Ігар Логвінаў абскардзіць рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі

Выдавец Ігар Логвінаў не згодны з рашэннем Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі, які пакінуў у сіле загад аб пазбаўленні яго выдавецкай ліцэнзіі, і мае намер падаць касацыйную скаргу.



0_66.jpg

— Рашэнне відавочна несправядлівае, а мы маем намер дамагацца справядлівасці. У судзе з боку Міністэрства інфармацыі мы не пачулі адказы на тыя пытанні, якія былі зададзеныя. Будзем звяртацца з касацыйнай скаргай на гэтае рашэнне, — кажа Ігар Логвінаў.

Ён не выключае, што давядзецца зарэгістраваць выдавецтва за межамі Беларусі і імпартаваць у краіну беларускую літаратуру.

Нагадаем, што 23 верасня прыватнае выдавецтва “Логвінаў” атрымала ад Міністэрства інфармацыі афіцыйнае паведамленне пра пазбаўленне ліцэнзіі на права ажыццяўляць выдавецкую дзейнасць. Ліцэнзію адклікалі па рашэнні калегіі міністэрства “ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні”. Гаворка ішла пра выпуск альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”, які суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім 18 красавіка 2013 года. Выдавецтва "Логвінаў" выступала выдаўцом альбома”.

З патрабаваннем аднавіць ліцэнзію да Міністэрства інфармацыі Беларусі таксама ўжо звярнуліся сотні пісьменнікаў з усяго свету, журналісцкія і пісьменніцкія арганізацыі і творчыя саюзы. Усе яны звяртаюць увагу на выключнасць выдавецтва, якое падтрымлівала і друкавала творы вельмі шырокага кола аўтараў.

18 лістапада Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі адхіліў заяву Ігара Логвінава і стаў на бок Міністэрства інфармацыі. Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"