«Яны мяне не запалохаюць!» Праваабаронца Алена Маслюкова аштрафаваная на 30 базавых

Суд Светлагорскага раёна разгледзеў 17 чэрвеня адміністрацыйную справу, заведзеную на праваабаронцу «Вясны» і назіральніцу кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алену Маслюкову.

resdefault.jpg

Пратакол правапарушэння быў складзены на падставе часткі 1 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Маёр міліцыі Аляксандр Переведенцев паказаў у пратаколе, што Маслюкова «ажыццяўляла пікетаванне, пры гэтым прысутнічала ў групе грамадзян з дэманстрацыяй асабіста вырабленым Ахрамчуком транспарантам «Свабоду Сяргею Ціханоўскаму».
Суддзёй па справе прызначаная Галіна Гулевіч. Яна вынесла пастанову аб прыцягненні Маслюковай да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь.
«Суд? У Беларусі ёсьць суд? Гэта проста здзек з правоў чалавека. У нас Феміда не толькі з зачыненымі вачыма, але і з заткнутымі вушамі!», — пракаментавала Алена Маслюкова судовае рашэнне. — Справа сфальшаваная ад пачатку і да канца. Міліцыя складае пратаколы таму, што хтосьці там лічыць, што я вінаватая, а суд не слухаючы доказаў, выносіць прысуд, які патрэбен камусьці. Але гэтым яны мяне не запалохаюць. Змагалася з прававым бардаком і буду працягваць гэта рабіць».
Нагадаем, 31 траўня група грамадзян каля гандлёвага цэнтра «Бярозка» падчас пікету па зборы подпісаў, трымала плакат з надпісам «Свабоду Сяргей Ціханоўскаму». Алена Маслюкова назірала за мерапрыемствам.
Праваабаронца Алена Маслюкова з'яўляецца доўгатэрміновай назіральніцай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». На выбарчых пікетах па зборы подпісаў яна ажыццяўляе свае функцыі па назіранні. Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч заяўляе, што адміністрацыйны працэс у дачыненні да Алены Маслюковай расцэньваецца як перашкода ў ажыццяўленні ёй легітымнай дзейнасці як назіральніка.
«З боку кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» мы выказваем рашучы пратэст супраць пераследу Алены Маслюковай і патрабуем неадкладна спыніць адміністрацыйны працэс, які быў пачаты ў дачыненні да яе», — адзначае Валянцін Стэфановіч.
Пратаколы па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце 31 мая складзеныя таксама на актывіста Сяргея Біствіцкага і Віктара Ахрамчука (адразу два пратаколы).
Паводле gomelspring.org