Хімічная зброя пад Мазыром і Пружанамі і Генерал Газ з-пад Асіповіч

Выпрабаванні хімічнай зброі ў Беларусі праводзіліся рэгулярна. А адзін з распрацоўшчыкаў сумнавядомага газу «Навічок» Анатоль Кунцэвіч — родам са Свіслачы і ніколі не забываўся пра сваю малую радзіму, піша "Радыё Свабода".

6650ab59_db47_4538_8bae_f7ebd00807d0_w1023_r1_s.jpg


4 сакавіка невялікі брытанскі горад Солсберы «праславіўся» на ўвесь свет. На адной з яго вуліц разам з дачкой быў атручаны былы расейскі выведнік Сяргей Скрыпаль.

Брытанскія спецслужбы ўжо праз некалькі дзён высветлілі, што перабежчыка (Скрыпаль яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадах перайшоў на бок Вялікабрытаніі, за што быў асуджаны ў Расіі, а пазней абменены на некалькі расейскіх агентаў, схопленых у ЗША) атруцілі распрацаваным у апошнія гады існавання СССР нервова-паралітычным газам «Навічок».

Усчаўся вялікі міжнародны скандал. Па-першае, праз тое, што небяспечная зброя савецкай альбо расійскай вытворчасці была выкарыстаная на тэрыторыі Вялікабрытаніі. Па-другое, ніякіх афіцыйных запасаў «Навічка» існаваць не можа. Згодна з міжнароднымі дамовамі, усе запасы гэтага небяспечнага рэчыва павінны былі быць даўно знішчаныя.

Пасля здарэння ў Солсберы з’явілася мноства версій таго, адкуль і як «Навічок» мог трапіць на тэрыторыю Вялікабрытаніі. Не абышлося і без згадак пра Беларусь.


Генерал Газ з-пад Асіповіч

Выпрабаванні нервова-паралітычнага газу «Навічок» былі скончаныя ўсяго за два гады да развалу СССР. У 1989 годзе на палігоне Нукус ва Узбекістане адбыліся апошнія тэставыя стрэльбы, пасля чаго боепрыпасамі з новым газам пачалі ўзбройваць ракетныя часткі з ракетамі сярэдняга і далёкага радыусу дзеяння.

Расійскі хімік Віл Мірзаянаў у канцы 1980-х удзельнічаў у распрацоўцы хімічнай зброі. Паводле яго, «Навічок» мог знаходзіцца і на тэрыторыі Беларусі («на паўночным захадзе»). Хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе Гродзенская вобласць. Аднак Беларусь звязаная з савецкай хімічнай зброяй не толькі гэтым.

Яшчэ адным «бацькам» савецкай, а потым і расійскай хімічнай зброі быў ураджэнец беларускай Свіслачы (Асіповіцкі раён) Анатоль Кунцэвіч. Кунцэвіч нарадзіўся ў 1934 годзе, у 1959-м скончыў маскоўскую Вайсковую акадэмію хімабароны, у распрацоўцы хімічнай зброі браў удзел з 1972 года. З 1984-га і да самага канца існавання СССР займаў пасаду намесніка кіраўніка хімічных войскаў Мінабароны СССР, затым узначальваў Камітэт праблемаў хімічнай зброі пры прэзідэнце Расіі.

Пры гэтым Кунцэвіч быў не проста вайскоўцам, ён актыўна займаўся навуковымі распрацоўкамі, з’яўляецца аўтарам больш як 280 толькі афіцыйных навуковых публікацый у галіне распрацоўкі хімічнай зброі, за што нават атрымаў мянушку «Генерал Газ».

У 1995 годзе ЗША западозрылі Кунцэвіча ў незаконнай дзейнасці, звязанай з вырабам і распрацоўкай хімічнай зброі. Тады ж беларусу ў Расіі прад’явілі афіцыйныя абвінавачванні ў яе кантрабандзе.

Лічыцца, што ў апошнія гады жыцця Анатоль Кунцэвіч працаваў у Сірыі (улады гэтай краіны прымянілі хімічную зброю супраць паўстанцаў і мірных жыхароў ужо пасля яго смерці) і памёр у самалёце па дарозе з Алепа ў Маскву ў 2002 годзе. Афіцыйнай прычынай смерці Кунцэвіча назвалі інфаркт. Неафіцыйна ў ягонай смерці вінавацілі ізраільскія спецслужбы, якія маглі быць незадаволеныя кантактамі хіміка з уладамі Сырыі.

 

Вайсковыя вучэнні ў расійскай школе. Ілюстрацыйнае фота.

Вайсковыя вучэнні ў расійскай школе. Ілюстрацыйнае фота.

 З Беларуссю Кунцэвіч не губляў сувязі да канца жыцця, перыядычна бываў у роднай Свіслачы і нават рабіў падарункі школе, дзе некалі вучыўся.

«Зразумела, мы ведаем пра нашага земляка, — расказвае “Радыё Свабода” куратар школьнага музэю ў Свіслачы Аляксандар Лаўрэньчыкаў. — Кунцэвіч раней часта бываў тут. Заходзіў у школу нашу, у музеі ёсць копіі яго дыпломаў, ягоныя кнігі. Нават свой мундзір нам прывёз. Усё захоўваем».

Пахаваны Кунцэвіч у Маскве, у Асіповіцкім раёне дагэтуль жывуць яго родныя. 

«Выпрабаванні хімічнай зброі ў Беларусі праводзіліся рэгулярна»

У часы СССР тэрыторыя Беларусі належала да Беларускай вайсковай акругі, тут размяшчаліся так званыя «часткі прыкрыцця» для савецкіх войскаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі ГДР і Польшчы. У іх арсеналах трымалі і хімічную зброю.

«У савецкі час на тэрыторыі Беларусі былі запасы хімічнай зброі як мінімум у выглядзе артылерыйскіх снарадаў калібру 122-152 мм, — расказвае эксперт у галіне ўзбраенняў Аляксандр Алесін. — Я пра гэта ведаю дакладна, таму што мой таварыш па працы, артылерыст, пасля ВНУ служыў у адной з частак лейтэнантам і прымаў удзел у вучэбных стрэльбах з выкарыстаннем такіх снарадаў. Яны прымалі меры бяспекі, мелі адгазнікі, касцюмы хімічнай абароны. Стралялі, верагодна, на адным з палігонаў поўдня краіны, на Палессі. Улічвалі ружу вятроў пры гэтым».

Да інфармацыі аб магчымым размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі снарадаў і боегаловак з «Навічком» Аляксандр Алесін ставіцца скептычна. Паводле эксперта, гэтае рэчыва было распрацаванае ў апошнія гады існавання СССР, і яго не паспелі прыняць на ўзбраенне.

«Высокапастаўленыя вайскоўцы савецкай эпохі гавораць, што вытворчасць гэтага газу ў прамысловых маштабах не была разгорнутая, — кажа Алесін. — Формула была атрыманая, невялікія аб’ёмы рэчыва сінтэзавалі, аднак гэта не было маштабнай вытворчасцю. Я вам магу сказаць толькі гэта. Але ў Беларусі былі ракетныя комплексы Р-17. Яны ўзбройваліся не толькі ядзернымі боегалоўкамі, але і хімічнымі боепрыпасамі. Таму можна меркаваць, што такая зброя на нашай тэрыторыі размяшчалася, хоць інфармацыі пра яе не было. Гэта сакрэтныя рэчы».

На думку эксперта, калі хімічная зброя была на тэрыторыі Беларусі, яе вывезлі разам з ядзернай у пачатку 90-х.

 «Тады за вывадам такой зброі з Беларусі сачылі эксперты з ЗША, — расказвае Алесін. — Як афіцыйныя, так і неафіцыйныя, так скажам. Таму малаверагодна, што нешта магло застацца».

 

Сірыйскі хлопчык у шпіталі пасля хімічнай атакі ва Усходняй Гуце, студзень 2018 года.

Сірыйскі хлопчык у шпіталі пасля хімічнай атакі ва Усходняй Гуце, студзень 2018 года.

«Запасаў хімічнай зброі ў Беларусі няма і ніколі не было»

Распрацоўка, вытворчасць, захоўванне і прымяненне хімічнай зброі забаронена Канвенцыяй аб забароне хімічнай зброі.

Беларусь стала адной з першых дзяржаў, якая падпісала і ратыфікавала гэты дакумент у 1996 годзе. За выкананнем Канвенцыі сочыць створаная ў 1997 годзе Арганізацыя ў пытаннях забароны хімічнай зброі (АЗХЗ) са штаб-кватэрай у Гаазе. Канвенцыю падпісалі амаль усе дзяржавы свету. Сярод тых, хто адмаўляецца гэта рабіць, КНДР, Сырыя, Самалі, Паўднёвы Судан і некаторыя іншыя краіны.

«Нашая краіна не мае і ніколі не мела запасаў хімічнай зброі і аб’ектаў для яе вытворчасці», — гаворыцца ў артыкуле пра дзейнасць АЗХЗ, размешчаным на сайце беларускага МЗС.

У той жа час у Беларусі знаходзіцца чатыры прадпрыемствы, да якіх Арганізацыя ў пытаннях забароны хімічнай зброі перыядычна праяўляе цікавасць. Гэта «Гродна Азот», наваполацкі «Палімір», «Магілёўхімвалакно» і лідская «Лакафарба». Іх дзейнасць правяраюць міжнародныя камісіі. Акрамя гэтага, Беларусь штогод падае справаздачу ў АЗХЗ са звесткамі аб сваёй хімічнай прамысловасці, экспарце і імпарце рэчываў.

Тым не менш у еўрапейскіх СМІ з’яўляюцца публікацыі аб магчымым захоўванні хімічнай зброі беларускай арміяй. У 2004 годзе артыкул пра гэта надрукаваў польскі штотыднёвік “Wprost”. Яго аўтары са спасылкай на беларускіх журналістаў сцвярджалі, што ў ваколіцах Старых Дарог былі зафіксаваныя падазроныя аўтацыстэрны, у якіх магла знаходзіцца хімічная зброя. Больш канкрэтнай інфармацыі ў артыкуле не прыводзілася.

Эксперт Аляксандр Алесін ставіцца да такіх паведамленняў скептычна.

«Я думаю, у захоўванні хімічнай зброі на тэрыторыі Беларусі няма сэнсу, мы б не атрымалі вялікіх вайсковых пераваг дзякуючы гэтаму, — мяркуе эксперт. — А іміджавыя страты былі б каласальнымі. Беларусь далучылася да ўсіх міжнародных пагадненняў аб непрымяненні хімічных боепрыпасаў, мае абавязанні перад сусветнай супольнасцю. Магчымыя іміджавыя страты непараўнальныя з той ваеннай выгадай, якую тэарэтычна можа даць валоданне хімічнай зброяй».

 www.svaboda.org