«Я памятаю твары ўсіх катаў на Акрэсціна»
У рэдакцыю «Новага Часу» трапіў расповед дзяўчыны-назіральніцы. Марыя пазбегла затрымання на сваім участку, але пасля «хапуна» ўвечары 9 жніўня ў цэнтры Мінска апынулася на Акрэсціна.
(Публікуем гісторыю Марыі цалкам з невялікімі рэдактарскімі праўкамі)
«Я была назіральніцай на 27 участку на Каменнай горцы ў школе №56. У дзень выбараў, 9 жніўня, а 18-й гадзіне прыйшло паведамленне ад каардынатараў, што за намі магчыма зараз прыедзе АМАП — ім трэба зачысціць сведкаў. Праз 15-20 хвілін прыехаў белы бусік на чырвоных нумарах. З яго ніхто не выйшаў. Але мы зразумелі, што гэта ўжо небяспечна. Не было магчымасці звязацца з суседнімі ўчасткамі, вы ведаеце, што было з інтэрнэтам. Таму мы пайшлі са школы. Выпадкова каля крамы ў 100 метрах пабачылі грузавы бус, а побач з ім 4-5 байцоў у чорным адзенні і берцах. Так мы зразумелі, што пратакол чакаць не будзем.
А 20-й я пайшла на свой участак на Пушкінскай, дзе галасавала. Нас сабралася чалавек 60-70. Каля нас стаяў таварыш маёр і бясконца камусьці тэлефанаваў. Чакаў, мабыць, на аўтазак, але яны ж усе былі занятыя. Мы-такі дачакаліся пратакола праз паўтары гадзіны. Наша старшыня камісіі спужалася такой колькасці людзей. Збягалі яны праз чорны выхад. Але мы там іх усё роўна сустрэлі і падзякавалі за «плённую працу» апладысментамі.
Пасля гэтага наш натоўп рушыў у бок Фрунзенскай тэрытарыяльнай камісіі. Па дарозе сустракалі яшчэ людзей, нехта далучаўся. Каля камісіі было ціха і недзе стаць — шмат міліцыі. Не хацелі, але рушылі ў бок стэлы. Каля «Кароны» на «Маладзёжнай» людзі ў асноўным разышліся. Мы з маімі сябрамі сустрэліся там і вырашылі ісці ў бок стэлы, хоць там і адбываўся жах. Пішу гэта таму, што, нягледзячы на ўсе катаванні і гвалт падчас маіх сутак, я не пашкадавала ні хвіліны, што была часткай гэтай дзеі. Такіх прыгожых, смелых беларусаў я не бачыла ніколі. Я некалькі разоў плакала там ад сілы эмоцый. Мы сапраўды былі там НАРОДАМ з вялікай літары.
У замес мы трапілі значна пазней. Хацелі ўжо ісці дадому. Але каля парка Міцкевіча трапілі пад гранаты і газ. Пабеглі на Камсамольскую, там схаваліся ў дворыку. Нас знайшлі байцы не АМАП, а з уручскай брыгады. Не чапалі, проста крыкнулі, каб выходзілі. Нас было пяць чалавек (у тым ліку яшчэ адна дзяўчынка). Не білі, не прыніжалі. Але, канешне, не прадставіліся і не сказалі, за што затрымліваюць. Павялі ў апорку на Рэвалюцыйнай. Я паспела адправіць паведамленні двум сябрам і бацьку. Але толькі тое, што мяне павязалі. У апорцы прымусілі вырубіць тэлефон. Там нам звязалі рукі, запісалі даныя. Праз 15 хвілін перадалі амапаўцам у аўтазак.
Амапавец, які мяне веў, адзеў сумку на шыю: «Что я, буду твое говно таскать?». І за пару хвілін, што вёў да аўтазака, паспеў сказаць: «Сама иди, я тебя вести не буду. Зае...ся уже сегодня за вами бегать. Не сиделось же вам, мразям, дома? Вас надо всех посадить на кол и отправить в космос, чтобы вы про свою педерастию там вещали».
У аўтазаку пасадзілі на калені тварам у сядзенне. Тыкнулі дручком у твар, калі я павярнула галаву ў бок амапаўца. На падлозе сядзелі хлопцы, потныя, бітыя. На іх увесь час раўлі матам, каб трымалі галаву ніжэй. Адзін хлопец паскардзіўся, што вельмі туга зацягнуты хамут — нуль рэакцыі. У мяне таксама было туга, але я маўчала. Другую дзяўчынку пасадзілі на лаўку, хамут знялі. Так мы ехалі па горадзе доўгі час. Да нас яшчэ дагружалі хлопцаў. У нейкі момант зацяклі ногі. Я папрасіла сесці. Дазволілі. Разам з дзяўчынкай ехаў у аўтазаку яе муж. Амапавец спытаўся, ці яна прыйшла на плошчу за ідэалогію ці так, з натоўпам. Яна адказала, што з мужам. Ён спытаў, дзе муж. Яна паказала. Мужа ўдарылі два ці тры разы па твары.
Праз хвілін 20 нас перасадзілі разам з дзяўчынкай у сапраўдны аўтазак з ячэйкамі. Пасадзілі разам, сказалі тым амапаўцам нас не чапаць. Тыя не хацелі нас браць.
Прыехалі адразу на Акрэсціна. Далей пачынаюцца два з паловай дні чысцюткага пекла.
На момант, калі нас прывезлі (каля трох гадзін ночы), там ужо было шмат людзей. Мяне амаль не даглядвалі. Жанчына проста спытала, ці ёсць нешта ў кішэнях, і адпусціла. Астатнія, каго затрымлівалі раней, здымалі ўсё адзенне і прысядалі. У мяне забралі рэчы. У заплечніку былі дакументы, тэлефон, усе карткі, правы ад машыны. Вопісу ніякага не зрабілі. Увесь час на нас крычалі матам, казалі, што мы «мрази» і што мы прадажныя, і што наступным разам будзем ведаць, за каго галасаваць.
Мяне адвялі ў камеру разам з той другой дзяўчынкай. Калі за намі зачыніліся дзверы, нам сказалі: «Добро пожаловать в страну толерантности, животные». Нас было 12. У камеры на шэсць чалавек. Амаль усе там былі назіральніцамі, якіх затрымалі ў 18-20 гадзін. Ніхто з іх не быў на мітынгу. Усе інтэлігентныя і разумныя. Мікрабіёлаг, настаўніцы, музыкі. У загадчыцы кафедры БДУІР узялі сына, мужа і бацьку (72 гады). Яна сама ўлезла за імі ў аўтазак. Адну ўзялі на участку падчас галасавання, яна нават не была назіральнікам. Астатнія — на ўчастках. На іх проста выклікалі АМАП старшыні камісій.
У камеры не было туалетнай паперы. Вада з крана і ўсё. У суседняй камеры была дзяўчынка з Расіі. Мы чулі, як яна патрабавала пасла, казала, што яе затрыманне незаконнае. Ёй адказалі: «На...уй твою Россию и твоего посла». Нікога не паклікалі. Яе імя Стогава Алеся Віктараўна, 1986 года нараджэння. Гуляла з хлопцам каля гатэлю «Вікторыя». Яе білі па твары кожны раз, калі яна прасіла пасла (гэта мы дазналіся потым, калі нас пасадзілі разам). Усю ноч мы чулі, як прыязджалі аўтазакі. Адзін за адным. Як крычалі на хлопцаў. Чулі, як іх білі дубінкамі.
За ноч да нас прыходзілі разоў восем. Пыталіся даныя, дзе і ў колькі нас затрымлівалі. Я спадзявалася, што гэта для спісаў. Але ніякіх спісаў не вывешвалі. Мае бацькі дазналіся, дзе я, толькі на трэці ці чацвёрты дзень.
На наступны дзень нас зноў дапытвалі. Кожны раз, калі прыходзіў нехта, на нас крычалі і казалі, каб мы глядзелі ў падлогу. Каб лепей бы мы сядзелі дома і пяклі пірагі. На наступны дзень прывялі яшчэ адну дзяўчынку. Узялі падчас мітынгу, але доўга трымалі ў РУУС.
Не кармілі. Паперу не прынеслі, у некаторых дзяўчат пачаліся месячныя.
Увечары стала зразумела, што зноў мітынгі, мы чулі выбухі на «Фрунзенскай», лічылі аўтазакі, якія пад’язджаюць. Налічылі не менш за сем. Хтосьці з хлопцаў паклікаў доктара, я чула нешта пра «кровотечение открылось». Яму адказалі: «Да это твое дырявое очко кровоточит, готовься, я тебе туда дубинку засуну или член. Кровоточит у него». Хуткая прыехала вельмі позна. Не ведаю, ці яму дапамаглі.
На нас склалі пратаколы. Выклікалі падпісваць. На нас раўлі. Казалі: «Падпішаце, заплоціце штраф і пойдзеце дамоў, а хто не падпіша — будзе сядзець». Што напісана ў пратаколе давалі чытаць не ўсім. Закрывалі рукой, крычалі, нічога не тлумачылі. Многія дзяўчаты ўсё падпісалі. А пратакол быў аднолькавы ва ўсіх: «З 22:10 да 22:30 была затрымана на стэле, крычала «Свабоду Статкевічу», «Жыве Беларусь» і «Стоп таракан», супраціўлялася пры затрыманні». Пры тым, што некаторыя дзяўчыны сядзелі ў ЦІПе ўжо з 18 гадзін. Я пратакол не падпісала, усюды пісала, што не згодная і патрабавала адваката. Мне дазволілі прачытаць усё, я пыталася, што за артыкулы там і тут. На што яны не адказвалі — так і пісала.
Потым, мабыць, стала няма дзе размяшчаць людзей. За намі прыйшлі і павялі на чацвёрты паверх. Адчынілі дзверы, і я зразумела, што, напэўна, тут і будзе канец. Камера на чатыры чалавекі. Там ужо сядзелі 23 дзяўчынкі! А нас было 13. Увогуле стала 36. Паветра не было. Паперы не было. Ежы не было. Да нас пасадзілі дзвюх жанчын-алкаголікаў. Ад іх страшна смярдзела. На падлозе вада: жанчыны прасілі адчыніць дзверы, у нейкі момант дзверы адчыніліся і канвойны выліў на падлогу вядро вады і зачыніў дзверы. У вільготным памяшканні дыхаць увогуле не было чым. У дзяўчынкі Юлі з нашай папярэдняй камеры пачалася панічная атака. Яе пачало ванітаваць. Потым яшчэ адну дзяўчынку. Мы папрасілі доктара. Нуль рэакцыі. Праз некаторы час мы пачалі крычаць. Адчыніліся дзверы і на нас вылілі вядро халоднай вады. Але потым гэтыя каты зразумелі, што дзяўчына можа памерці, яны яе вывелі на пару хвілін падыхаць. І запусцілі зноў. Яна маліла іх, прасіла, адказ: «Не заставляйте нас применять сілу».
Праз некаторы час нас згадзіліся вывесці на калідор падыхаць (змяніліся каты, заступілі новыя на змену). Пад час стаяння ўпала ў непрытомнасці дзяўчынка. Яна на гармонах, і ўвогуле інвалід 2 ці 3 групы. Яе пасведчанне, здаецца, выкінулі. На той момант мы ўжо былі ў камеры некалькі гадзін і паўтары сутак без ежы. Паклікалі доктара, тая нешта ёй дала. Дзяўчыну зноў завялі да нас у камеру. Пасля гэтага выводзілі яшчэ раз і адзін раз проста адчынялі дзверы.
Наша адзінае выратаванне: адчыненае вакно і кармушка (у якую даюць ежу), яны стваралі мікраскразняк, але гэта не вельмі дапамагала. У адзін момант кармушку зачынілі. Мы пачалі крычаць, але праз хвіліну ўсё зразумелі. Мы пачулі, як з камеры насупраць вывелі хлопца, і пачалі лупцаваць дубінай. Было страшна слухаць. Пасля 3-4 удараў фраза: «А теперь бери и вытирай свое говно. Как тебе вот такая тряпка?». Я не ведаю, што там дакладна адбылося. Але чуць гэта было немагчыма. У паловы дзяўчат у суседніх камерах сядзелі іх хлопцы, мужчыны і нават бацькі.
Ноччу ў адной з алкагалічак пачаўся панос. 37 чалавек. У камеры на 4. Адкрыты туалет. Паперы няма. Аб адным мы не пашкадавалі: ішлі другія суткі без ежы. Бо мы б заванітавалі там усё.
На наступны дзень пачаліся суды. Маразм быў у тым, што спачатку дзяўчат выклікалі да суддзяў Маскоўскага раёна (яны прыехалі да нас), а потым тых жа дзяўчат да суддзяў Фрунзенскага раёна. У некаторых атрымалася па 2 рашэння з рознымі данымі. Мой суддзя даў мне 10 сутак, хаця за пяць хвілін да мяне суддзя ў адным з ім кабінеце дала хлопцу, які быў разам са мной, 10 базавых. Я спыталася — чаму? Ён паціснуў плячыма: «Не я выносіў рашэнне па вашаму хлопцу». Я цудам паспела пагутарыць з гэтым хлопцам у калідоры. Толькі так мае бацькі нарэшце дазналіся, дзе я і што са мной.
90% нашых дзяўчат далі суткі. Пара чалавек — 4-5, асноўная маса — 7, пара — 10, пара — 12, пара — 15.Разам з намі была сям’я, іх узялі як назіральнікаў. Маці, дзве сястры і іх бацька. Дома — два ката. Усім жанчынам — па 10 сутак. Што з бацькам — не зразумела. Ці гэта правасуддзе? Як гэтая суддзя глядзела ім у вочы? За што?
Давалі вельмі вялікія штрафы, не менш за 20 базавых. Самы жах — большасць не адпускалі адразу пасля рашэння аб штрафе. У нас такіх было двое: маці з дыябетам і яе дачка, назіральніцы. Пасля суда іх павялі зноў у камеру, трымалі да раніцы. А на наступны дзень дачка, нягледзячы на паперу ад пракурора, паехала з намі ў Жодзіна. Маці засталася. Не ведаю, што з ёй. Але ўвесь час, што яна была з намі, мы прасілі для яе лекі. Ніхто не прынёс. Трох дзяўчын выпусцілі адразу пасля суда.
Яшчэ ноч у душагубцы. Нас стала 33. Каля 22 гадзін да нас завялі яшчэ чатырох. Сярод іх жанчына гадоў 50. Яна проста ў свой адзіны выходны выйшла ў краму, каб купіць ежы бацьку-інваліду і ішла міма школы. Ёй далі 12 сутак. На нашы крыкі быў адказ: «Вы яшчэ пабачыце, што такое шмат людзей». Потым мы дазналіся, што ў іншай камеры на чацвярых было 53 дзяўчыны.
Амаль не спалі. Душна. Не кармілі. Туалетную паперу прынеслі. У алкагалічак — панос. Адна «схапіла белачку» і ўсю ноч хадзіла па галавах людзей, хацела мыцца.
Усю ноч вазілі аўтазакі. Мы налічылі не менш за дзевяць. Хлопцаў лупцавалі ва двары. Мы ўсё чулі. Лупцавалі і адразу адпускалі. Не было месца ў камерах зусім. Іх адпускалі з крыкам «Я даю тебе 5 минут, уё..вай отсюда, вещи будешь спрашивать в суде». Мы бачылі праз вакно як яны бягуць і кульгаюць. Некаторых забірала таксі (валанцёры, думаю).
Асобна пра валанцёраў. Толькі дзякуючы ім мы ведалі, колькі гадзін. І што няма спісаў. І хто каго кахае. Гэта была неверагодная падтрымка!
Наступнай раніцай нам прынеслі хлеб. Першы раз з ночы затрымання мы паелі. Нас пашыхтавалі на вуліцы. Некаторыя засталіся ў камеры (тыя, каго не паспелі асудзіць). Дзяўчыны проста тварам да сцяны ў двары. Хлопцы — на каленях тварам у зямлю. Некаторыя толькі ў майтках. Мы бачылі, якія ў іх гематомы на нагах. Некаторыя дзяўчынкі плакалі. Некаторым стала блага, адна страціла прытомнасць. На яе палілі ваду, далі пасядзець, доктара не выклікалі. Усім «слабенькім» далі сесці.
Пачалі заводзіць у аўтазак. Пры гэтым мы чулі, як галоўны там расказваў, што ва ўсіх нас па 50 еўра ў кішэні, што мы прадажныя. І што мы, бабы, лепей бы сядзелі дома і варылі баршчы. Гэта чуць было немагчыма, мы пачалі абурацца, ён трошкі знізіў тэмбр, зразумеў, што 99% дзяўчын тут выпадкова. Ужо не выбухаў.Калі заганялі хлопцаў у аўтазак, іх прымушалі бегчы. У некаторых былі відавочныя траўмы (мабыць, пераломы) ног. Але іх прымушалі бегчы.
У нашым аўтазаку былі толькі дзяўчыны. Калі заходзілі, адзін амапавец пачаў крычаць, каб сядалі на падлогу. Але потым зайшоў іншы, добры (наколькі гэты магчыма) амапавец. Дазволіў усім сесці, накармілі нас хлебам і далі вады. Па дарозе распавядаў, што адбываецца, што ён не верыць ні таму боку, ні іншаму. І што мы ніколі не дадзім рады ў поглядах адзін аднаму.
Пра Жодзіна я не магу сказаць нічога, акрамя таго, што гэты былі самыя добрыя, сумленныя і клапатлівыя людзі за ўвесь час «прыгод». Кармілі, прыносілі паперу, пракладкі нават купілі. Вывесілі спісы ўсіх, каго ім прывезлі. Калі мы не маглі зразумець, ці прыехалі рэчы з Акрэсціна, вадзілі па ўсіх складах і шукалі рэчы з намі. Мой нізкі паклон адэкватным людзям, якія былі сапраўдным выратаваннем у гэтыя дні.
У пятніцу вечарам нас усіх выклікалі, далі падпісаць паперу, што мы абяцаем больш не ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Я не хацела падпісваць. Але праблема ў тым, што паперу падпісаць у любым выпадку прыйшлося б, нават калі б адсядзела ўсе суткі. А я вельмі перажывала за бацькоў. Таму пагадзілася.
Калі выйшла, хацелася плакаць. Не ад таго, што перажыла, а ад цудоўных валанцёраў. Я ганаруся быць з імі часткай аднаго народа.
Сустракалі мяне сябры. Бацькі былі ў Мінску.
Я не ведаю ніводнага прозвішча, але я памятаю ўсе твары. Усе да аднаго. Асабіста кожнага з катаў на Акрэсціна.
Мы будзем пісаць калектыўную скаргу ў пракуратуру, ліст у ААН, праваабарончыя арганізацыі. Таму што тое, што адбывалася, — гэта катаванне і прававы дэфолт.
Цяпер на мне вісіць пяць недаседжаных сутак. Я хутчэй за ўсё невыязная. І мне забаронена прымаць удзел у масавых мерыпрыемствах. Таму што наступнае затрыманне — крыміналка. Сяджу дома, гляджу ў вакно з Пушкінскай. Пішу гэты тэкст пад няспынныя гудкі машын. Мы вялікі народ, мы выстаім. Усё гэта было недарэмна».