Колькі каштуе рэзідэнцыя?

Аб’яднаная грамадзянская партыя не спыняе спробаў высветліць, колькі ж каштуе новая рэзідэнцыя прэзідэнта — так званы Палац незалежнасці. Заява Аляксандрра Рыгоравіча пра тое, што ніводнай капейкі на яе будоўлю не пайшло з дзяржаўнага бюджэту, выклікала новы ўсплёск энтузіязму. АГП гаворыць: нехта хлусіць.



1419ab47fab4d175b7ed8af3fc3683e7_w300_h200_q95.jpg

Выступаючы ў Магілёўскім універсітэце, сваёй «альма-матэр», Лукашэнка заявіў дакладна: «Сёння часта крытыкуюць за Палац незалежнасці. Яны нават не ведаюць, колькі гэта каштуе, за якія грошы пабудаваны. Там няма ніводнага бюджэтнага рубля». І ўдакладніў, што «гэта не рэзідэнцыя прэзідэнта, там будзе адзін прэзідэнцкі пакой».

У сувязі з гэтым лідэр АГП Анатоль Лябедзька тэрмінова склікаў журналістаў, каб прадэманстраваць ім дакументы. АГП у межах кампаніі па барацьбе з карупцыяй спрабавала высветліць, за які кошт і на якія грошы будуецца аб’ект. На адпаведны запыт партыі намеснік міністра фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын не далей як 28 жніўня адказаў: адміністратыўны будынак узводзіцца ў межах Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. «Будаўніцтва вышэйзгаданага аб’екта ўключана ў Праграму на падставе роўнадолевага ўдзелу сродкаў рэспубліканскага бюджэту і бюджэту горада Мінска (…) Пры гэтым адказным (замоўцам) па будаўніцтву гэтага аб’екта вызначаны Мінскі гарвыканкам».

Больш за тое, у адказе Амарына яўна сказана, што ўзводзіўся гэты аб’ект без праекта. «Улічваючы паралельнае вядзенне будаўніцтва аб’екта з распрацоўкай праектна-сметнай дакументацыі, канчатковы кошт аб’екта вызначаецца заказчыкам», — гаворыцца ў адказе Амарына.

Улічваючы сказанае Лукашэнкам і дакументам з Мінфіна, Лябедзька вырашыў: хтосьці хлусіць. «У сувязі з тым, што, магчыма, нас увяла ў зман адна з дзяржаўных асобаў, я зараз звяртаюся ў Генеральную пракуратуру рэспублікі з патрабаваннем высветліць, хто дае непраўдзівую інфармацыю. Хай генпракурор выступіць «трэцім бокам» у гэтай спрэчцы. Ёсць адміністрацыйная і крымінальная адказнасць, бо гэта ёсць дэзінфармацыя», — кажа Лябедзька.

Адначасова палітык накіруе зварот і ў пракуратуру Мінска — на гэты раз, у адносінах да кіраўніка Мінска Мікалая Ладуцькі. Паколькі замоўцай Палаца з’яўляецца Мінгарвыканкам, АГП 4 верасня накіравала спадару Ладуцьку пісьмовыя пытанні па гэтай справе. У прыватнасці, спадар Ладуцька павінен быў адказаць, колькі ж каштуе рэзідэнцыя Аляксандра Рыгоравіча (уключаючы распрацоўку праектна-сметнай дакументацыі, будаўніцтва і аздабленчыя працы). А таксама паведаміць, колькі грошай выдзяляецца на гэта з бюджэту Мінска, а колькі — з рэспубліканскага бюджэту.

Ліст Ладуцьку быў адпраўлены «заказным з паведамленнем». У паведамленні, якое вярнулася ў АГП, пазначана, што Мінгарвыканкам гэты ліст прыняў 9 верасня. Такім чынам, месячны тэрмін, адведзены заканадаўствам на адказ, скончыўся, але адказу АГП не атрымала. Зараз Ладуцька павінен адказваць ужо за парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян.

Што ж тычыцца пытанняў, рэзідэнцыя гэта ці не, то Лябедзька верыць сваім вачам. «Калі на будынку залатымі літарамі напісана, што гэта рэзідэнцыя прэзідэнта, значыць, гэта рэзідэнцыя прэзідэнта, няма чаго тут мудрагеліць», — кажа ён.

7ef2cf3b403127de951fa54d079f8e83_w300_h169_q95.jpg

Але ўсёй гэтай блытанінай сам Аляксандр Лукашэнка дае козыры ў рукі сваім апанентам на выбарах. Прынамсі, АГП будзе спрабаваць скарыстаць гэтую інфармацыю напоўніцу.

«Праблема ўзнікла з-за таго, што Ладуцька не абіраецца на свабодных і сумленных выбарах, пяцьдзесят з нечым дэпутатаў Мінгарсавету не абіраюцца на свабодных і сумленных выбарах, урад не фармуюць выбраныя 109 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — яны ўсе прызначаныя. Гэта галоўная праблема. І пакуль мы яе не вырашым, мы будзем атрымліваць вось такія хлуслівыя паперкі», — кажа Лябедзька.

«Калі мы будзем прымаць удзел у мясцовай выбарчай кампаніі, у мясцовых выбарах, то тыя спікеры ад АГП напоўніцу скарыстаюць гэтую сітуацыю. Гэта будзе іх тэма. Мы будзем гаварыць пра свабодныя і сумленныя выбары, чаму яны патрэбныя — каб мы кантралявалі бюджэт, каб людзі, якія пражываюць у Мінску, ведалі, куды ідуць іх грошы, іх падаткі. Мы не ідзем на выбары, але мы будзем рэгістраваць людзей, каб яны маглі выйсці ў раён Камароўкі, на пляц Незалежнасці, узяць мегафон і распавесці пра гэтую сітуацыю: пра адказ Амарына, неадказ Ладуцькі», — патлумачыў Лябедзька.

Пакуль і без выбараў АГП тлумачыць народу, куды ідуць ягоныя грошы. 18 кастрычніка каля прахадной Мінскага аўтазавода затрымалі двух сябраў АГП, якія якраз распаўсюджвалі бюлетэнь з інфармацыяй пра 12 рэзідэнцый Аляксандра Рыгоравіча. Затрыманых пратрымалі тры гадзіны ў пастарунку, і адпусцілі да тых часоў, пакуль не будзе праведзеная экспертыза друкаванай прадукцыі.

Пра экспертызу Лябедзька не турбуецца, бо яна ўжо была праведзеная ў свой час у аналагічнай сітуацыі ў Бабруйску. Па меркаванні палітыка, гэта азначае, што ўсё, сказанае ў бюлетэнях пра рэзідэнцыі Лукашэнкі і пра Палац незалежнасці — праўда.

Канешне, цікава пачуць ад Ладуцькі, колькі Мінск патраціў на рэзідэнцыю. Бо з гэтага хоць можна будзе прыблізна казаць пра кошт аб’екта. Па чутках, «асноўная лінія» будоўлі, без выпраўлення ўсялякага браку і недаробак, каштуе 5 млрд еўра. За такія грошы мы б маглі разлічыцца з паловай знешняга доўгу краіны і не прасіць у Расіі крэдыт на 2 млрд. долараў. Тым больш, што зараз у нас ідзе год беражлівасці.

Што ж тычыцца браку і недаробак, то дакладна вядома, што ў 2012 годзе на Палац бюджэт Мінска «дадаткова» выдзеліў каля 6 млн. долараў — інфармацыя пра гэта была распаўсюджана дзяржаўным агенцтвам «Мінск — новости». Столькі ж грошай ў 2012 годзе было выдзелена (таксама дадаткова) на рэканструкцыю выставачнага комплексу «БелЭкспа», які знаходзіцца побач з будынкам Палаца.

Цікава будзе не толькі атрымаць ад Ладуцькі лічбы, але і даведацца, чаму на аб’ект рэспубліканскага значэння грошы дае мясцовы бюджэт.