Як ачышчалася ад чужой ідэалогіі ды чужых міфаў гісторыя Беларусі (відэа)
У Савецкім Саюзе гісторыя замест таго, каб уздымаць гонар, выхоўвала ў беларусах комплексы. Замест таго, каб навучаць, змушала не задаваць лішніх пытанняў і згаджацца з роляю малодшага брата.
euroradio.fm
Такія мэты пераследаваў у БССР аўтар школьных падручнікаў па гісторыі Лаўрэнцій Абэцэдарскі. Ягоныя кнігі ператварыліся ў сродак рэпрэсіяў, мэта якіх была фальсіфікацыя гістарычных ведаў і дэфармацыя свядомасці беларусаў. Абэцэдарскі сцвярджаў, што беларускі народ ужо з сярэдзіны XVII ст. змагаўся за ўз’яднанне з Расіяй, ігнаруючы такі гістарычны факт: за 300 гадоў ВКЛ правяла 12 войнаў з Масквой агульнаю працягласцю 72 гады.
Ён крытыкаваў тэорыю залатога веку гісторыі Беларусі, які адмыслоўцы звязваюць з ВКЛ, а існаванне беларусаў у княстве лічыў пакутамі пад ботам літоўскіх феадалаў.
Абэцэдараўшчына стала фірмовым азначэннем гісторыкаў, якія імкнуцца замяніць гісторыю беларусаў на вузкі аповед пра народ у лапцях. У гэткай версіі сапраўдныя героі — Іван Жахлівы, Пётр I ды Сувораў, якія тапілі беларусаў у крыві.
Беларусаў прымушаюць паверыць, што іхнаю дзяржаваю быў «Северо-западный край», дзе забаранялі выдаваць кнігі па-беларуску. БНР для такіх гісторыкаў – недарэчнасць, а Слуцкі збройны чын — выпадковасць, беларускія ж дысідэнты ў Савецкім Саюзе — фікцыя, змаганне за незалежную Беларусь на пераломе 1980–90-х — фантазія.
Сёння гэтыя людзі баяцца, што беларусы стануць спажыўцамі дэідэалагізаванай гісторыі сваёй краіны. «Калі гэтая лінія возьме верх, то ў выпадку развароту ўнутранай палітыкі ў гэтым пытанні з’явіцца небяспека вяртання на ўкраінскі шлях развіцця нацыянальнай гістарыяграфіі (знятая ў сярэдзіне дзевяностых, трэба аддаць належнае Лукашэнку)», — тлумачыць Дзяніс Мальцаў, эксперт Расійскага інстытуту стратэгічных даследаванняў.
Але пакуль у абэцэдараўшчыны ёсць такі саюзнік, як Лукашэнка, антыгісторыя дае свой плён. І людзі называюць вайну 1812 года — айчыннай, цара Мікалая — сваім, згадваюць 1939-мы як год уз’яднання Беларусі ды нават сцвярджаюць, што Францішак Скарына жыў і працаваў у Піцеры (нягледзячы на тое, што паўночная расейская сталіца была заснаваная ажно праз 150 гадоў пасля смерці беларускага першадрукара).
«Белсат» вырашыў спытаць жыхароў Беларусі, што апошняе яны даведаліся з гісторыі Беларусі.