Лісты за краты. «Кожны дзень мы думаем пра цябе»

Вікторыя Гранкоўская — былая студэнтка БНТУ і стараста групы, якую адлічылі пасля восеньскіх акцый пратэсту ў Беларусі. Яна вучылася на чацвёртым курсе архітэктурнага факультэта.

grankouskaja.jpg


Дзяўчына была затрыманая 12 лістапада ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Вікторыі было прад’яўлена абвінавачанне. Спачатку яе змясцілі пад варту ў СІЗА КДБ, затым перавялі ў СІЗА-1.
Сябры і аднагрупнікі Вікі ўвесь час пішуць ёй лісты, але відавочна, што большасць з іх не даходзіць, таму яны вырашылі напісаць праз НЧ.
— Дарагая Віка. Ты — гонар усяго БНТУ. Мы ўсе табой захапляемся. Тваёй асобай, тваёй мужнасцю і адказнасцю за ўсіх нас. Праз кароткі час усё гэта скончыцца — і мы абавязкова сустрэнемся. Заставайся такім жа сонейкам, як і была заўсёды. Кахаю, абдымаю, твая палявая кветка.
— Віка, мы ведаем, што цябе не зламіць! Я ганаруся тваім станам, падтрымліваю цябе. Ты заўсёды ў думках, ведай гэта, мы побач. Каця:)
— Прывітанне, Віка! Я веру ў цябе і тваю стойкасць! Ведаю, што тваю веру не разбіць, не спыніць, не стрымаць! А ўсе мы, твае сябры, падтрымліваем яе! K.
— Прывітанне, Віка! Мы ўсе думаем толькі пра тое, каб хутчэй усё скончыць і ўбачыцца ўсім разам. Мы не маем права спыніцца, таму і не спыняемся. Хутка ўсё будзе добра, галоўнае — верыць у гэта, ну а нам застаецца рабіць усё для гэтага :) Не сумуй, ты вельмі моцная дзяўчынка! Ты — наш гонар і герой! 2021 год — Год Быка, ну а для беларусаў — гэта Год Зубра. А зубр моцны! :) Таму ўсё будзе добра! Саша :)
— Віка, кожны дзень мы думаем пра цябе — і гэта дае нам сілы рухацца далей! Безумоўна, твае лісты натхняюць нас не здавацца і рабіць нашую справу. Моцна абдымаем цябе і набліжаем дзень нашай сустрэчы! Fedor
— Дарагая Віка, ты такая моцная і смелая! Мы ўсе кожны дзень пра цябе думаем і чакаем з нецярпеннем з табой сустрэцца :) Ты змагалася за нас, а мы змагаемся за цябе, адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!P. S. Гэта Ганна, мы з табой амаль не знаёмыя, але вельмі чакаю, каб хутчэй пабачыцца. Ты — мой кумір :)
Вы таксама можаце напісаць Вікторыі Гранкоўскай! Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.