Хронікі палітычных рэпрэсій у Беларусі за 3 верасня

Расказваем пра галоўныя падзеі, якія адбыліся сёння ў краіне.

4_456_logo_1.jpg

Палітзняволеная журналістка Дар'я Чульцова «Б*лсата» гэтай раніцай выйшла на свабоду. Яна была затрыманая разам са сваёй калегай Кацярынай Андрэевай 15 лістапада 2020 года пасля стрыму для тэлеканала «Б*лсат» з «Плошчы Перамен». Суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Чульцову і Андрэеву вінаватымі ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады» і прысудзіў ім па два гады калоніі агульнага рэжыму. Дар'я адбыла свой тэрмін і выйшла на волю.

На Кацярыну Андрэеву пасля яшчэ завялі справу і прысудзілі ёй дадаткова 8 гадоў пазбаўлення волі.

* * *

Справу палітвязня Яўгена Батуры перадалі ў пракуратуру. Хутка можа адбыцца суд. Пра гэта паведаміла яго жонка Дзіяна Серадзюк на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Навіны ў вязня такія: следства скончанае, а справу перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд. Таму судовы працэс над Яўгенам можа хутка распачацца.

Нагадаем, Яўген Батура — інжынер, які адпрацаваў 23 гады на адным з вядучых прадпрыемстваў, але перад новым 2022 годам быў звольнены за сваю грамадзянскую пазіцыю.

* * *

Сёння, 3 верасня, у Мазыры затрымалі ва ўласнай хаце праваабаронцу Уладзіміра Целепуна. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго ў межах адміністрацыйнай справы паводле па арт. 19.11 КаАП — «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі ў фэйсбуку» — і завезлі ў мазырскае РАУС.

* * * 

Абвінавачанне запрасіла палітзняволенаму сябру БСДП з Барысава Ігару Ледніку тры гады калоніі агульнага рэжыму. Ігара Ледніка абвінавачваюць у паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядае суддзя Таццяна Шоцік. Вынясенне прысуду адбудзецца 6 верасня.


* * *

Маці-адзіночцы Вользе Крондзе з Івацэвічаў суд забараніў наведваць казіно і гуляць у азартныя гульні. Пра новыя абмежаванні жанчына даведалася 2 верасня ў судзе Івацэвіцкага раёна. Іх наклалі таму, што Вольга не сплаціла 3000 рублёў «маральнай кампенсацыі» міліцыянту Руслану Куцко, які двойчы абразіўся (у тым ліку за знакаміты смайлік-«га@няшку»). Вольгу суд пакараў трыма гадамі «дамашняй хіміі», штрафам у памеры 50 базавых велічынь. Таксама яна мусіла заплаціць «маральную кампенсацыю» міліцыянту. Віны сваёй жанчына не прызнавала. Маральную кампенсацыю плаціць невялікімі часткамі, інакш ёй не дазваляюць мізэрныя заробкі.

* * * 

10-гадовай Багдане, дачцэ затрыманай керамісткі Наталлі Карнеевай, пагражаў дзіцячы дом. Пакуль дзяўчынка знаходзіцца ў прытулку. Увечары стала вядома, што мужа Наталлі Карнеевай выпусцілі на волю.


* * *

Да трох гадоў калоніі асудзілі 33-гадовага драгічынца Антона Малюгу. Яго абвінавацілі ў тым, што ў першыя дні вайны ва Украіне ён «збіраў каля Пінска звесткі аб размяшчэнні воінскіх частак», на мапе Беларусі адзначыў месца размяшчэння воінскіх часцей і скінуў яе чалавеку ва Украіне, а таксама скідаў тэксты ў «экстрэмісцкія тэлеграм-боты». Гэта палічылі дзяржсакрэтамі ды звесткамі, якія складаюць службовую таямніцу.