Колькасць палітычных вязняў у Беларусі набліжаецца да сотні

Праваабарончая супольнасць прызнала статус палітвязня за Андрэем Чапюком — валанцёрам праваабарончага цэнтра «Вясна», закрытага ўладамі. Паведамляецца, што гэта ўжо 96-ты палітвязень у Беларусі.

Андрэй Чапюк. Фота з сацыяльных сетак

Андрэй Чапюк. Фота з сацыяльных сетак


Хлопца затрымалі ў Мінску 2 кастрычніка супрацоўнікі ГУБАЗІК. Дома ў яго адбыўся ператрус. 9 кастрычніка, як піша «Вясна», Чапюку прад’явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Ён заключаны пад варту і змешчаны ў СІЗА №1 Мінска.

«Пераслед Андрэя Чапюка ў сувязі з яго легітымнай праваабарончай дзейнасцю расцэньваецца намі як працяг кампаніі па запалохванню і ціску на прадстаўнікоў ПЦ «Вясна», і ўсю праваабарончую супольнасць краіны ў цэлым» — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты Андрэя Чапюка, спыніць яго крымінальны пераслед, спыніць ціск і пераслед беларускіх праваабаронцаў, а таксама няўхільна выконваць міжнародныя абавязацельствы Беларусі па гарантыях ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці ў краіне.

Пад заявай падпісаліся Праваабарончы цэнтр «Вясна», РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт», таварыства «Ініцыятыва FORB», РГА «Прававая ініцыятыва», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман канстанта», Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права».