Грoдзенскія праваабаронцы аспрэчваюць прысуд

Гродзенскія грамадскія праваабаронцы, якія былі аштрафаваныя Ленінскім раённым судом за размяшчэнне ў інтэрнэце фотаздымка на дзень Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, падалі касацыйныя скаргі ў суд вышэйшай інстанцыі. На думку аштрафаваных Уладзіміра Хільмановіча, Рамана Юргеля ды Віктара Сазонава, склад іх нібыта адміністрацыйнага парушэння — бяздоказны.  



sazhiljurg.jpg

Гродзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч адзначае:

— Намер быў адзін — адзначыць дзень Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, адзначыць яго сфатаграфаваўшыся і даслаўшы гэты здымак Алесю Бяляцкаму, як сімвал, як знак падтрымкі. Па сутнасці адбылася медыйная падзея, мы зрабілі ўсё, каб гэта не было кваліфікавана як пікет, бо нікому не былі патрэбныя лішнія адміністрацыйныя спагнанні. Мы проста хацелі адзначыць дзень правоў чалавека, а таксама падтрымаць Алеся Бяляцкага. Тым не менш міліцыя ці спецслужбы — не ведаю хто быў ініцыятарам, — кваліфікавалі гэта як несанкцыянаваны пікет. Зараз мы абскарджваем гэтую справу без аніякай надзеі на тое, што абласны ці Вярхоўны суд нешта зменяць у гэтым прысудзе, мы робім гэта найперш дзеля таго, каб паказаць усю абсурднасць гэтай адміністрацыйнай справы, якая высмактана з пальца.

— Ад самага пачатку было зразумела, што сітуацыя сама па сабе дастаткова абсурдная, абсалютна незразумелая, — кажа гродзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў. — Якой мэты хацеў дасягнуць чалавек, які першым пачаў збіраць нейкія матэрыялы па гэтаму фота? Можа, ён хацеў на нечым зрабіць кар’еру, высмактаўшы з пальца нейкую справу, ці гэта нейкі заказ? Растлумачыць гэта вельмі цяжка, але тое, што будзе далей па накатанай дарожцы, міліцыя будзе складаць пратаколы, суды будуць адпаведна рэагаваць — гэта мы ўжо праходзілі.

На судзе я запытаў: “У чым усё ж такі наша злачынства, у тым, што мы фота ў інтэрнэце размясцілі, ці ў тым, што мы зладзілі пікет?. У доказ таго, што мы зладзілі пікет, няма ніякіх сведчанняў, пра гэта сведчыць толькі фота. Самі міліцыянты блыталіся ў сваіх паказаннях, гаворачы што ў інтэрнэце можна змяшчаць фота, але нешта гэтае фота азначае, такім чынам ніхто толкам не сказаў.

Я задаваў у судзе пытанні, казаў, слухайце, адкрыйце сайт аблвыканкама і паглядзіце, там сотні фотаздымкаў, адкрыйце газету “Гродзенская праўда, паглядзіце, у кожнай газеце ёсць фота. Напрыклад, камуністы ўскладаюць кветкі да помніка Леніна, ні ў каго не пыталіся пра гэта, стаяць з партрэтам Леніна, вось яны сфатаграфаваліся, ніякай заяўкі на гэты дзень пададзена не было, усё як у нас. Чаму вы не ўзбуджаеце справу на гэтых людзей? Гэтых фотаздымкаў вельмі шмат, чаму вы не ўзбуджаеце, чаму вы робіце гэта выбарачна, чаму выбралі менавіта нас? На што нам адказалі: “Не блытайце следства і суд, не мяшайце іншыя справы, мы гэтую справу разглядаем. Абсурднасць сітуацыі захоўваецца — гэта ўжо даказалі іншыя людзі, якія выходзілі фатаграфавацца. Я нават не чакаў, што ўзнікне такая міжнародная рэакцыя. Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі існуюць для таго, каб размяшчаць там фотаздымкі, а тут, аказваецца, за фота могуць прыцягнуць да адказнасці.

— З-за абсурднасці і незаконнасці складзеных на нас адміністрацыйных пратаколаў, з-за несправядлівага рашэння Ленінскага суда Гародні нам 5 студзеня быў прысуджаны штраф у памеры 1,5 млн беларускіх рублёў, — пракаментаваў прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта па Гродзеншчыне Раман Юргель. — З-за гэтай абсурднасці ў грамадзян як у Гародні, так і ў іншых гарадах Беларусі, ва Украіне таксама паднялася хваля салідарнасці з намі і з Алесем Бяляцкім.

Дзеянні міліцыі і суда выклікалі цікавасць да нас і да палітвязня Алеся Бяляцкага. Людзі цікавяцца, пытаюць, заходзяць на сайты, разбіраюцца ў чым справа, і канешне яны на нашым баку, але з-за таго, што міліцыя ў нас фабрыкуе такія справы, людзі баяцца выказаць свой пратэст адкрыта , а таксама тое, што яны нас падтрымліваюць .

Хочацца падзякаваць за тое, што ёсць, за тое, што і нас падтрымалі. Прыемна, што такая хваля салідарнасці пачалася ў Беларусі і ва ўсім свеце — гэта заява Абсерваторыі па правах чалавека і заява Дэвіда Крэмера. Я думаю, што гэтая хваля будзе штораз большай, — спадзяецца праваабаронца.

Скаргі на рашэнне раённага суда накіраваны ў абласны суд. Як адзначаюць праваабаронцы — колькасць абсурдных выракаў па палітычных прычынах імкліва расце ў Беларусі. І агульнанацыянальная і міжнародная салідарнасць і падтрымка абвінавачаных цяпер вельмі важная.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

racyja.eu__layout_rac_imag_377745c97b7fbe9d19cff013670df926.html