«Яны мяне збівалі, а цяпер запрашаюць працаваць». Асуджанаму падчас пратэстаў гарадзенцу прыйшло запрашэнне працаваць у міліцыі

Васіль Дзедавец — студэнт Гродзенскага аграрнага універсітэта, атрымлівае прафесію ветэрынара. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года яго двойчы затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі: збівалі, далі штраф і 15 сутак арышту. Пасля сустрэчы з міліцыянтамі Дзедавец трапіў у бальніцу і да нармальнага жыцця вярнуўся толькі ў кастрычніку. У пачатку снежня на імя Васіля прыйшоў ліст з Дэпартамента аховы МУС: яго запрасілі паступіць на службу ў органы ўнутраных спраў. Сваю гісторыю гарадзенец распавёў журналісту Hrodna.life.

6_179.jpg

Затрымлівалі два дні запар

Першы раз Васіля затрымалі 9 жніўня на Савецкай плошчы і адвезлі ў турму на Кірава. Выязны суд даў студэнту штраф — 15 базавых велічынь (405 рублёў). Другі раз гарадзенца затрымалі 10 жніўня ў інтэрнаце на вуліцы Парыжскай камуны — разам з іншымі студэнтамі ён назіраў за пратэстам. Ноч студэнт правёў у спартыўнай зале Дэпартамента аховы Кастрычніцкага раёна. На раніцу наступнага дня хлопца адвезлі ў турму на Кірава. На гэты раз суд даў яму 15 сутак арышту.

«Першы раз я быў затрыманы за тое, што здымаў на відэа натоўп міліцыі і людзей, якія крычалі. У адзін момант сілавікі сталі бегчы і наляцелі на мяне. Затрымалі з ужываннем сілы і завезлі ў турму».

Пасля прэзідэнцкіх выбараў тысячы гарадзенцаў выйшлі на вуліцы горада, каб выказаць сваю незадаволенасць іх вынікамі і масавымі арыштамі. Тады міліцыя з ужываннем сілы затрымала сотні людзей. Многіх адпусцілі 13 і 14 жніўня, калі рабочыя прадпрыемстваў патрабавалі вызвалення затрыманых. Некаторыя вызваленыя пасля сутак арышту апынуліся ў бальніцы з рознымі траўмамі.

Ударылі па стале — разбілі шкло

10 жніўня студэнты з інтэрната, у тым ліку і Васіль, выйшлі паглядзець, што адбываецца на вуліцы Парыжскай камуны. На вуліцы з'явіліся сілавікі на бусах і ўсе студэнты забеглі ў будынак.

«Ніхто нічога не крычаў, проста спалохаліся тэхнікі, таму і пабеглі. Я паспеў зачыніцца ў пакоі, але праз некалькі секунд амапаўцы выбілі дзверы і пачалі мяне моцна збіваць. Пшыкалі балончыкам у вочы і нешта крычалі. Вахцёрка з інтэрната была сведкам усяго таго, што адбываецца. Яна заступілася за мяне, але яны і на яе крычалі. Паспелі нават ударыць дубінкай па яе стале — разбілі шкло».

На шэрагу кадраў з камеры відэаназірання паказаная дата 8.08.2020. Аказалася, што дата паказаная некарэктна з-за збою ў сістэме, усе падзеі на гэтых кадрах адбыліся ўвечары 10 жніўня 2020 года.

Васіля сілавікі пацягнулі ў мікрааўтобус, ён быў у нацельнай майцы, шортах і шкарпэтках. У бусе студэнту таксама дасталася некалькі ўдараў.

«Завезлі мяне ў Дэпартамент аховы, дзе склалі пратакол затрымання. Трымалі ў спартзале разам з іншымі затрыманымі. Адтуль на наступны дзень мяне адвезлі ў турму на Кірава, там ужо быў суд, рашэннем якога стала 15 сутак арышту. Самае цікавае, што змясцілі мяне ў турме ў тую ж камеру, дзе я быў у дзень выбараў. Незабыўнае пачуццё. На чацвёртыя суткі пасля затрымання мне стала дрэнна: моцна балела галава і ванітавала. Мне выклікалі медыкаў і яны прынялі рашэнне аб шпіталізацыі».

Страшны сон

З турмы Васіля са шматлікімі гематомамі і сінякамі даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі. Там ён прабыў 10 дзён. Пасля выпіскі Васіль пачаў працэс медыцынскай рэабілітацыі і наняў адваката. Ён хацеў абскардзіць пастанову суда і пакараць сілавікоў, якія ўжылі пры затрыманні сілу.

Падаць абскарджанне і адмяніць прысуд удалося. Знайсці і пакараць амапаўцаў, якія збівалі Васіля — не. У канцы лістапада са Следчага камітэта прыйшоў ліст з пастановай аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

«Пасля ўсяго перажытага я працягнуў вучыцца. Калі мяне затрымалі, у мяне была практыка. Вядома, усё успамінаю як страшны сон — пастаянна карціна ў галаве, як мяне затрымліваюць у інтэрнаце і б'юць. Добра, што мяне не адлічылі. Універсітэт пайшоў насустрач, за што я вельмі ўдзячны нашаму рэктару».

mvd_2.jpg
mvd.jpg


«Плюшкі» пры працаўладкаванні ў МУС

У пачатку снежня 2020 года Васілю на адрас прапіскі ў Бярозаўку прыйшоў ліст з сілавых структур. Яго запрашаюць паступіць на службу ў органы ўнутраных спраў на пасаду «міліцыянт» або «міліцыянт групы затрымання». Ліст адправілі з Дэпартамента аховы Маскоўскага раёна Менска.

«Нічога сабе, яны мяне збівалі і цяпер запрашаюць працаваць! Па патрабаванням я адразу зразумеў, што не падыходжу. І калі вышэйшая адукацыя гэта часовы фактар, то адсутнасць абмежаванняў па стане здароўя —спрэчны момант. Як і адсутнасць адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве)».

Васіль думае, што адрасатаў такіх лістоў выбіраюць выпадкова.

«Калі б яны праверылі кандыдатаў у базе звестак, то запрашэння на службу мне б не было. Але больш за ўсё парадавалі «плюшкі», якія яны абяцаюць: заробак 1000 рублёў, магчымасць паступіць у Акадэмію МУС, поўны сацпакет і іншыя льготы».

Як выбіраюць адрасатаў лістоў?

Рэдакцыя Hrodna.life звярнулася за каментаром у Дэпартамент аховы МУС, але адказу мы не атрымалі.

У 2019 годзе TUT.BY распавядаў пра менчука, якому прыйшоў падобны ліст. Тады ў Дэпартаменце аховы растлумачылі: агітацыйна-тлумачальная праца па адборы і вывучэнні кандыдатаў на службу ў органы ўнутраных спраў праводзіцца «на пастаяннай аснове ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам».