Лявон Баршчэўскі: Канстанцінопальскі патрыярхат мае рацыю

Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі пракаментаваў сітуацыю з атрыманнем аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквой.

Фота www.svaboda.org

Фота www.svaboda.org

Нагадаем, што сінод Канстанцінопальскай царквы прыняў рашэнне спыніць дзеянне ўказа 1686 года аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату. Прызнанне дзеяння ўказа несапраўдным дае падставу для атрымання Украінскай царквой аўтакефаліі.

Ва Украінскай праваслаўнай царкве Кіеўскага патрыярхату разлічваюць, што Сусветны патрыярхат прадаставіць Украіне томас (грамату аб аўтакефаліі) на Сінодзе ў другой палове лістапада.

Лявон Баршчэўскі сказаў у каментары для “Радыё Рацыя”:

— Уся гэтая сітуацыя павінна быць не столькі палітызаваная, колькі закранаць рэальныя інтарэсы вернікаў. Я думаю, што фармальна Канстанцінопальскі патрыярхат мае рацыю, таму што Кіеўскі патрыярхат старэйшы за Маскоўскі. Дык чаму ён не можа аднавіцца ў сваіх правах?

Гістарычна гэта абсалютна правільнае рашэнне. Але гэта справа вернікаў.

Спадзяюся, што ні да якіх сур’ёзных канфліктаў не дойдзе ў сувязі з падзелам маёмасці і гэтак далей, бо хрысціянства існуе, як рэлігія любові, а не варожасці. Тут трэба, каб усё адбылося цывілізавана і па-чалавечы.

— Наколькі гэтае пытанне, на ваш погляд, палітызаванае?

— Палітычнае гучанне тэме найперш надаюць расійскія і ўкраінскія палітыкі. Хаця тут палітыка не патрэбна. Вернікі павінны выбіраць самі, каго ім і як памінаць у сваіх малітвах. Але зразумела, што ў Расіі, калі нехта робіць любыя крокі ў бок самастойнасці, успрымаюцца балюча менавіта палітыкамі. І менавіта яны палітызуюць сітуацыю. Ды і некаторыя ўкраінскія палітыкі перад выбарамі хочуць на гэтым зарабіць сабе ачкі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя