Лябедзька: Штаб прапаноўваў мне застацца ў Вільні, але для мяне прынцыпова быць у Беларусі

Лябедзька пасля вызвалення распавёў, што штаб прапаноўваў мяму застацца ў Вільні, але для яго прынцыпова быць у Беларусі, паведамляе nashaniva.by.



liabiedzka_yvvhn.jpg

Затрымалі Лябедзьку 8 кастрычніка на прыпынку ў Вяснянцы, недалёка ад дома.

«Я адразу адчуў нешта нядобрае, калі ўбачыў машыну ДАІ не на тым месцы, дзе яна мусіла стаяць, яшчэ паспрабаваў яе зняць. А потым на скрыжаванні ўбачыў два бусікі, хоць і з нумарамі, але вельмі характэрныя. Загарэлася чырвонае святло, і ўсё адбылося вельмі хутка, выскачыла 5–6 чалавек у балаклавах, якія запхалі мяне ў бусік», — кажа Лябедзька.

Іх прыналежнасць да пэўных сілавых структур вызначыць не ўдалося. «Я пытаўся, з якой вы банды, але адказу не атрымаў», — кажа палітык.

Сілавікі прымусілі Лябедзьку выключыць тэлефоны. «Я паспеў толькі выкрыкнуць людзям на прыпынку, што затрымліваюць Лябедзьку», — згадвае ён.

Ні пры затрыманні, ні пры трансферы ў Цэнтральны РУУС Лябедзьку не білі. «Галоўны з гэтых бандытаў казаў, што зараз аформім адміністрацыйку, а потым пойдзеш па крымінальнай справе.

Я быў падрыхтаваны да таго, што гэта будуць не адзіныя 15 сутак, за імі будуць яшчэ адны, і яшчэ, і яшчэ. А калі сітуацыя ў краіне будзе заставацца неспакойнай, то могуць завесці крымінальную справу».

Лябедзька кажа, што звязвае сваё затрыманне выключна з тым, што ўвайшоў у штаб Ціханоўскай.

«У панядзелак абвяшчаецца пра мой удзел, у аўторак я праводжу вельмі плённую і цікавую сустрэчу па канстытуцыйнай рэформе з жыхарамі Лебядзінага — а ў чацвер мяне затрымліваюць.

Штаб Ціханоўскай прапаноўваў мне застацца ў Вільні, працаваць адтуль, але для мяне прынцыпова заставацца ў Беларусі. Я б не далучыўся да каманды Бабарыкі, Цапкалы ці нават Сяргея Ціханоўскага, але тут не мог інакш, бо Святлана — гэта 100% не чыйсьці праект ці сцэнар».

Спачатку спадара Анатоля трымалі на Акрэсціна, а потым перавялі ў Баранавічы. «Звычайна ў камеры было 1–2 дэбашыры і алканаўты, а астатнія — палітычныя. Я супакойваў іх, казаў, што у адзін год меў аж 18 адміністрацыйных пратаколаў, іх гэта натхняла. Было двое хлопцаў з МАЗа, двое — з завода імя Вавілава, айцішнікі, менеджары. Гэта ў асноўным хлопцы 25–35 гадоў».

«Не дазвалялі ляжаць днём на нарах, увогуле да палітычных сталі ставіцца больш жорстка. Здаецца, ёсць адпаведны загад, — лічыць палітык.

— З супрацоўнікамі КДБ я не размаўляў, але са мной былі хлопцы, якіх затрымлівалі менавіта супрацоўнікі КДБ і прывозілі ў цэнтральны будынак на допыт. Адзін такі мужчына з Смалявіч казаў, што яго вялі з мяшком на галаве, але пры гэтым пыталіся: «Бачыш чырвоную дарожку?». «Бачу, але прабачце, што я ў абутку», — з гумарам адказваў ён. Гэта былі хлопцы са счэпак, якія не мелі на твары масак. Тым не менш, здаецца, іх выпусцілі без крымінальных справаў».

Лябедзька кажа, што многіх вязняў анкетавалі, пыталіся пра эканамічную сітуацыю, пра магчымыя змены ў Канстытуцыі.

Ці не хоча Лябедзька цяпер выехаць з краіны? «Можа, і хачу, але выключна па справах, а не на пастаяннае жыхарства», — адказвае палітык.

Зміцер Панкавец, nashaniva.by