«Я перанесла дзве аперацыі, таму што гумовыя кулі выклікаюць некроз»
Марыі Зайцавай 19 гадоў. Яна — удзельніца акцыі пратэсту. І ўжо месяц Марыя ляжыць у шпіталі: 9 жніўня з-за выбуху шумавой гранаты ёй парвала барабанную перапонку. У яе — некалькі ранаў ад гумовых куляў. І ці адновіцца яе слых, невядома.
Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскім дзяржтэлеканалам заявіў, што ў ізалятары ў завулку Акрэсціна, куды прывозілі затрыманых у першыя дні пратэстаў у Беларусі, не было АМАПу. Таксама, паводле яго слоў, сярод пратэстоўцаў было шмат былых зняволеных, якія "правакавалі" супрацоўнікаў ізалятара.
Людзі, якія выходзілі пасля некалькіх дзён на Акрэсціна, дэманстравалі сінія ад удараў спіны, ногі, ягадзіцы. На гэта Лукашэнка заявіў, што сляды – падробка: "некаторым дзяўчатам дупы фарбавалі сіняй фарбай". Па яго словах, "на сёння сінякоў ўжо няма", а "39—40 хлопцаў з пераламанымі хрыбетнікамі, амапаўцы, да гэтага часу ляжаць у шпіталі".
Але Марыя Зайцава — да гэтага часу, ужо больш за месяц, ляжыць ў шпіталі. І яна зусім на супрацоўніца АМАП. Яна — удзельніца акцыі пратэсту, прыехала ў Мінск з Гомеля
Інтэрв'ю з Марыяй Зайцавай запісала Вольга Бяшлей для тэлеканалу «Настоящее время».
— За гэты месяц шмат чаго адбылося, папраўдзе. Раны мае практычна зацягнуліся, але толькі некаторыя з іх. Напрыклад, мая скронь — магчыма, вы бачылі фатаграфію ў інтэрнэце — на яе месцы была проста дзірка. Яе даволі добра зашылі, яна практычна цалкам загаілася. Але раны ад гумовых куль на сцягне ўсё яшчэ не загаіліся.
Я перанесла дзве аперацыі для выдалення змярцвелых тканак, таму што гумовыя кулі выклікаюць некроз. Гэта не толькі ў мяне так, шмат у каго з пацярпелых на мітынгах такая праблема была. Магчыма, іх зашыюць і яны ўрэшце загояцца.
Мяне двойчы аглядаў оталарынголаг у іншай клініцы. Наколькі я зразумела, у мяне парваная сама перапонка, плюс зрушыліся косці ўнутранага вуха і нешта яшчэ з самім слыхавым нервам. Ён крыху пашкоджаны, праўда, не ведаю нават, ці можна гэта будзе аднавіць самастойна. Месяц мінуў — нейкай асаблівай розніцы я не заўважаю. Таму ўсё ж такі, напэўна, патрэбна будзе аперацыя.
— Калі б вы ведалі, чым усё гэта можа абярнуцца, ці паехалі б 9 жніўня з Гомля ў Менск?
— Думаю, я паступіла б дакладна гэтаксама, калі б вярнулася ў час месяц таму. Абсалютна не шкадую аб тым, што адбылося. Думаю, гэта было нават неабходна. Я не шкадую, што прыехала ў Мінск на пратэсты, прынамсі, я паспрабавала зрабіць свой унёсак у тое, што адбываецца. І я вельмі спадзяюся, што ўсе ахвяры — і мая, і іншых людзей — усё ж былі недарэмныя.
Мне вельмі дапамагае, падтрымліваць баявы дух, тое, што адбываецца на вуліцах. Я бачу, што людзі не здаюцца, што яны падтрымліваюць адзін аднаго. Гэта выдатна, гэта дапамагае трымацца.
Паводле www.currenttime.tv, "Свабода"