Камусьці адключаюць ваду, а пісьменніцы Марыі Мартысевіч адключылі электрычнасць
"Гэтая мілая дама ў кампаніі абыходлівага электрыка толькі што адключыла нам электрычнасць за нясплату камунальных паслуг", напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку пісьменніца Марыя Мартысевіч
"Прыгажосць у тым, што за электрычнасць, як і за тэлефон з інтэрнэтам, і нават 0,93 капейкі ў месяц за дамафон мы спраўна плацім. Газ аплочаны на год наперад.
Зрэшты, калі ў нас колькі гадоў таму была некалькімесячная нястача аплаты электрычнасці праз памылку ў разліках, нас не чапалі. А вось камуналку я не заплаціла ўсяго два месяцы як — за верасень і за кастрычнік. Па тэлефоне ў РСЦ, калі пыталіся за нясплату, наўпрост адказвала, што заплачу, калі сыйдзе Лукашэнка.
У мяне былі і чыста прафесійныя прычыны не плаціць камуналку, па згодзе, канешне, з уладальнікам нерухомасці Паўлам Касцюковічам нам чыста як пісьменнікам хацелася паглядзець, як далёка ўсё зойдзе. А асабіста мне хацелася паглядзець у вочы ўмоўнай Дар’і Гурыновіч, якая будзе выконваць палітычную замову. Як бачыце, рэальная Дар’я Гурыновіч твар ад мяне схавала.
Дар’я Гурыновіч гугліцца як службоўца, якая высяліла з кватэры інваліда на Кедышка за 8 месяцаў нясплаты камунальных паслуг. Наша сям’я на гэтым фоне — анёлкі і барашкі.
Яшчэ пагражаюць адключыць ваду, цікава, як гэта адбудзецца тэхнічна.
Хутка зарад на мабілцы сядзе, я развітаюся з вамі да лепшых часоў.
У краіне пачаўся камунальны генацыд. Але я веру, што ўсё мінецца.
Жыве Беларусь!"
Дарэчы, электрычнасць адключылі не гледзячы на тое, што ў кватэры жывуць двое малых дзяцей.