Яндэкс дапаможа мінчанам планаваць паездкі

Мабільны дадатак «Яндекс.Транспорт» з 21 лютага даступны мінчанам. На экране смартфона ён пакажа, дзе зараз знаходзіцца патрэбны транспарт, час яго прыбыцця на прыпынак, а таксама дапаможа пабудаваць аптымальны маршрут. 

yandex_transport.jpg


З пункту гледжання грамадскага транспарту, Мінск вельмі развіты горад: 307 маршрутаў, 2046 адзінак, 16 994 прыпынкаў. Агульны пасажырапаток складае 746.7 млн чалавек у год.
Па словах кіраўніка сервіса «Яндекс.Транспорт» Лізы Семяноўскай, пры распрацоўцы ці развіцці сервісаў яны кіруюцца ў першую чаргу зручнасцю для карыстальніка. У дадзеным выпадку — як прадукт будзе вырашаць задачы пасажыраў у штодзённым жыцці.
Ці трэба спяшацца выйсці з хаты, каб паспець на транспарт, ці ёсць час у чаканні аўтобуса заскочыць у краму на прыпынку, ці варта сесці ў перапоўнены тралейбус ці пачакаць аўтобус, які прыйдзе праз некалькі хвілін і рухаецца ў тым жа напрамку? Як эфектыўна і хутка дабрацца ў незнаёмую частку горада?
На гэтыя пытанні адказвае мабільны дадатак. «Яндекс.Транспорт», які працуе ў 45 населеных пунктах Расіі, а таксама ў Будапешце, Оклендзе, Тамперы і Хельсінкі, а ў дзясятках іншых гарадоў — як даведнік: паказвае інфармацыю аб прыпынках і маршрутах транспарту.
Цяпер, дзякуючы супрацоўніцтву Яндэкса з прадпрыемствам «Мінсктранс», скарыстацца дадаткам можна і ў Беларусі.
Аўтобусы, тралейбусы, трамваі выдзелены на карце пазнакамі, якія рухаюцца практычна ў рэжыме рэальнага часу: дадзеныя абнаўляюцца раз у 15 секунд.
Кожная адзінка грамадскага транспарта перадае на абсталяванне «Мінсктранса» інфармацыю пра сябе: нумар маршруту, ідэнтэфікатар машыны, каардынаты. Адтуль яна паступае ў Яндэкс і адлюстроўваецца ў смартфонах.

img_20180221_112318_logo.jpg


Такім чынам, інфармацыя ў дадатку будуецца на рэальных сігналах грамадскага транспарту, а не раскладу руху.
Для кожнага прыпынку дадатак паказвае спіс усіх нумароў, якія на ім спыняюцца, а для кожнага нумара — лінію маршрута і спіс прыпынкаў. Прыпынкі і маршруты можна дадаваць у абранае, каб кожны раз не шукаць іх нанова.
Каб скарыстацца дадаткам, дастаткова ўвесці патрэбны адрас і задаць зыходную кропку: пасля гэтага маршрут будзе пабудаваны. Калі дадатак знойдзе некалькі варыянтаў праезду, то прапануе ўсе, паказаўшы для кожнага час у шляху, колькасць перасадак і адлегласць, якую трэба прайсці пешшу да прыпынку і ад яго. Пры жаданні можна выключыць від транспарту, на якім не хочацца ехаць.
А калі чалавек баіцца прапусціць свой прыпынак, то можа паставіць у дадатку гукавы сігнал (будзільнік).
На жаль, існуюць складанасці з адлюстраваннем інфармацыі пра маршруткі. Яна ёсць у дадатку, але гарантаваць яе дакладнасць цалкам пакуль не магчыма. Гэта праца на будучыню.
Сэрвіс ад Яндэксу тэрэтычна можа дапамагчы ўдасканаліць працу грамадскага транспарту: выявіць перагружаныя маршруты, прыпынкі, дзе людзі вымушаны доўга чакаць і г.д. Яндэкс гатовы дзяліцца аналітыкай з «Мінсктрансам», галоўнае – гатоўнасць апошняга прымаць і апрацоўваць гэтую інфармацыю.
Яндекс.Транспорт даступны на смартфонах на базе iOS і Android.