Лідар лукашысцкага гурта «Галасы ЗМеста» паскардзіўся, што беларусы ім нідзе не радыя

Праўладная група «Галасы ЗМеста» адыграла серыю канцэртаў, каб сабраць сродкі на дапамогу так званай «ДНР». Учора канцэрт быў у Мінску. Але на сцэну прабівацца, па прызнанні самой групы, ім няпроста.

bez_tytulu_1_1024x521.png

Пра гэтыя канцэрты паведаміў Аляксандр Семчанка, прарасійскі палітолаг родам з Данецка, заўважыла «Наша Ніва».

Выданне адзначае, что Семчанка таксама прывёў словы лідара групы Дзмітрыя Бутакова пра тое, як музыкам нясоладка.

«Былі нюансы. Іпэшнік, які валодае дошкамі аб'яў на прыпынках, без тлумачэння прычын забараніў расклейваць афішы пра канцэрт. І ў выканкам паступалі званкі ад «грамадзян»: маўляў, навошта яго наогул праводзяць. Гэта са слоў арганізатараў.

Такая ж сітуацыя была і ў Пінску. У гэтым сэнсе нашы два гарады самыя бэчэбэшныя. А гукарэжысёр, які ў нас у ДК (маецца на ўвазе ДК у горадзе Баранавічы — родным горадзе групы) працуе і ставіць апаратуру, наогул адкрыта заявіў, што ён супраць Расіі», — казаў Бутакоў.

Раней лідар групы ў адным з інтэрв'ю хваліўся, што яны выпускаюць па дзве сатырычна-палітычныя песні на тыдзень. І тлумачыў, што іх не клічуць на цэнтральныя дзяржаўныя канцэрты, тым, што сітуацыя супакоілася і цяпер іх творчасць не такая запатрабаваная.


Глядзіце таксама

Пра групу «Галасы ЗМеста» шырокая грамадскасць даведалася пасля выбараў. Яна выконвала з'едлівыя агіткі аб пратэстах, дваровых чатах, апазіцыйных палітыках, а цяпер і на тэму вайны. У 2021-м групу збіраліся адправіць ад Беларусі на Еўрабачанне з песняй «Я навучу цябе». Але Еўрапейскі вяшчальны саюз у выніку дыскваліфікаваў Беларусь, бо гэта палітызаваная песня парушала правілы конкурсу.

У групу ўваходзяць былыя кавэзэшнікі з Баранавічаў.