Ігар Лосік просіць Папу Рымскага «заклікаць спыніцца гэтых страшных людзей»

Палітвязень, медыякансультант «Радыё Свабода» Ігар Лосік напісаў з гомельскай турмы ліст да Папы Францішка. Ён просіць пантыфіка «заклікаць спыніцца гэтых страшных людзей, якім ужо ўсё роўна на лёсы іншых, на сотні разбітых горам сем’яў».

b2dad020_b453_468a_a94b_20e2e1f3f881_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg


Пра зварот Ігара Лосіка да Папы Рымскага Свабодзе паведаміла жонка палітвязня Дар’я Лосік.

У лісце Ігар піша, што сотні і тысячы беларусаў, сутыкнуўшыся з беззаконнем і несправядлівасцю, упадаюць у роспач і не бачаць выйсця з сітуацыі, якая склалася.

«Я не прашу заступіцца за мяне перад некім, але я прашу заступіцца за дабро, за праўду, за справядлівасць, за сотні і тысячы беларусаў, якія страцілі надзею ў такім жа становішчы, як і я, а многія нават горш. Можа быць, я вельмі наіўны, і гэты ліст да Вас не дойдзе, але я пішу яго зусім шчыра і ад чыстага сэрца і веру, што пішу яго не дарма. І мне вельмі хочацца верыць, што Бог не пакінуў нас, што гэтая бессэнсоўная жорсткасць спыніцца, што больш ніхто не памрэ, і ўсе вернуцца да сваіх сем’яў», — напісаў палітвязень.

У чэрвені прадстаўнік Ватыкану, кіраўнік залі друку Матэа Бруні ад імя Папы заявіў, што Францішак «уважліва сочыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі, захоўваючы прыхільнасць да дасягнення дэмакратычных і мірных шляхоў рэалізацыі законных патрабаванняў беларускага народу». Неўзабаве з просьбай маліцца за Беларусь да кіраўніка Святога Пасаду звярнулася жонка палітвязня Паўла Севярынца Вольга.

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля ператрусу дома ў Баранавічах. На яго тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек. Ігар Лосік актыўна асвятляў падзеі выбараў прэзідэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

На Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэння грамадскага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

15 снежня пасля выстаўлення другога абвінавачання Ігар Лосік абвясціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачанне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясце на вачах у адваката і следчага, а таксама абвясціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка змясцілі ў карцар следчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры з якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачанні, невядома. Яго адвакат Дзмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошванні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.