Гродна. Ці ёсць ў нас горад святога Губерта?

Месца, куды хочацца вярнуцца, акрэсліваецца не толькі добрай інфраструктурай, дарогамі ці чыстымі вуліцамі, а яшчэ асаблівай атмасферай.



get_img_1_18.jpg

Калісьці даўно, калі грамадскія актывісты пачыналі рабіць неафіцыйныя Дні святога Губерта, яны, напэўна (я не ведаю!), спадзяваліся на тое, што дні гэтыя вырастуць у нешта значнае і важнае. У тое, што будзе фармаваць светапогляд пэўнай часткі гараджан і стане сімвалам, які будзе аб’ядноўваць людзей.  

Амаль так і атрымалася, няхай і ў не такім маштабе, як хацелася. Хаця ў Дзён св. Губерта, тых неафіцыйных, ёсць перспектыва калісьці ператварыцца ў сапраўдны сімвал горада. Заўважна гэта стала толькі ў гэтым годзе, калі гарадскія ўлады вырашылі нарэшце ўзгадаць патрона горада вялікім народным святам. Раптам, дзякуючы кантрасту, усё стала на свае месцы.

  Ёсць пульс?  

Гарадская прастора — складаны і нязменна пульсуючы арганізм. Каб горад жыў паўнавартасным жыццём, новай пліткі і рэканструкцыі будынкаў мала. Зрэшты, калі з пліткай у нас праблем няма, то з рэканструкцыяй гістарычнай спадчыны зусім бяда. І можна кожны год рабіць рамонт фасадаў, але атмасфера ў горадзе ад гэтага не зменіцца. Тут патрэбны комплексныя змены. Знешні бок перамен — толькі частка развіцця горада. Часта ў нашай краіне, і ў нашым горадзе ў прыватнасці, за навядзеннем парадкаў забываюць аб тым нематэрыяльным, культурным, якое, як тонкія карункі — на першы погляд незаўважнае, але вельмі важнае.

  Узяць тыя ж афіцыйныя Дні святога Губерта. Здаецца, добрая ідэя. Грамадскасць уздыхнула — нарэшце. Але ўсе ператварылася ў чарговае калгаснае свята раёна. Ніякай адметнасці. Каб рабіць нешта культурніцкае ў асобна ўзятым горадзе, трэба адчуваць яго пульс, разумець яго асаблівасці. Ну не падыходзяць для каралеўскай Гародні калгасныя святы!  

 Зразумела, там наверсе паставілі птушачку — зроблена. І забылі, і жывуць далей, але горад развіваецца штодзённа. Часта здаецца, што культурніцкая прастора ў нашым горадзе развіваецца насуперак усім забаронам і забабонам.

  Ёсць пульс!  

 І вось адкрываюцца неафіцыйныя Дні святога Губерта. Здаецца, проста выстава, але ў галерэі аншлаг. Галоўнае — атмасфера: еўрапейская, свабодная ў якой утульна і ў якую хочацца вяртацца. Людзі ўсміхаюцца, размаўляюць і чамусьці доўга не сыходзяць. Вось ён, гэты пульс! Адчуваецца недзе на інтуітыўным узроўні. Мы не можам самі растлумачыць, чаму акурат у гэты момант здаецца, што толькі вакол нас круціцца свет...  

Але зараз пульс вельмі слабы, на жаль. Такіх выставаў і мерапрыемстваў мала, людзі не прывучаныя да іх. А як быць прывучаным, калі ў нас няма традыцый? Ніякіх. Хіба толькі Фестываль нацыянальных культур. Але і той больш нагадвае тыя самыя калгасныя святы з абавязковым наборам — шашлыкі, піва, танцы. А вось невялікіх, можа нават камерных, але традыцыйных святаў і мерапрыемстваў вельмі мала.  

 І не таму, што яны не патрэбныя. А гады забаронаў, абавязковыя дазволы, праблемы проста адбіваюць у людзей жаданне нешта рабіць. Выхлапу, як кажуць, няма.

  Калі ёсць пульс, то давайце памарым  

 Еўрапейскія гарады звычайна больш жывыя, чым нашыя. Асабліва гэта бачна на прыкладзе Гародні, якая магла б не на паперы, а насамрэч стаць культурніцкай сталіцай краіны.  

 Вы толькі ўявіце — добрая колькасць невялікіх кавярняў, дзе ўвечары грае джаз, сярэднявечная музыка, папса — ды што заўгодна. Кавярняў так шмат (гэта я ўяўляю), што можна выбраць (!) на ўласны густ. У кожнай — свая атмасфера! Улетку  галоўныя плошчы і вуліцы застаўлены летнімі тэрасамі з  канапамі. Тут да восені можна сядзець завярнуўшыся ў плед, слухаць музыку, піць віно і глядзець, як сонца садзіцца недзе за Нёманам.  

 Мастакі часцяком робяць флэшмобы (гэта я працягваю марыць), выставы, перфомансы. Гастролі вядомых (і не) выступоўцаў ды тэатраў. А на Савецкай безліч вулічных музыкаў. І не ведаеш, куды ўвечары пайсці. Фантастыка? Не. Так жывуць гарады, якія знаходзяцца літаральна ў  ста кіламетрах ад нас.

  Улетку мы трапілі на фестываль джазу ў Варшаву. На галоўнай плошчы цэлы тыдзень выступалі знакамітыя і не вельмі музыкі. Людзі сядзелі ў кавярнях і на зямлі, пілі віно, нехта танчыў, няспынны вір турыстаў, нейкія вялікія балонікі ў паветры. Тут жа гандляркі прадавалі нейкія самаробныя цукеркі. Вось ён, пульс! Горад напаўняецца энергіяй, а гэта вельмі важна для гарадской прасторы, гэта тая сіла, якая дае жыць гораду і гараджанам, бо ўсе мы звязаны не толькі паміж сабой, але і з тым месцам, дзе жывем.

  Ёсць пульс... А ці ёсць горад?  

 У нас ёсць сімвал горада — алень Губерта, ёсць і патрон горада, але гарадскія сімвалы ў выглядзе скульптур, ці плакатаў адсутнічаюць, увогуле няма ніякіх згадак пра нашыя даўнія карані. Затое ёсць Ленін на галоўнай плошчы. Сімвал таго, у якім часе насамрэч затрымаўся наш каралеўскі горад, дзе калісьці праходзілі балі, якія грымелі на ўсю Рэч Паспалітую, дзе жылі князі, дзе нават у 30-я гады мінулага стагоддзя было больш кавярняў, чым зараз.  

 А святы Губерт мог бы стаць сапраўдным турыстычным брэндам. Як красналюдкі ў Вроцлаве. І няважна, што ў дварах абшарпаныя сцены і нешта ў эканоміцы не так. Людзі жывуць тут і цяпер і ў канкрэтных абставінах. Праблемы з часам вырашаюцца, атмасфера застаецца.

  Менавіта тое самае інтуітыўнае адчуванне, нейкае амаль незаўважнае пачуццё, з-за якога хочацца сюды заўсёды вяртацца.

  Ці ёсць у нас такі горад? Ці ёсць у нас горад святога Губерта?


Віка Майская, www.t-styl.info