Ліст ад Міколы Статкевіча: З турмы нават калонія здаецца нечым добрым
Жорсткі ціск на палітзняволеных не спыняецца. Пацвярджае гэта новы ліст з-за кратаў былога кандыдата на прэзідэнцтва Міколы Статкевіча. І на змены ў лепшы бок разлічваць не даводзіцца, мяркуе жонка вязня магілёўскай турмы. Як кажуць, лепшае... ужо было.
2.06.2014: Ліст ад Мікалая Статкевіча
МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА М. СТАТКЕВІЧА:
“Мікола ўпершыню за апошнія два з паловаю гады напісаў, што з турмы ўжо і калонія ўспрымаецца як нешта добрае, бо там ёсць дастаткова вялікая (параўнальна з памерамі турэмнай камеры)
адкрытая прастора. Там можна ўбачыць сонца, дрэвы, траву і кветкі”.
Як выявіў чарговы ліст, асуджаны на шэсць гадоў турмы
ўдзельнік Плошчы Мікола Статкевіч надалей застаецца ў статусе самых злосных парушальнікаў турэмнага рэжыму, што не сталі на шлях выпраўлення. Асобаю, схільнаю да ўцёкаў і нападаў, яго прызналі больш
за два гады таму, і статус гэты не змяніўся да сёння. Як напісаў палітвязень у лісце да жонкі…
МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА М. СТАТКЕВІЧА:
“…Праз гэта яны праводзяць са мною выхаваўчыя размовы. Насамрэч гэта вельмі смешна! Я рэгулярна ім абяцаю на нікога не нападаць, бо я добры”.
Аднак са статусам злоснага парушальніка зусім не да
смеху ў рэаліях беларускай турмы.
АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:
“Чалавек трапляе пад поўны кантроль, можна сказаць штогадзінны. Яго абмяжоўваюць у кантактах з людзьмі, да яго нельга падыходзіць. Усё гэта робяць дзеля таго, каб чалавека
надламаць”.
А быццам у турме адчуваюць сябе нават тыя, хто выйшаў
на волю. Са словаў праваабаронцаў, якія сочаць за лёсам нядаўна вызваленых, назваць жыццё былых палітычных вязняў нармальным немагчыма.
АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:
“Першая праблема – гэта ўладкавацца на працу. Як толькі спрабуеш уладкавацца, ты мусіш паведаміць у міліцыю, якая прыходзіць праверыць працоўнае месца, патэлефанаваць дырэктару або
прадпрымальніку. Зачастую кіраўнікі прадпрыемстваў стараюцца не звязвацца з такімі людзьмі. Другая праблема – па два разы міліцыя прыходзіць уначы, у любы момант”.
А найбольш складанаю, паводле апошніх звестках,
застаецца сітуацыя Мікалая Аўтуховіча і Аляксандра Малчанава.
“Аб’ектыў”, belsat.eu