«Любымі дасяжнымі сродкамі». Мемарандум ад дыяспары
Беларусы ЗША звярнуліся да беларусаў, якія засталіся ў Беларусі, з мемарандумам.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША, “усведамляючы адказнасць за катастрафічныя наступствы расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне”, выступілі са зваротам да суродзічаў у Беларусі.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары прызналі “наяўнасць акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі” і заклікалі беларускіх грамадзян “не заставацца ўбаку ад таго, што адбываецца”. Суродзічы ў Беларусі “мусяць любымі дасяжнымі сродкамі дамагацца” наступнага:
- тэрміновага і неадкладнага вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі;
- скасавання дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), якая дазваляе Расіі выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для ваеннай агрэсіі;
- анулявання незаконнай дамовы аб стварэнні так званай Саюзнай дзяржавы з Расійскай Федэрацыяй;
- выйсця з Мытнага звязу і іншых хаўрусаў, створаных нелегітымнай уладай з мэтай паступовага паглынання нашай краіны ўсходнім суседам;
- увядзення пашпартнага кантролю на мяжы з РФ.
Беларусь павінна вярнуцца ў Еўропу, а не заставацца ў ганебных хаўрусах з дзяржавай-агрэсарам!”
Аднак, адзначаюць аўтары мемарандуму, гэта будзе магчымым пасля “вырашэння першачарговай задачы – ліквідацыі антыбеларускага па сваёй сутнасці рэжыму Лукашэнкі. І за гэта неабходна штодзённа змагацца”.
Мемарандум падпісалі:
Ад імя Беларускага Нацыянальнага сакратарыяту (БНС) – Зянон Пазьняк;
Ад імя Беларуска-Амерыканскага згуртавання “ПАГОНЯ” – Віталь Зайка;
Ад імя Беларускай Асветніцкай Лігі Амерыкі (BELA) – Ірына Хадарэнка;
Ад імя Беларуска-Амерыканскай Асацыяцыі “BAZA” – Наталля Федарэнка;
Ад імя Беларускага Інстытута Амерыкі (BIA) – Алена Рыдзеўская;
Ад імя Беларускай Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага – Галіна Тумаш-Павэлс.