Краіна співаецца

Трапіў неяк на расійскім тэлеканале на перадачу «Агульная справа» і застаўся да яе канца. Гаворка ішла аб п’янстве.



d6317f80523fdf2a7375da19c9a006b8.jpg

Трапіў неяк на расійскім тэлеканале на перадачу «Агульная справа» і застаўся да яе канца. Гаворка ішла аб п’янстве.
Былі розныя прамоўцы. Адны заклікалі прыняць закон, які абмяжуе ўжыванне алкаголю. Другія пярэчылі, пагражаючы самагонам і ўжываннем спіртаўтрымліваючых тэхнічных вадкасцей. Трэція аналізавалі прыклад заходніх краін, дзе п’юць, але ведаюць меру. Святар заклікаў звярнуцца да Бога. Быў гарадскі вар’ят з прыкметамі алкагалізму на твары, які распавёў, як п’юць у асяродку мастакоў. Гучалі заклікі адкрыць ЛТП па прыкладу СССР і Беларусі і пачаць прымусова лячыць аматараў «зялёнага змея». Нехта прыгадаў і славутае выслоў’е вялікага князя кіеўскага Уладзіміра пра весялосць на Русі.
Але не праходзіла і не прайшло адчуванне безнадзейнасці. На свядомасць давілі лічбы, што прагучалі, — 18 літраў чыстага алкаголю на душу насельніцтва РФ. Гэта ў два разы больш той мяжы, за якой пачынаецца выраджэнне генафонду. А калі ўлічыць, што прыкладна траціна насельніцтва ў Расіі мусульмане, якія не п’юць ці п’юць мала, то лічбы робяцца яшчэ больш жахлівымі.
У Беларусі сітуацыя крыху лепшая. Але не нашмат — каля 11 літраў улічанага алкаголю на сённяшні дзень і тэндэнцыя далейшага росту. Мая цешча, добры дзіцячы доктар, адзначала рост прыроджаных хвароб у немаўлят яшчэ 30 гадоў таму, калі алкаголь ужываўся ў памеры каля 8 літраў на душу. Сёння прыкметы алкагалізацыі грамадства навідавоку. Раніцою збіраюць бутэлькі і рыюцца ў сметніцах ужо не бабулькі, а мужыкі сярэдняга веку. Вечарам на прыгожых лавах уздоўж вуліцы Якуба Коласа студэнты без палавых адрозненняў распіваюць піва «з гарла». Я спрабаваў тлумачыць хлопцам у тралейбусе, што піць піва, як есці, мыцца, адпраўляць малую і вялікую патрэбы, неабходна ў спецыяльна адведзеных месцах. Гэта — норма культуры. Глядзяць як на дзівака. Ім ніхто такога не казаў. Часам спыняюць смактаць піва, а часам моўчкі працягваюць.
Алкаголь — гэта наркотык. І як наркотык ён выклікае прывыканне. Пры раптоўным спыненні яго ўжывання назіраецца нешта накшталт ломкі. Трэба прыняць порцыю алкаголеўтрымліваючай вадкасці, каб спыніць пакуты. Алкаголь паралізуе волю і павольна, але няўхільна вядзе чалавека да смерці. Співаліся і сыходзілі з гістарычнай арэны цэлыя плямёны і народы. Каланізатары эфектыўна выкарыстоўвалі спірт разам са зброяй для «асваення» Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі і Сібіры. Зараз пагроза выраджэння навісла над Расіяй і Беларуссю.
Навукоўцы вызначаюць прычыны трох кшталтаў, якія вядуць да алкагольнай залежнасці. Генетыка, фізіялогія і сацыяльныя ўмовы. Генетыка — поле для навукі. Фізіялогія — для дактароў. Сацыяльныя ўмовы — наша агульная справа. Справа, што залежыць найперш ад улады, якую мы выбіраем.
Я не люблю імператара Мікалая Другога (празванага Крывавым). Але адну справу ён зрабіў добра. З пачаткам Першай сусветнай вайны ва ўмовах выбуху шавінізму ён увёў сухі закон — цвярозыя войскі ішлі вызваляць Царград ад туркаў і вучыць германцаў. І да кастрычніка 1917-га салдаты паміралі на франтах не п’яныя. Не было перад атакай сталінскіх ста грамаў. Затое з часоў Другой сусветнай вайны ўжыванне алкаголю ўвесь час расло. І дайшло да таго, што алкаголь стаў адной з галоўных крыніц напаўнення бюджэту. Народ трапіў у заганнае кола. Грошы, сабраныя ад продажу спіртнога, ішлі на лячэнне ад алкагалізму і на пенсіі. Аднак сярэдняя працягласць жыцця паніжалася, пакуль для мужчын не стала ніжэй за пенсійны ўзрост. Кропка. Далей рухацца няма куды.
Зразумела, што трэба лячыць, трэба мець ЛТП, трэба падвышаць узрост для вольнага продажу спіртнога. Трэба будаваць спарткомплексы і бегаць кросы. Трэба падвышаць якасць і кошт напояў. У кляты савецкі час за сярэдні заробак можна было набыць 30–40 бутэлек гарэлкі, а зараз — больш за 150! Мора разліванае. Рай для турыстаў з Фінляндыі. Толькі ўсе пералічаныя меры лекуюць сімптомы хваробы, а не яе прычыну. Пра прычыну гавораць няўцямна, быццам саромеючыся. Цяжкасці жыцця. Стрэсы. Але і гэта — другаснае.
Скажам проста і адназначна — бязвер’е і адсутнасць свабоды. Панаванне начальнікаў-халуёў і бессаромных «ідэолагаў». Панаванне хлусні і гвалту. Акіяна хлусні, у якім патанае краіна. Адсутнасць выбару як прэзідэнта, так і мясцовай улады. І ніводнага слова пратэсту з боку цэркваў, што ўсходняга, што заходняга падпарадкавання. Ніводнай малітвы за вызваленне вязняў, кінутых за краты беззаконна. Быццам не Хрыстос ахвяраваў сваім жыццём за нашы правы. Таму здольныя і працалюбівыя людзі пакідаюць краіну. Астатнія співаюцца. Калі не вераць у Бога і не змагаюцца за свабоду.