Фігурантам «пінскай справы» пагражае да 6,5 гадоў калоніі
Крымінальная справа 14 пінскіх палітвязняў, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску, разглядаецца ў судзе Маскоўскага раёна Брэста з 23 сакавіка. Пацярпелымі па справе выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі і чыноўнікаў, якія ў агульнай суме патрабуюць ад палітзняволеных каля 530 тысяч рублёў кампенсацыі.
Свае маральныя пакуты пінскія міліцыянты абгрунтавалі тым, што яны «выпрабавалі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу». «Пінскую справу» разглядае сумнавядомы суддзя Яўген Брэган. 14 красавіка пракуроры Дайнэка і Ляшок запрасілі ў суда пакаранне для абвінавачаных: ад пяці з паловай да шасці з паловай гадоў калоніі.
Як дзяржабвінаваўцы просяць пакараць палітвязняў?
36-гадовага маналітчыка Багнаўца Рамана — 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму;20-гадовага заўзятара ФК «Хваля» Богната Данііла — 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму;31-гадовага Гунько Рыгора — 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму;28-гадовага работніка «Пінскдрэва» Ляжэнку Сяргея — 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму;43-гадовага дальнабойшчыка Міхайлава Станіслава — 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму;44-гадовую санітарку Маўшук Алену — 6 гадамі калоніі агульнага рэжыму;42-гадовага Маўшука Сяргея — 6,5 гадамі калоніі строгага рэжыму (адзіны на волі пад дамашнім арыштам);20-гадовага Масціцкага Дэвіда — 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму;35-гадовага таксіста Рагашчука Вячаслава — 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму;19-гадовага заўзятара ФК «Хваля» Рубца Алега — 5,5 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму;37-гадовага актывіста Руху «За Свабоду» Салаўя Ігара — 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму;35-гадовага Цярэшку Аляксандра — 6,5 гадамі калоніі строгага рэжыму;32-гадовага Халімончыка Артура — 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму;20-гадовага Шэлямета Вячаслава — 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Усе, акрамя палітзняволеных Данііла Богната, Ігара Салаўяў, Станіслава Міхайлава, прызналі віну часткова. Данііл, Ігар, Станіслаў віну не прызналі цалкам. Некаторыя тлумачылі, што не збіраліся наносіць траўмы супрацоўнікам міліцыі, а білі толькі па шчытах, іншыя не згаджаліся з колькасцю нанесеных удараў. Таксама яны не прызнаюць папярэдні намер і змову.
Усе, акрамя Сяргея Маўшука, знаходзяцца ў брэсцкім СІЗА-7. Сяргею абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту, а яго жонка ўжо больш за восем месяцаў утрымліваецца пад вартай.
У хуткім часе па справе чакаюцца апошнія словы і вынясенне прысуду.
У чым іх абвінавачваюць?
Паводле версіі абвінавачвання, 14 абвінавачаных, «прыняўшы 9 жніўня 2020 года ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынка Пінскага райвыканкама, груба парушылі грамадскі парадак».
«У яго развіццё ўчынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі — дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагментамі тратуарнай пліткі і бетонных парапетных пліт, бутэлькамі, камянямі, металічнымі вырабамі і арматурай. Пасля чаго наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якія належалі АУС, фізічным і юрыдычным асобам».
Так, паводле версіі абвінавачвання, Ляжэнка выламаў палку з лаўкі і нанёс ёю не менш за 10 удараў па супрацоўніках міліцыі, потым дастаў іншую палку і нанёс яшчэ не менш за тры ўдары. Багнавец выламаў кол для падвязкі дрэў і кінуў у пастраенне сілавікоў. Халімончык шпурнуў у міліцыянтаў пластыкавую бутэльку і палку, нанёс не менш за два ўдары палкай. Гунько ўдарыў адзін раз рукой у шчыт, потым вырваў з клумбы кветкі з каранямі і грунтам, «вырабіўшы тым самым прыладу злачынства», і кінуў у сілавікоў. Туды ж кінуў і металічную скрыню. Шэлемет кінуў у міліцыянтаў камень, пластыкавую бутэльку, падпалены пачак цыгарэт і дошку. Рагашчук кінуў неўстаноўлены прадмет, спрабаваў вырваць скрыню, не менш за пяць разоў ударыў палкай па супрацоўніках АУС. Рубец кінуў у шарэнгу міліцыянтаў жменю зямлі з клумбы і камень. Цярэшка кінуў палку і неўсталяваныя прадметы. Богнат кінуў камень, фрагмент разбітай шкляной бутэлькі і неўсталяваны прадмет. Міхайлаў біў нагой у шчыты, падняў бетонную паўсферу і шпурнуў яе ў бок міліцыянтаў. Масціцкі ударыў чатыры разы палкай. Салавей заклікаў дэмантаваць плітку, кінуў неўсталяваны прадмет. Алена Маўшук падышла да шарэнгі сілавікоў і ўдарыла па шчытах рукамі, драўляным колам і палкай. Сяргей Маўшук кінуў у міліцыянтаў палку.
Што кажуць пацярпелыя?
Пацярпелымі па справе выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі, большасці якіх прычыненая шкода, якая не пацягнула за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. На судзе ўсіх міліцыянтаў дапытваюць дыстанцыйна з пінскага суда — праз відэаканферэнцсувязь.Так дапыталі 72 пінскіх міліцыянтаў, якія агулам ацанілі маральную шкоду на суму 382 500 рублёў. Свае маральныя пакуты міліцыянты абгрунтоўваюць тым, што яны «выпрабавалі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу».
Супрацоўнікі Пінскага дэпартамэнта аховы адмовіліся ад матэрыяльнай кампэнсацыі ад 14 фігурантаў «пінскай справы». У адрозненне ад супрацоўнікаў Пінскага РАУС і ГАУС, прэтэнзій матэрыяльнага характару да абвінавачаных яны не маюць. Таксама не заявілі патрабаванняў аб кампенсацыі шкоды супрацоўнікі Іванаўскага РАУС, якія прыбылі ноччу з 9 на 10 жніўня ў Пінск на падмацаванне. Аднак іншыя міліцыянты і чыноўнікі патрабуюць ад палітзняволеных у межах гэтай справы агулам каля 530 тысяч рублёў кампенсацыі.
Па «пінскай справе» міліцыянты заявілі маральную шкоду на 380 тысяч рублёў. У адказ на гэта пінчукі просяць правесці іх атэстацыю на адпаведнасць займаемым пасадам.Суд Маскоўскага раёна Брэста ужо трэці тыдзень разглядае крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса супраць 14 пінскіх палітвязняў, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску.
Больш за тры тысячы чалавек просяць правесці пераатэстацыю пінскіх міліцыянтаў
У адказ на канвеерны допыт пацярпелых-міліцыянтаў і іх паказанні жыхары Пінска і Пінскага раёна стварылі петыцыю, у якой просяць Упраўленне ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама правесці пазачарговую атэстацыю ўсіх пацярпелых супрацоўнікаў пінскіх ГАУС і РАУС, якія былі задзейнічаныя ў працы на вулічных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў у Пінску 9 і 10 жніўня 2020 года і ўстанавіць ступень адпаведнасці названых супрацоўнікаў займаемым пасадам.
Як адзначаюць пінчукі ў петыцыі, на судзе супрацоўнікамі Пінскага ГАУС і РАУС былі дадзены паказанні наступнага характару — што, «выконваючы свае абавязкі па ахове грамадскага парадку ў перыяд з 9-га па 10-га жніўня 2020 года», яны «выпрабавалі страх, прыніжэнне, боль і сорам». Паводле паказанняў супрацоўнікаў пінскіх ГАУС і РАУС, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу. Пры гэтым, па дапамогу вузкіх спецыялістаў (псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў) яны не звярталіся і не звяртаюцца.
«Мы выказваем сур'ёзную занепакоенасць: ці дазваляе маральна-псіхалагічны стан дадзеных супрацоўнікаў выконваць задачы па абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь ад крыміналітэту, супрацьстаяць забойцам, рабаўнікам і гвалтаўнікам, якія стаяць перад органамі ўнутраных спраў?» — задаюцца пытаннем у петыцыі.
Таксама пінчукі адзначаюць, што лічаць рашэнне апісанай праблемы надзвычай важнай справай, бо «за бяспеку грамадзян павінны адказваць супрацоўнікі праваахоўных органаў з устойлівай псіхікай».
На дадзены момант петыцыю падпісалі больш за 3200 чалавек. Гэтая лічба расце.