Калі не мы будзем падымаць сваю нацыянальнасць, то хто тады?
Нядаўна міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў выказаў думку наконт таго, каб вывучэнне геаграфіі Беларусі і гісторыі Беларусі адбывалася на беларускай мове. «Гаварыць пра гісторыю Беларусі на іншай мове —няправільна. Такое наша меркаванне, і мы гэта ўвядзём», — запэўніў Міхаіл Жураўкоў.
Гэта адзін з крокаў да пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы. У перспектыве — выкладанне большай часткі прадметаў па-беларуску. Якая цяпер сітуацыя з навучаннем на роднай
мове ў Брэсцкай вобласці?
Лічбавы малюнак
Да рэформаў у сістэме адукацыі прывыкаць не прыходзіцца. Вельмі часта нешта мяняецца. Адно ўводзіцца, іншае вяртаецца. Ідэя вывучэння гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове не
навіна. Помніцца, гэтыя прадметы і да 2005 года выкладаліся ў школе на роднай мове. Але з 2006 года «палітыка беларусізацыі» рэзка зрабіла крок назад — было
дазволена выкладаць гісторыю Беларусі і геаграфію Беларусі на рускай мове. Як растлумачыў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Ціханчук, тады гэта зрабілі з мэтай палегчыць
нагрузку на вучняў. Лічылася, што так яны лепш будуць разумець і запамінаць праграму гэтых прадметаў. Складана сказаць, ці атрымалася тое, на што была накіравана гэта рэформа, але факт застаецца:
колькасць прадметаў, якія выкладаліся па-беларуску ў школах, скарацілася. А ў апошнія гады назіраецца і паступовае зніжэнне колькасці школьнікаў, якія вучацца на роднай мове. У 2007-2008 годзе
сярэднюю адукацыю на беларускай мове атрымлівалі 25,8 % вучняў, у 2011-2012 г. — ужо 23,8 %, а сёння — 21 %.
Лічбы сведчаць, што ў 2014/2015 навучальным годзе 52 % школ Брэсцкай вобласці — беларускамоўныя. Але лічба адукацыйных устаноў не гаворыць пра колькасць вучняў, якія вучацца
па-беларуску. У рэальнасці з 157 тысяч школьнікаў Брэстчыны на роднай мове атрымліваюць сярэднюю адукацыю ўсяго 33 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Пераважная частка беларускамоўных школ знаходзіцца ў
сельскай мясцовасці. А што тычыцца гарадоў, то тут сітуацыя сумная. У Брэсце на беларускай мове вучацца толькі ў дзвюх установах сярэдняй адукацыі: гімназіі № 3 і пачатковай школе № 34. У гімназіі
каля 450 вучняў. Усе не толькі атрымліваюць веды на беларускай мове, але і актыўна вывучаюць нацыянальную культуру і гісторыю. Праўда, у гімназіі на рускай мове выкладаюцца такія дакладныя навукі, як
матэматыка, фізіка, хімія і біялогія. У пачатковай школе № 34 ёсць толькі адзін беларускамоўны клас, які складаецца з пяці вучняў. І ў гэтым годзе школьнікі завяршаюць першую ступень сярэдняй
адукацыі. Больш беларускамоўных класаў у гэтай школе няма.
Сітуацыя з дзіцячымі садкамі таксама не лепшая. Узяць, для прыкладу, толькі Ленінскі раён Брэста. З амаль 6000 дзяцей толькі 186 займаюцца ў групах з навучаннем на роднай мове.
Стоп-кран для мовы
Чаму ж памяншаецца колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія вучацца па-беларуску? Прычын некалькі. Існуе прамая залежнасць паміж колькасцю сельскіх школ і вучнямі, якія вывучаюць прадметы на роднай
мове. У мінулым годзе з-за маленькай колькасці вучняў у вёсках было зачынена 18 школ. Высновы зрабіць няцяжка.
Яшчэ адна прычына, чаму крывая попыту на беларускую мову рухаецца ўніз, — пазіцыя бацькоў.
— Многія мамы і таты не жадаюць, каб іх дзеці вучыліся на беларускай мове, бо потым, на іх думку, мова выклікае цяжкасці пры навучанні ў вышэйшых навучальных установах. Усе
тэрміны па прадметах там неабходна ведаць на рускай мове, — тлумачыць сітуацыю Міхаіл Ціханчук. — У нас ужо былі выпадкі, калі бацькі пісалі калектыўны ліст, каб
школа перайшла на рускую мову.
Бацькі адказваюць за дзяцей
Права выбару, на якой мове будзе вучыцца дзіця, застаецца за бацькамі. А меркаванні ў іх палярныя. Адны абурана задаюцца пытаннем «А навошта майму дзіцяці вучыцца на
«мове»? Усё роўна ў побыце, з сябрамі, ва ўніверсітэце ён будзе размаўляць па-руску». А вось тыя мамы і таты, якія аддалі сваё дзіця ў беларускамоўны клас, лічаць зусім
па-іншаму.
— Я сама вучылася ў сельскай школе, і ў нас усе прадметы вялі на беларускай мове. Хацела, каб і маё дзіця добра яе ведала. У гімназіі ёсць розныя гурткі па
нацыянальнай культуры. Усё гэта дапамагае палюбіць і беларускую мову, і нашу спадчыну, — тлумачыць мама шасцікласніцы гімназіі № 3 Марына Пашкевіч.
— Калі не мы будзем падымаць сваю нацыянальнасць, то хто тады? Руская мова і так усюды пераважае. А хацелася б, каб было наадварот. Вядома, у ВНУ амаль усе прадметы
выкладаюцца на рускай мове, і гэта мінус. Трэба мяняць справу.
Ёсць яшчэ і трэцяя катэгорыя бацькоў, якія і рады былі б аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы, але баяцца, што гэта можа перашкодзіць разуменню прадметаў.
Колькасць мае значэнне
Маці вучня беларускамоўнага класа 34-й пачатковай школы Маргарыта Вялічкіна не па чутках ведае, што ў дзяцей цяжкасцяў пры навучанні на беларускай мове няма. На яе думку, усе праблемы ідуць ад
дарослых.
— Майму дзіцяці вельмі падабаецца вучыцца па-беларуску. Але некаторыя педагогі не жадаюць выкладаць дзецям на беларускай мове. Няма належнай увагі да гэтага ў
адміністрацыі ўстаноў адукацыі. Калі б настаўнікі і дырэктары школ актыўна гаварылі пра магчымасць навучання на роднай мове і прапанавалі бацькам аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы, то значна
больш дзяцей вучыліся і размаўлялі б на нашай матчынай мове. Многія не аддаюць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы з-за таго, што не ведаюць пра такую магчымасць. Выбар мовы навучання дзіцяці за
бацькамі, а школа мусіць забяспечыць іх законнае права.
Беларускамоўны клас у 34-й пачатковай школе з'явіўся дзякуючы намаганням бацькоў і падтрымцы адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста. Спачатку сын Маргарыты Вялічкінай быў адзіным вучнем,
які жадаў вучыцца на роднай мове. Тады маці сама напісала аб'явы пра набор дзяцей у беларускамоўны клас і расклеіла іх у найбліжэйшых дзіцячых садках. Маргарыце Міхайлаўне не раз давялося
пераадольваць парогі чужой насцярожанасці, многія настаўнікі ў школах і некаторыя выхавальніцы ў дзіцячых садках ставілі пытанне «А вам гэта трэба?». Але вялікае жаданне і праца
прынеслі плён: утварыўся беларускамоўны клас з пяці дзетак. У гэтым годзе яны завяршаюць ступень пачатковай адукацыі. За апошнія тры гады ў школе больш не з'явілася ніводнага беларускамоўнага
класа.
— Гэты клас з пяці вучняў у 34-й школе стаў пэўным выключэннем. На жаль, сёння мы павінны думаць і пра эканоміку адукацыі — пра
выдаткі, якія нясе дзяржава, на падтрымку і развіццё сістэмы адукацыі ў краіне. Таму, паводле рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, напаўняльнасць класа ва ўстановах агульнай
сярэдняй адукацыі на цяперашні час не павінна быць менш за 26 вучняў. Гэтых рэкамендацый мы прытрымліваемся і пры стварэнні новых класаў, і пры правядзенні аптымізацыі сеткі класаў ва ўстановах
адукацыі горада, — тлумачыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама Анатоль Наскоў.
Гэта наводзіць на думку, што колькасць беларускамоўных класаў будзе паступова зніжацца, а колькасць вучняў, якія атрымліваюць сярэднюю адукацыю па-беларуску, памяншацца. Невядома, ці ўратуе
сітуацыю выкладанне на беларускай мове гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі, дачакаемся спачатку гэтай рэформы, якая патрабуе і часу, і сродкаў. Напэўна, вывучыць беларускую мову, калі жадаеш,
можна і за тыя гадзіны, якія цяпер адведзены ў школе. Аднак ці правільна ўвогуле дзяржаве так ставіцца да матчынай мовы? Успамінаюцца словы паэта Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы
нашай беларускай, каб не ўмёрлі».
Святлана Яцанюк, vb.by