Лісты за краты. «Ластаўкі заўсёды вяртаюцца ў свае гнёзды. І тваё цябе чакае»

Больш за тры сотні лепшых грамадзян Беларусі, прызнаных палітвязнямі, сёння за кратамі — сярод іх і студэнты, якія марнуюць сваю маладосць у турме. Ліставанне з імі ідзе з перашкодамі, і Кася Будзько, якая ў свае 19 сустракае вясну за кратамі, амаль не атрымлівае вестак ад блізкіх. Родныя і сябры перадаюць шчырыя вітанні дзяўчыне ў адкрытым лісце.

listy_za_kraty.jpg


— Трымайся! Не падай духам! Ты ўсё здолееш! Ты моцная! Я ў цябе веру! Мы ўсе верым! Беражы здароўе! Не забывай, што ты чалавек!
Бог дае на долю кожнаму толькі тыя выпрабаванні, якія ён можа вытрываць. Ён ведае, якая ты ў мяне моцная і смелая! Я табой вельмі ганаруся! Сама вучуся ў цябе трываласці і барацьбе са страхамі.Ты для нас — нібы Жанна Д’Арк.
Я заўсёды побач! Я люблю цябе! Трымаю за руку і днём і ноччу! Мы з табой не зломімся, не страцім сябе! Варта шанаваць сваё здароўе — і фізічнае, і псіхалагічнае. Варта любіць сябе і людзей.Не забывай, што ты не адна!
Ты ўнікальная!
Ты — асоба!
Ты — мастачка, чалавек, які бачыць усё навакольнае не так, як іншыя, а ва ўсіх тонах, паўтонах, адценнях, бліках. Ты ўсё ўспрымаеш вастрэй, прапускаеш праз сябе, сваю душу. Ты здольная ўвасабляць гэты досвед у гліне, на паперы ці тканіне і мусіш рабіць гэта. Малюй! Ты мастачка!
Я ведаю: не магла ты зрабіць нешта дрэннае ці шкоднае для іншых. Ты вельмі добразычлівы чалавечак, які не ведае абыякавасці і заўсёды гатовы дапамагчы. Вельмі адкрытая да навучання, гасцінная да сяброў, сваякоў і ўсяго свету. Ты вельмі мэтанакіраваная, заўсёды прагнеш спазнаць і зведаць усё, што табе цікава.Мы заўсёды паважалі і будзем паважаць твой выбар.
Трымай мяне за руку! Мама
— Дачушка! Я не сумняваюся, што ты годна трымаешся ў гэткіх складаных абставінах. Толькі сорамна, што за кратамі апынулася ты, а не я.Тата

budzko_kasja.jpg


— Добры дзень, мая зайка! Мая любая ластаўка, мы па табе вельмі сумуем. Ластаўка мая любая, як ты думаеш, чаму ластаўка? Ды адказ вельмі просты: ластаўкі адлятаюць увосень і вяртаюцца ўвесну. Вось і ты ад нас так нечакана і надоўга адляцела... Не, не адляцела, а цябе вырвалі, выхапілі, скралі з нашага жыцця. Проста сіл не стае! Гэта было восенню, а зараз вясна — і мы ўсе-ўсе-ўсе цябе чакаем. Гукаем з вясной дамоў. Чакаем твайго вяртання, наша любая ластаўка. Бо ластаўкі заўсёды вяртаюцца ў свае гнёзды. І тваё цябе чакае. Ты для нас самая любая, прыгожая, разумная, вельмі добрасумленная, ласкавая, неабыякавая дзяўчынка, і мы чакаем цябе і вельмі жадаем, каб сваё 20-годдзе ты сустрэла ў коле бацькоў, сваякоў і сяброў, з усімі разам. З усіх сіл чакаем і цалуем.Бабуля і дзядуля
— Прывітанне ад сотыікоты! Вельмі чакаю цябе і сумую. Спадзяюся, што хутка будзеш дома =)Леся
— Ты, напэўна, вельмі непакоішся пра тое, што адбываецца ў краіне, але не баішся. Нам усім не хапае тваёй дабрыні і спагадлівасці. Мы верым, што ў кожным разе ўсё будзе добра. Галоўнае — заставайся моцнай і трывалай.Маша Макусь
— Я цябе вельмі люблю і чакаю, ты — найлепшае, што адбылося са мной у жыцці. Ты проста неверагодная, і я вельмі рада, што ты сябруеш са мной. Я заўсёды пытаюся, чаму такая класная дзяўчынка, як ты, увогуле стасуецца са мной? Не ведаю, чым я заслужыла гэта, але дзякуй.
Хачу сказаць, што я вельмі ганаруся табой. Што б ты ні рабіла, я заўсёды буду падтрымліваць цябе. Ты заўсёды дзейнічаеш у адпаведнасці са сваімі прынцыпамі, спрабуеш зрабіць гэты свет лепшым нават цаной асабістай свабоды.
Памятаю, як у нашу апошнюю сустрэчу ты сумавала, што я паеду дадому на два тыдні. А праз тыдзень цябе забралі. Ну, пагадзіся, што чакаць чатыры месяцы нашмат горш, чым два тыдні?) Ну, нічога страшнага, я пачакаю, колькі б часу гэта ні заняло.
Ужо вясна, спадзяюся, мы хутка пабачымся, зможам паехаць на роварах куды пажадаеш, возьмем намёты — і зноў будзем шчаслівыя.Вераніка
— Вядома, ні пра які камфорт і гаворкі не можа ісці, але я веру, што ты адаптавалася да гэтых умоў. Прынамсі, я сябе так заспакойваю. Гэта ўсё жудасна сумна, цяжка і невыносна, але я ўпэўнены, што наперадзе цябе чакае мноства добрых момантаў — варта толькі дачакацца. Мы яшчэ абавязкова пабачымся, пагуляем, з’ездзім куды-небудзь на роварах, зладзім пікнік, з’ездзім усе разам на летнішча і ўвогуле пераробім безліч спраў. Спадзяюся, што да цябе дойдзе хоць адзін мой ліст)Лёша
— З усімі гэтымі падзеямі пачынаеш разумець, што каштоўнасць усяго мы разумеем толькі тады, калі гэтага няма побач. Так і з табой — за гэтыя чатыры месяцы зразумела, наколькі моцна ты зараджала мяне пазітывам і энергіяй (асабліва калі атрымала ад цябе ліст і паштоўку!), і наколькі моцна цябе не хапае. Каб ты разумела — нядаўна размаўляла з тваім аднакурснікам і сказала, што ўвечары да нас прыйдуць «Кася з Янай». Пасля выправілася, але стала трохі балюча. Аднак я ведаю, што ты вытрымаеш, што мы хутка пабачымся і зладзім не адну тусоўку! Люблю і абдымаю.Аліна
— Цяпер цёмныя часы для беларусаў, бессэнсоўна гэта адмаўляць, але ў кожнай цемры ёсць свае прасветы. Для мяне адным з такіх стаў твой Інстаграм. А яшчэ Ксюшын, а яшчэ твае і Яны малюнкі, а яшчэ сотні праяў салідарнасці з вамі з усіх куточкаў свету, і яшчэ пара дзясяткаў штук розных — вялікіх і маленькіх. Я чытала інтэрв’ю розных людзей, што выйшлі з турмы, пра тое, як яны былі ўпэўненыя, што тут іх нічога добрага не чакае (што дзвіж памёр, у шэрагах беларусаў і беларусак разруха і адчай, як тое старанна даводзіць машына дзяржпрапаганды і, вядома ж, сама турма), — і былі літаральна знесеныя лавінай падтрымкі і пазітыўных навін. Папросту ведай, што ўсё нашмат лепш, чым можа падавацца.
Сёння мы ведаем, што такое сапраўдны студэнцкі рух. Сёння мы верым адно ў аднаго як ніколі раней. Сёння мы пабачылі сапраўдны твар дзяржаўнай машыны.
За гэтым «сёння» стаіць шмат болю, але ў нас усё яшчэ ёсць мы. Так што ведай гэта, кажы пра патрэбную дапамогу (і не саромейся!) і малюй, па магчымасці, як найбольш — вашы вестачкі з турмы даюць нам тут +100 к матывацыі рабіць усё магчымае, каб гэтая цемра нарэшце скончылася.Саша Кузміч
— Кася, я ў нейкім сэнсе адчуваю сваю адказнасць за ўсё тое, што сёння адбываецца ў тваім жыцці, бо мы разам прайшлі шлях ад «нешта не так» да разумення таго, што наш лёс і лёс нашай краіны ў нашых, і толькі нашых, руках. Я ганаруся тым, якой адказнай, сумленнай ты стала. Ганаруся, якой шчырай, добрай і справядлівай ты засталася. Памятаеш, калі мы бегалі раніцай і было цяжка, я казаў, што «лепшая будучыня» — гэта не спрынт, гэта марафон. Я веру, што са сваім жыццёвым марафонам ты справішся, станеш яшчэ лепшай і пераможаш усе праблемы. Чакаю на волі, абдымаю!Яўген Міхасюк
— Кася, у цябе заўсёды добра, цікава атрымлівалася тлумачыць свае думкі і распавядаць гісторыі. Гэта адна са шматлікіх рэчаў, якіх не хапае, сумую па тваёй актыўнасці і празе паўсюль і заўсёды быць карыснай. Спадзяюся, хутка сустрэнемся і ты, як звычайна, будзеш жартаваць, а я, як звычайна, смяяцца :)Аліна Арабава
— Паспрабую не ліць вады, бо памятаю, што горшага напою для цябе не існуе (тэрмас вярні :D).Хутка ўжо «Калабайкі» зноў выкінуць на вуліцы. Спадзяюся, неўзабаве пакатаемся — і будзем шмат размаўляць падчас пакатушак. Расказаць сапраўды ёсць шмат чаго, але менавіта расказаць, бо пісаць пра ўсё зашмат, а галасавыя паведамленні за краты пакуль не прымаюць.
Вось, жартаваць спрабую, каб не дадаваць сур’ёзнасці сітуацыі, якая і так ужо сур’ёзнасці стварыла. Спадзяюся і веру, што засталося ў тваім жыцці месца для жартаў. Такому сонейку ніяк не выпадае сумаваць увесь час. Больш за тое, сонейка зараз якраз і не хапае, бо то адліга перамагае, то зіма зноў прыцісне. Але сонейка абавязкова выйдзе і зіма саступіць, бо толькі так жыццё доўжыцца, сама ведаеш.Таму не забывай свяціць і ты, дзень настае нават тады, калі неба зацягнутае хмарамі, бо сонейку ўсё адно.Сумую, хвалююся, чакаю. (Не абдымаю: персанальныя межы, памятаю).Прохар
— Кася, ведаеш, мяне заўсёды ўражвалі тваё жаданне змяніць свет да лепшага, ярка выяўленае пачуццё справядлівасці і, канешне, твая творчасць ды неверагодны талент. Шчыра, ніяк не магу адшукаць прыдатныя словы падтрымкі, хоць спрабую ўжо не першы дзень... Проста памятай, што ты надзвычайная, уражальная, шчырая і смелая дзяўчынка, якая можа прайсці праз усе цяжкасці. Хоць мы і не дачыняліся апошнія гады, я ўсё роўна непакоюся пра цябе і нецярпліва чакаю якіх-небудзь вестак. Як кажуць, keep calm and dream, бо мары здзяйсняюцца.Аня Фелістовіч
— Да таго, як убачыў твае малюнкі, я не ведаю, як табе там (на зоне), так бы мовіць, — і ўсё, што я мог зрабіць, — гэта ўяўляць. Адна частка мяне думала пра тое, як там можа быць дрэнна, а другая думала і ўзгадвала, як ты адаптавалася да розных абставінаў. І калі я ўбачыў малюнкі і пачаў чытаць турэмныя аповеды, то крыху заспакоіўся, бо выглядала не так блага, як думала песімістычная частка мяне. Ты моцны і пакуль самы камфортны чалавек у маім жыцці, вельмі спадзяюся, што мы хутка пабачымся! Данік Касенка
— Гэтым днём ты пачуеш шмат цёплых слоў. Вер ім, гэта праўда, гэта ўсё чыстая праўда! Рэальнасць вакол цябе моцна змянілася, але не думай, што ты змянілася ўслед за ёй. Не, ніколі ты не ўбярэш у сябе шэрасць сцен, холад падлогі і безаблічнасць камер — ты незвычайная, Кася! І нават калі ты на гэта забудзешся, узгадай нас, тваіх верных і поўных любові сяброў. Што б ні казаў табе змрочны навакольны свет, ты маеш рацыю, маем рацыю мы. Беражы сябе.Лізавета
— Мне вельмі падабаецца стыль Касі. Не толькі ў адзенні і прычосцы, але і стыль таго, як тонка яна адчувае свет. Такое пачуццё выклікаюць у мяне яе фотаздымкі. Падаецца, рэчы, якія яна здымае, навідавоку, але ніхто на іх не зважае. А на кадрах Касі звыклыя аб’екты поўняцца гумарам, іроніяй і прыгажосцю. Я была вельмі рада, калі ёй спадабаўся мой творчы праект, адчула, што рухаюся ў правільным напрамку. Дзякуй, Кася.Яшчэ ў Касі неверагодныя інтанацыі голасу, яркія і музычныя.Лена Іонава
— Здароў, Кася!У мяне ў галаве твае рознакаляровыя шкарпэткі :) Добра памятаю, як у абодвух нас было па пары рознакаляровых шкарпэтак, але мы адзявалі іх у розныя дні. Але я ўсё яшчэ нашу адну жоўтую, а другую блакітную, так што ўпэўнены, што былі дні, калі ў Мінску было як мінімум два дзівака (або дзівачкі) з рознымі шкарпэткамі! Але пакуль я іх не выварочваю, гэта застаецца толькі тваёй асаблівасцю. А іх у цябе шмат! Ты самы «‎суперскі» чалавек з тых, каго я ведаю, і я ўпэўнены, што ты застанешся такой жа класнай, нават калі будзеш «‎бэбушкай». ‎‎Карацей, люблю, абдымаю і вельмі чакаю цябе і ўвесь твой крэатыў!Лёша