Інфаказачцы Бондаравай зноў «далі па шапцы». Гэтым разам — з-за каляднай музыкі

«Зачысціўшы» сталічны Галоўпаштамт ад Санта-Клауса, праўладная і прарасійская актывістка Вольга Бондарава вырашыла пазмагацца з каляднай музыкай. Яна падтрымала зварот у Мінкульт адной са сваіх аднадумцаў з патрабаваннем замяніць там плэйлісты з замежнай каляднай музыкай на беларускія і рускія песні.

novy_chas_miensk_bk__31__logo.jpg

Нейкая Юлія патрабавала замяніць у гандлёвых цэнтрах плэйлісты з замежнай каляднай музыкай на беларускія і рускія песні. Ёй не спадабалася, што ў крамах круцяць «Jingle Bells», песню гурта ABBA «Happy New Year» і іншыя. Гэтая прэтэнзія знайшла ўхваленне і падтрымку ў Бондаравай, пішуць «Белнавіны».

Юлія прапанавала прайграваць у ГЦ беларускія і рускія песні, а таксама песні з савецкіх кінафільмаў. Жанчына нават склала свой плэйліст: «Снег кружится», «Завіруха», «Новогодняя», «Кабы не было зимы», «В лесу родилась елочка», «Три белых коня», «Маленькой елочке холодно зимой», «Расскажи, Снегурочка, где была», «Снежинка», «Новый год у ворот». Нібыта менавіта гэтыя песні беларусы хочуць чуць у грамадскіх месцах.

У падмацаванне сваіх аргументаў аўтарка спаслалася на 17-ты артыкул Канстытуцыі і Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», дзе сказана, што дзяржаўныя мовы ў нашай краіне — беларуская і руская.

Юлія склала таксама спіс гандлёвых цэнтраў, дзе гучыць «непатрыятычная» калядная музыка. У гэты спіс увайшлі амаль усе буйныя мінскія ГЦ. Выключэнне склаў толькі дзяржаўны гандлёвы цэнтр «Сталіца», дзе навагоднюю атмасферу ствараюць «з дапамогай музычнага суправаджэння нашымі песнямі».

Днямі Юлія атрымала адказ на свой зварот з Міністэрства культуры за подпісам першага намесніка міністра Валерыя Грамады, які Вольга Бондарава апублікавала ў сябе ў сацсетках. У адказе сказана, што менавіта Міністэрства культуры і склала «плэйліст аўдыётрэкаў, які складаецца з твораў беларускай і сусветнай класічнай музыкі, у тым ліку прадугледжвае навагоднія песні, для наступнага выкарыстання ў музычным афармленні гандлёвых цэнтраў».

Спіс кампазіцый разаслалі ў МАРГ, Мінскі гарадскі і абласныя выканкамы з прапановай прайграваць іх у крамах і гандлёвых цэнтрах.

Глядзіце таксама