Гэта не жарт. Ніне Багінскай забаранілі наведваць казіно і гуляць у азартныя гульні
75-гадовай Ніне Багінскай забаранілі выязджаць з Беларусі, наведваць казіно, а таксама гуляць у азартныя гульні, паведамляюць праваабаронцы.
У судзе Першамайскага раёна Мінска адбыўся яшчэ адзін працэс у дачыненні да 75-гадовай актывісткі Ніны Багінскай па пытаннях забеспячэння выканання выканаўчага дакумента. У красавіку ёй прызначылі 1600 рублёў штрафу за тое, што яна выйшла са сцягам у цэнтр Мінска на Дзень Волі.
Штраф Багінская аплочваць не стала, таму ў дачыненні да яе былі накладзеныя абмежаванні — 8 жніўня намесніца старшыні аддзела
прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінска Саранчук забараніла Багінскай
паляваць, кіраваць машынай і маламернымі судамі, а аператарам сувязі
прадастаўляць актывістцы паслугі інтэрнэта, мабільнай сувязі і тэлебачання.
Але гэтага падалося мала, таму аддзел прымусовага выканання
Першамайскага раёна Мінска звярнуўся ў суд. У выніку суддзя Вольга Чарніковіч
забараніла актывістцы выязджаць з Беларусі, наведваць ігральныя ўстановы, а
таксама гуляць у азартныя гульні.