Ігар Аліневіч: "Жамчужны сядзіць за сваю грамадзянскую пазіцыю"

16 верасня а 18 гадзіне на Сядзібе БНФ адбудзецца Марафон салідарнасці са зняволенымі лідарамі праваабарончай арганізацыі "Платформа Інавэйшн" Андрэем Бандарэнкам і Міхаілам Жамчужным. Напярэдадні імпрэзы былы палітвязень Ігар Аліневіч падзяліўся ўражаннямі пра сустрэчу з Міхаілам Жамчужным, з якім яны нейкі час разам адбывалі пакаранне ў ВК-10.



zamcuzny1.jpg

“Мы ўбачыліся з Міхаілам Жамчужным улетку 2011 года ў карантыне выпраўленчай калоніі №10 (ВК-10). Я быў шакіраваны — Міхаіл выкладаў у мяне ў БДУІРы. Я добра памятаю іх кафедру, якая сапраўды займалася тэхнічнымі навуковымі распрацоўкаі — да іх прыязджалі нават японцы, бо высока іх цанілі —і я не мог зразумець, як такі чалавек, з узроўнем інтэлекта акадэміка апынуўся ў турме. У маёй памяці адразу ўсплылі расказы вязняў ГУЛАГУ 1937 г., калі саджалі менавіта навуковую інтэлігенцыю. Я не мог зразумець, як грамадства магло выкінуць такога чалавека ў лагер.
Міхаіла перавялі на “дзясятку” з ВК-3, дзе ён некалькі гадоў скаргамі змагаўся з мясцовай адміністрацыяй, у выніку чаго ад яго вырашылі пазбавіцца, перавёўшы яго ў іншы лагер. Ён сядзеў па надуманым абвінавачванні — на самой справе, за сваю грамадзянскую пазіцыю. Штодня ён даказваў сваё крыштальна чыстае сумленне і неабыякавасць у дачыненні парушэння любых правоў чалавека.Мы былі ў розных атрадах, аднак часта размаўлялі, абменьваліся часопісамі — абодва вельмі любілі чытаць “Папулярную механіку”, у Міхаіла з сабою былі яго навуковыя манаграфіі. Я іх прачытаў і зразумеў, што гэты чалавек — сапраўдны самародак, талент. 
Мы абмяркоўвалі, што было б добра агучыць усё тое, што адбываецца ў лагерах, і ён папярэджваў мяне, каб я гэтым не займаўся, бо яно, маўляў, таго не варта. Што большасць зэкаў, маючы такую магчымасць, не супраціўляецца; кожны дрыжыць за ўласную скуру. А вось як апынулася — Міхаіл выйшаў, і сам заняўся гэтай справай.
Я абсалютна перакананы, што ад Міхаіла Жамчужнага вырашылі пазбавіцца, зноўку пасадзіўшы яго ў турму. Вырашылі пазбавіцца, бо ён вельмі пісьменна вёў грамадзянскую дзейнасць, ускрываючы ўсю паднаготнуюю гэтай сістэмы. Ён заслужвае звання палітвязня ў значна большай ступені, чым многія іншыя, якія займелі гэты статус”.
Нагадаем, заснавальніка "Платформы Інавэйшн" Міхаіла Жамчужнага асудзілі на 6 гадоў турмы па абвінавачваннях у наўмысным раскрыцці звестак, якія складаюць службовую тайну; незаконным набыцці (вырабу) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, якая складае службовую тайну; дачы хабару.
Нядаўна вязень адзначыў 60-гадовы юбілей.