў. Больш за тое, удзень 9 жніўня, знаходзячыся ў аб’яднаным штабе, я ў размове з «Белсатам» спрабаваў заспакоіць людзей і аргументамі пераканаць, што дзеянні «сілавікоў» могуць быць агрэсіўнымі і з ціскам, але ж да шырокамаштабнага ўжывання зброі і спецсродкаў супраць мірных дэманстрантаў, а таксама да жорсткага іх катавання і ахвяраў — ня дойдзе. Але ж я памыліўся. Я вельмі пераацаніў кіраўніцтва МУС і «перачалавечыў» некаторых яго прадстаўнікоў. На мой вялікі жаль.

Тое, што зрабілі сілы АМАП і асобныя злучэнні ўнутраных войскаў 9–12 жніўня, — гэта, безумоўна, на мой погляд як юрыста, — злачынства без усякіх кампрамісаў. Пераважна ў выглядзе шматлікіх фактаў перавышэння службовых паўнамоцтваў, якія суправаджаліся гвалтам, катаваннямі і неабгрунтаваным ужываннем агнястрэльнай зброі і спецыяльных сродкаў, што прадугледжана часткай 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэксу, з’яўляецца цяжкім злачынствам і караецца пазбаўленнем волі ад трох да дзесяці гадоў. Другая частка пытання: чаму так адбылося і чым усё гэта я магу патлумачыць?

Па-першае. Сам факт таго, што сілавікі на вуліцах Менску будуць паводзіць сабе жорстка — нас ужо аднойчы аб гэтым нехта папярэджваў, маўляў «соберем в одном месте и разберемся со всеми сразу». Як могуць «разобраться» — мы памятаем з былых часоў, у тым ліку з снежня 2010 году.

Але ж мы лічылі, што гэтыя дзеянні будуць мець адмысловыя межы і мець толькі мэту перашкодзіць спробам людзей сабрацца на плошчы ці на вуліцах выключна сталіцы.

Аднак тое, што адбудзецца, — жахліва празмернае, непрапарцыйнае і неадэкватнае абстаноўцы ўжыванне зброі і спецсродкаў у маштабе ўсёй краіны, і тое, што гэтыя дзеянні будуць дакладна спланаваныя, з халодным сэрцам распрацаваныя з адзінай дакладнай мэтай запалохаць грамадзтва, дэмаралізаваць і пазбавіць яго волі да процідзеяння ўладам, узбудзіць страх — гэта было цяжка сабе ўявіць.

На думку ініцыятараў, наступальныя і дэманстрацыйна жорсткія дзеянні сілавікоў мусілі надоўга адбіць у людзей жаданне мітынгаваць увогуле, «высоўваць нос» на вуліцу.

У выніку атрымалася ўсё цалкам наадварот.

Жахлівыя дзеянні міліцыянтаў выклікалі ў людзей адваротную рэакцыю, абудзілі гнеў і цяпер выводзяць на вуліцу сотні тысяч беларускіх грамадзян, якія да 9 жніўня нават і ня думалі аб гэтым.

І мы зноў вяртаемся да пытання: чаму так адбылося? Адказ адзіны: ініцыятары і вялікія міліцэйскія начальнікі, імкнучыся дасягнуць мэтаў, аб якіх мы казалі раней, дапусцілі дзьве велізарныя стратэгічныя памылкі. Гэтыя памылкі будуць мець, у тым ліку асабіста для іх, вельмі цяжкія наступствы ў будучыні, перш за ўсё — праўныя. За іх ужо вельмі хутка дорага прыйдзецца заплаціць, прыкметы гэтага праяўляюць сябе ўжо цяпер.

Што гэта за памылкі?

Першая: ініцыятары разгону пратэстаў моцна памыліліся ў колькасці пратэстоўцаў, да якіх можна будзе ўжыць самы жорсткі і бязлітасны варыянт дзеянняў сілавікоў, а таксама — у працягласці падзеяў. Прагназавалі, што агульная колькасць «адшчапенцаў» і «майданутых» складзе сама больш 500–1000 чалавек, якія паспрабуюць, карыстаючыся слэнгам сілавікоў, «дестабилизировать обстановку» цягам двух дзён, 9 і 10 жніўня. Менавіта пад такі сцэнар і разлічвалі сілы, сродкі і выпрацоўвалі тактыку дзеянняў. Паводле іхных папярэдніх разлікаў, ужо 11 жніўня ўсё мусіла сціхнуць і абстаноўка ў Менску ператварыцца ў «магільны спакой».

Але ж тая колькасць людзей, іх апантанасць у адстойванні сваіх правоў, з якою прыйшлося сустрэцца АМАПу і «спецам 3214», абвергла ўсе ўяўленні апошніх аб сітуацыі і моцна шакавала іх саміх. Ні міліцыя, ні АМАП, ні войскі не былі падрыхтаваныя да таго, што толькі ў першыя дні давядзецца затрымаць 5000 чалавек і што пратэсты ў іх гарачай стадыі ня скончацца ня толькі 10-га, але ж ані 11-га, ані ў наступныя дні.

Уявіце сабе: вы — вялікі міліцэйскі начальнік АМАПу, які разлічвае, што менавіта 9 жніўня ўдасца цалкам з усімі «разабрацца». Такі загад вы атрымалі «з вярхоў» пад сваю персанальную адказнасць строгага выканання.

Аднак вам гэта не ўдалося ня толькі 9-га, але ж і на наступны дзень. Больш за тое, 10 жніўня, нягледзячы на поўную мабілізацыю і «бразганне зброяй» каля стэлы «Менск — горад-герой», сітуацыя стала абвастрацца, пачалі праглядацца прыкметы жорсткага супраціву з боку пратэстоўцаў — а ваш АМАП ужо выбіваецца з сілаў, рэзэрваў няма, падмяніць выбылых і стомленых байцоў няма кім, а затрыманых проста ўжо няма куды «пакаваць»: усе ізалятары перапоўненыя.

А тут яшчэ з «вярхоў» на вас ціснуць, каб хутчэй усё «заканчвалі і зачышчалі тэрыторыю».

Што ў такой сітуацыі вы будзеце рабіць з улікам таго, што вы заўсёды былі аматарам «простых рашэнняў»?! Правільна: вы аддаяце падначаленым каманду: «Действовать максимально жестко. На устрашение. Всех „мочить“. Полная зачистка».

Вось у гэтым і была другая велізарная, фатальная для ініцыятараў і выканаўцаў у асобах кіраўніцтва МУС, стратэгічная памылка. Спушчаныя «з ланцуга» і атрымаўшы «карт-бланш», сілавікі пачалі бязлітасна і жорстка крышыць усё, што траплялася на іх шляху. У імкненні навесці жах і адпомсціць за спробы супраціву яны пайшлі ў «спальныя» раёны... Пачалі лютаваць у месцах затрымання людзей у РУУСах і на Акрэсціна. Невядомыя супрацоўнікі сілавых спецпадраздзяленняў пераапрануліся ў форму ДПС ДАІ і пачалі паказальныя экзэкуцыі з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі супраць аўтамабілістаў і матацыклістаў. Для сілавых акцыяў сталі браць машыны «хуткай дапамогі». Людзей пачалі проста катаваць.

Вынікі мы ведаем і скаланаемся да сённяшняга дня.

Па-другое, яшчэ адной непрыемнай нечаканасцю для міліцэйскага высокага начальства было тое, што адначасова з Менскам падняліся ўсе абласныя цэнтры, а таксама буйныя і дробныя гарады, у якіх, дарэчы, супрацьстаянне стала найбольш жорсткім. А начальства тым часам разлічвала, што толькі Менскам усё і абмяжуецца, таму загадзя мэтанакіравана сцягнула ў сталіцу дадатковыя рэзэрвы з рэгіёнаў, дзеючы паводле «метадычак» 2010 году, аслабіўшы пазіцыі на месцах. Таму, сутыкнуўшыся з мітынговай актыўнасцю насельніцтва ў рэгіёнах, якая не саступала вастрынёю сталічнай, а ў нейкім сэнсе нават перасягала яе (Берасце, Пінск, Жабінка), цэнтравыя і мясцовыя міліцэйскія босы вельмі разгубіліся і напалохаліся.

Асэнсоўваючы, што сілаў на месцах можа бракаваць (а іх насамрэч па ўсёй краіне ня так і шмат увогуле, і я аб гэтым неаднаразова пісаў у сваіх артыкулах), яны і ў рэгіёнах з перапуду аддалі каманду: «Всех „мочить по-жёсткому“».

І вось тут даў вынік кумулятыўны эфект.

На простых людзей гэта зрабіла самае страшнае ўражанне і шок, і ў наступныя суботу і нядзелю яны ня тое што не супакоіліся, але ж у адным толькі Менску сабраліся больш за 200 тысяч абураных і разгневаных грамадзян, якія крычалі: «Не забудзем, не даруем!» і «Трыбунал!».

Наступным тыднем колькасць людзей яшчэ павялічылася і дасягнула, па розных ацэнках, амаль аднаго мільёна ўва ўсёй краіне. Народ адышоў ад шоку, угнявіўся, і цяпер сітуацыя для ўладаў выйшла з-пад кантролю на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Скажу больш: я ўскладаю адказнасць за прынесеныя ахвяры, за збітых і знявечаных людзей і за тыя жудасці, што адбыліся, менавіта на дзяржаўныя органы, якія былі абавязаныя забяспечыць грамадзкі парадак і грамадзкую бяспеку. Менавіта праз мэтанакіраваныя дэструкцыйныя, а часам правакацыйныя дзеянні асобных іх прадстаўнікоў і адбыліся тыя жахлівыя падзеі, якія мы цяпер абмяркоўваем. Бо як растлумачыць, што ва ўмовах поўнай адсутнасці «сілаў правапарадку» ў месцах масавага збору грамадзян 16 і 23 жніўня, калі, паводле розных ацэнак, у адзін момант збіраліся ад 150 да 300 тысяч чалавек, не адбылося ніводнага інцыдэнту і не было прычынена нікому аніякай шкоды?

— Я, так атрымалася, таксама быў на Акрэсціна — і там, і пасля вызвалення шмат думаў аб прычынах такіх паводзінаў сілавікоў. Думаю, тут важную ролю адыгрывае, па-першае, калектыўная адказнасць і «салідарнасць», па-другое, ідэалогія бітвы, вайны, падзелу на сваіх і чужых. А ў такім выпадку супраць «чужых» усе сродкі дапушчальныя... Якое ваша тлумачэнне?

— Тое, што адбылося на вуліцах нашых гарадоў 9–12 жніўня, — наглядная дэманстрацыя таго, што створана рэжымам Лукашэнкі за апошнія 26 гадоў знаходжання ва ўладзе, што ён узрасціў і на што ўвесь час абапіраўся. Гэта не нарадзілася за апошнія некалькі гадоў — яно выспявала як фурункул цягам доўгага часу, і гэтая скула адпаведным часам ускрылася мінулымі тыднямі, паказаўшы ўсім сваё жахлівае змесціва. Карані гэтага ідуць з агульнай накіраванасці рэжыму, які абапіраецца на сілавы блок і арыентаваны вырашаць складаныя пытанні грамадзка-палітычнага жыцця дзяржавы выключна метадамі ціску і гвалту.

У параўнанні з пачаткам 1994 году колькасць наяўных сілаў АМАП узрасла ў 4 разы — з 350 чалавек да амаль што 1500. Колькасць унутраных войскаў — у 5 разоў. Так, напрыклад, 1-я асобная брыгада аператыўнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС, больш вядомая як вайсковая частка 3214, у 1993–1994 гадах колькасна ўяўляла сабой усяго адзін спецбатальён з размяшчэннем у старым вайсковым гарадку Белпалку на вуліцы Грушаўскай.

Асобна трэба згадаць спецыфіку кадравай палітыкі і «тэхналогіі» кадравага камплектавання і выхавання ў тым жа АМАПе.

АМАП яшчэ ў савецкія часы быў задуманы і выкарыстоўваўся як эфэктыўны інструмент для вырашэння спецыфічных задач — барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і асабліва небяспечнымі крымінальнымі групоўкамі і бандамі, сілавога захопу асабліва небяспечных злачынцаў, ліквідацыі бунтаў у калоніях і турмах. АМАП звычайна накіраваны дзейнічаць жорстка і брутальна. Па-іншаму ён ня можа, гэта супярэчыць яго сутнасці.

Таму і сістэма баявой, спецыяльнай і маральна-псіхалагічнай падрыхтоўкі — адпаведная, заснаваная на жорсткасці, грубай сіле пры давядзенні дзеянняў байца да суровага аўтаматызму ў яе ўжыванні. Баец АМАПу павінен думаць толькі ў рамках даведзенага яму загаду і ніяк інакш. Пры гэтым загад павінен быць просты, прымітыўны: падысці, схапіць, заблакаваць, захапіць, раззброіць і абясшкодзіць. Так байцоў і рыхтуюць. Баец АМАПу апрыёры пазбаўлены сантыментаў. Для яго «вораг» і «чужы» — той, на каго пакажуць яго камандзіры.

Таму выкарыстоўваць АМАП ва ўмовах сутыкнення з простымі грамадзянамі ва ўмовах масавых мерапрыемстваў ці мірных пратэставых акцыяў — цалкам няправільна, а ў нашай сітуацыі стала злачынным. АМАП проста не прызначаны для такіх мэтаў, а метады яго звычайнай «паўсядзённай» работы, абсалютна натуральныя для яго спецыфікі, здольныя шакаваць і надоўга маральна і фізічна траўмаваць кожнага звычайнага грамадзяніна.

— Калі я стаяў на каленях галавой уніз на Акрэсціна, то слухаў усе тыя размовы, якія сілавікі заводзілі з затрыманымі. Амаль у кожнай першай размове гучала пытанне: «Колькі вам заплацілі за тое, што вы выйшлі на вуліцу?» Я думаў, такое засталося недзе ў мінулым, але гэта існуе надалей. Як прамываюць мазгі супрацоўнікам гэтых структураў? Ці яны проста хочуць у гэта верыць, каб апраўдваць свае дзеянні?

— Тут таксама няма нічога складанага, адказ на гэтае пытанне вынікае з папярэдняга.

Тыя «пытанні», якія байцы АМАП задавалі затрыманым мірным людзям, проста заклалі ў галовы байцоў іх камандзіры. Тут няма ніякай канспіралогіі — маўляў, мазгі былі старанна загадзя «прамытыя». Паверце, там ня трэба нічога «прамываць»: байцу проста дастаткова паставіць задачу і давесці «ўводную» аб умовах яе выканання.

Байцы АМАП вядуць сябе менавіта так, як ім загадалі, як іх праінструктавалі і арыентавалі. Я ўжо казаў: байца АМАПу ня вучаць думаць, аналізаваць, супастаўляць і разбірацца. Яму проста ставяць задачу, аддаюць загад — а ягоная справа загад дакладна выконваць. У гэтым беларускі АМАП нічым не адрозніваецца ад сваіх амерыканскіх ці эўрапейскіх аналагаў.

З іншага боку, калі казаць справядліва і шчыра (а гэта важна!), калі, напрыклад, заўтра АМАПу будзе пастаўлена задача сапраўды ваяваць за народ і Беларусь з сапраўдным (а ня ўяўным) ворагам — яны выканаюць сваю задачу, не шкадуючы сваіх жыццяў. Гэта суровая, але ж праўда.

Баец АМАПу, як і ў цэлым увесь АМАП, — гэта сілавы інструмент, які 9–14 жніўня апынуўся ў не зусім чыстых руках і быў спушчаны на мірных людзей з выразна бруднымі мэтамі. Таму адказнасць за тыя жудасці, што нарабіў АМАП, павінны несці найперш тыя, хто аддаў яму каманду «фас» на народ і ўвёў у зман наконт мэтаў і аб’ектаў спецаперацыі супраць яго.

Але ж гэта не скасоўвае персанальнай адказнасці канкрэтных байцоў АМАП і падраздзялення ў цэлым за тое, што адбылося 9–12 жніўня. І гэта важна ўсведамляць.

Што датычыць сапраўднай матывацыі супрацоўнікаў слепа выконваць загады кіраўніцтва — гэта асобная складаная актуальная тэма, якая заслугоўвае сур’ёзнай гутаркі.

— Ці можна сказаць, што пэўныя сілавыя структуры прынялі філасофію нейкай арганізацыі, якой усё дазволена дзеля «вялікай мэты» (абароны існай улады) і якая фактычна стаіць па-над законам?

— Так, дакладна можна. Гэта мы зараз і назіраем.

Але ж праўная, грамадзкая і гістарычная адказнасць за гэта будзе немінучай у будучай свабоднай Беларусі. Тут дастаткова згадаць вялікі гістарычны досвед суседніх з намі народаў, якія знаходзіліся прыкладна ў тых самых умовах, як цяпер мы, і прайшлі праз тыя ж праблемы. Наконт гэтага раю вывучыць досвед польскага спецпадраздзялення ZOMO (поўны аналаг АМАПу), таксама румынскай Securitate, ці нямецкай Stasi. Будзе цікава пераканацца, як шмат у нас агульнага.

— Калі кажуць, што там ёсць «добрыя» і ёсць «кепскія», то ў мяне ўзнікае пытанне, што мусіў зрабіць «добры» супрацоўнік праваахоўных структураў у такой сітуацыі. А ён мусіў, паводле ўсіх законаў, зрабіць усе захады, каб спыніць правапарушэнне, якое творыцца на ягоных вачах (збіццё затрыманых). Ці — калі ня можа спыніць, то потым напісаць рапарт, што ён бачыў парушэнне закону і правоў грамадзян. Ці ня так?

— Няма паняцця «добры» ці «кепскі» супрацоўнік.

Існуе паняцце «законныя» ці «незаконныя» дзеянні супрацоўніка, а таксама «прафесійныя» яны ці «непрафесійныя». Гэта — асноўныя крытэры, вельмі простыя і зразумелыя.

Ува ўсіх выпадках кожны супрацоўнік павінен дзейнічаць згодна з заканадаўствам (не выключэнне і падзеі 9–12 жніўня). Гэта, па-першае, артыкулы 22–25, якія рэгламентуюць правы і абавязкі супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, а таксама артыкулы 26–30 Закону «Аб органах унутраных спраў», якія строга акрэсліваюць умовы і межы ўжывання імі фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі. А па-другое, я ўжо не кажу пра нормы Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія дакладна і ясна апісваюць паўнамоцтвы і межы дзеянняў супрацоўнікаў у адносінах да грамадзян у адміністрацыйным працэсе з іх удзелам, у тым ліку затрымання, асабістага надгляду (таксама агляду зместу іхных тэлефонаў), дастаўлення і знаходжання ў РУУС.

На жаль, абсалютна ўсе гэтыя нормы і праўныя прадпісанні былі груба і цынічна парушаныя — у тым ліку тымі, хто павінен забяспечваць іх строгае выкананне.

Аналагічна кожны супрацоўнік, які паважае сябе і гонар свайго мундзіра, быў абавязаны наяўнымі ў яго распараджэнні сродкамі спыніць незаконныя гвалтоўныя (а пагатоў злачынныя) дзеянні сваіх калег у адносінах да затрыманых. Аднак у СМІ адзначалі выпадкі, калі асобныя супрацоўнікі менскіх РУУС самі шалелі ў прысутнасці байцоў АМАПу і катавалі затрыманых. Калі такія факты пацьвердзяцца, я ўпэўнены, што гэтыя службовыя асобы павінны панесці самае строгае пакаранне.

— Словы АМАПаўцаў Лукашэнку «Мы з вамі да канца!» (прынамсі аднаго з іх, магчыма, камандзіра) — як іх варта ацаніць? Па-першае, паказальна, што яны загаварылі пра «канец». Па-другое, ці стануць гэтыя ды іншыя структуры, па-вашаму, сапраўды абараняць аднаго чалавека да апошняга, ці, калі адбудуцца палітычныя перамены, яны іх спакойна ўспрымуць і пачнуць працаваць на новую ўладу?

— Магу вельмі расчараваць Лукашэнку. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі тыя, хто кляўся ў вернасці, — першымі і здраджвалі. Што тычыцца становішча, у якім апынуўся гэты грамадзянін, то я б вельмі асцярожна ставіўся да падобных абяцанак. Калі супраць цябе ўжо выступіў Бог рукамі і сіламі народу — наўрад ці можна ўскладаць надзею на нейкую купку ўзброеных людзей, адданых табе настолькі, наколькі ты ў стане іх карміць, і толькі таму, што яны «атрымліваюць ежу» з тваіх, як ты лічыш, рук.

Умоўна, заўтра іх можа «пакарміць» хтосьці іншы. www.svaboda.org