Гомель: правяраюць, ці не трапіў хто са студэнтаў на святкаванне Дня Волі ў Мінску

Выкладчыкам — куратарам груп Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны раніцай 25 сакавіка было загадана праверыць наяўнасць усіх студэнтаў у групах і высветліць, ці не ездзіў хто 24 сакавіка на святкаванне Дня Волі ў Мінску, і ці не прагульвае сёння з-за гэтага заняткі. Пра гэта распавёў адзін з выкладчыкаў.



studentyaudytoryja1.jpg

Ён падкрэсліў, што загад звязаны менавіта са святкаваннем Дня Волі. Таксама выкладчыкаў прасілі даведацца, ці не трапіў хто са студэнтаў пад затрыманне ў Мінску (нагадаем, 24 сакавіка на святкаванні Дня волі былі затрыманы восем чалавек).

У Гомелі Дзень Волі дэмакратычная супольнасць святкуе 25 сакавіка. Тут адбудзецца шэраг мерапрыемстваў — размяшчэнне на магіле дзеяча беларускага нацыянальнага руху Цімоха Вострыкава памятнай шыльды на беларускай мове, ускладанне кветак да месца, дзе жыла дзяячка БНР Палута Бадунова. Таксама плануецца правядзенне публічнай лекцыі па гісторыі беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя, выступ Андруся Мельнікава — вядомага гомельскага барда.

spring96.org